Трывожнае шчасце, частка 2
Цераз мост прайшоў грузавік і, збочыўшы ў кусты, спыніўся. З кузава выскачылі чырвонаармейцы, панеслі да моста скрыню, замітусіліся.«Узарваць мост хочуць»,— зразумеў Данік і пачаў з дзіцячай цікаўнасцю і нецярплівасцю чакаць выбуху, разважаючы, ці можа даляцець асколак да яго, аднак не думаючы пакідаць свой назіральны пункт на грушы. Раптам за мостам застракатала, і з-за павароту шашы выскачылі матацыклісты. Данік зразумеў, што гэта немцы, толькі тады, калі двое першых, якія амаль дасягнулі ўжо моста, неяк дзіўна кульнуліся, а адзін матацыкл па насыпе скаціўся ў рэчку і там, на мелі, прадаўжалі круціцца яго колы, ганяючы кругамі ваду. Данік куляй зляцеў з грушы, крыкнуў у сховішча:— Немцы! — і зноў на грушу.Ён пачуў, як ускрыкнула Саша. З дзіцем на руках яна кінулася да выхаду.Поля і суседка ўчапіліся за яе і не пускалі. Заплакалі дзеці.— Куды ты цяпер уцячэш? Куды ты пабяжыш? Хочаш, каб застрэлілі?Ці то само гэтае страшнае слова, ці частыя стрэлы, якія пачуліся цяпер даволі выразна, прымусілі Сашу змяніць свой намер: яна зноў забілася ў куток. Калоцячыся ўсім целам, прыціснулася да вільготнай зямлі. Яна бачыла перад сабой іх, немцаў. Перад яе вачамі зноў, як неаднойчы ўжо, стаў той, што вёў іх на расстрэл. У яе памяцьурэзалася кожная рыса яго твару. Малады, нават прыгожы, з ветлівай усмешкай... Цяпер, калі яна ведае, штоён вёў іх на расстрэл, ад гэтай усмешкі ледзянее кроў... Як ён можа так усміхацца! А за ім стаіць той, другі, што сказаў: «Курт, айн зойглінг канет ду ніхт эршысен...» Цяпер Саша дакладна ведае переклад гэтых слоў: «Курт, дзіця можаш не страляць». I вось ён зноў стаіць, ён зноў вымаўляе гэтыя страшныя словы, паказвае пальцам на Ленку і хавае свой твар... Сашы страшна, але ёй вельмі хочацца ўбачыць яго твар... Яна напружана ўглядаецца перад сабой. Яе хвораму ўяўленню здаецца, што твар яго нечалавечы, пачварны, аброс дзікай шчэццю... У часе кароткіх прыступаў гэтай незвычайнай хваробы, якяя цягнецца амаль месяц, перад ёй ніколі не з"яўляўся трэці немец — той, што выйшаў з лесу першы і што пабялеў, калі «гер лейтэнант» загадаў расстраляць іх... Гэтага яна ўспамінала тады, калі ў галаве было ясна ці калі расказвала камунебудзь аб жудасным здарэнні ў лесе. Тады ўспаміналася ўсё да драбніц. Толькі твару таго, што сказаў: «Дзіця можаш не страляць», Саша ніколі не магла ўспомніць, таму ў часе прыступаў ён стаяў перад ёй безаблічны і здаваўся вельмі страшным. Вось і цяпер ёй здалося, што яго нечалавечая, кашлатая рука цягнецца да Ленкі. Саша заплюшчыла вочы і закрычала:— Во ён! Ратуйце Ленку! Поля!.. Данік! Поля абняла яе.— Саша, родная мая! — шаптала яна.— Нікога няма. Адны мы тут.. . Паглядзі... Маня, дзеці яе. Там — Данік... Данік! — гучна паклікала яна.Але ў адказ пачула яшчэ больш частую і, здалося, больш блізкую страляніну. Старэйшая сястра, якая дзесяць год была ім, малодшым, за маці, адышла ад Сашы і высунула галаву са сховішча, шукаючы брата.— Вось жа задам я гэтаму хлопцу! Лезе пад самыя кулі! Даніла! Зараз жа ідзі сюды!Але хлопца нідзе не было, дарэмна яна клікала. Даніла ў гэты момант штосілы бег уздоўж ручая да моста, дзе грымеў бой. З вышыні ён убачыў, што другая група матацыклістаў выехала па лясной дарозе на заходні канец вёскі, да пясчанага броду. Ён убачыў, як яны пачалі перацягваць цераз рэчку свае матацыклы, і адразу зразумеў іх намер: зайсці ў тыл групе байцоў, што вядзе бой каля моста. Доўга не думаючы, ён памчаў, каб папярэдзіць іх.