Трывожнае шчасце, частка 2

— звярнуўся ён да яе.Саша кіўнула галавой. Але першае баявое задание не ўзрадавала яе, бо здалося дробязным: вялікая справа пашыць чатыры сцягі!Хлопцы сур"ёзна абмяркоўвалі, дзе ўзяць тканіну на сцягі, як лепш іх вывесіць, каму пісаць лістоўкі. А Сашы здавалася, што робяць яны гэта знарок, каб не гаварыць пры ёй пра больш важныя справы. Данік прапанаваў у дзень свята спаліць мост на шашы — той самы, які ўзарваў Алёша Кошалеў і які акупанты нядаўна аднавілі. Прапановы яго чамусьці не прынялі. I Саша зноў падумала, што не прынялі таму, што прысутнічае яна, слабая жанчына, якая быццам пашкадавала здрадніка.Толькі сёмага лістапада Саша зразумела значэнне сцягоў, якія яна ўпотайкі пашыла і перадала Даніку.Раніцой, калі яны з Поляй пачалі паліць у печы, да іх прыбегла суседка Аксана, узрушаная, трохі спалоханая, але ўзрадаваная.Яна нават забылася павітацца, а з парога таямніча зашептала:— Бачылі? Сцягі! Нашы! — Вочы яе гарэлі.Яны выйшлі на вуліцу. Напярэдадні выпаў снег. Першая ваенная зіма ўсюды лягла вельмі рана. Уначы прыціснуў мароз, неба ачысцілася ад хмар і было глыбокае, яснае, як быццам старанна вымытае. Снег зусім па-зімоваму рыпеў пад нагамі. З комінаў у празрысты блакіт падымаліся белыя слупы дыму. Але не гэтае хараство прыцягвала ўвагу людзей. Вялікі чырвоны сцяг над школай— вось што выводзіла з хат старых і малых. Сцяг ледзь трапятаўся, палымнеў і на фоне блакіту, над цёмнай сцяной лесу здаваўся агромністым, як зара,— на паўнеба. Сэрца ў Сашы адразу напоўнілася ўрачыстасцю: прыйшло свята, суровае, падпольнае, але такое, якога нікому і ніколі не знішчыць, не згасіць, якое заўсёды, у любых умовах, будзе палымнець вось такімі сцягамі. Гэта не проста сцягі, гэта — кроў тых, хто аддаў жыццё за гэтае свята, гэта сэрцы — яе, Данікава, Толева, Цішкава, невядомага ёй Старога — палымнеюць там, над дахамі школы, сельсавета, клуба. Ад такога адчування стала радасна.Саша прайшлася па вуліцы. Усе глядзелі на сцягі, як на нейкую знамянальную з"яву. Смялейшыя стаялі на вуліцы, нават збіраліся групамі, больш асцярожныя — у сваіх дварах. Але нават у рухах і словах людзей адчуваўся святочны настрой.Цішка Матыль павітаўся і ціха павіншаваў:— Са святам, Саша!А праз колькі двароў яе гэтак жа ціха павіншаваў аднаногідзядзька Раман:— Са святам, хросніца!— Вас таксама, хросны! Саша прыпынілася каля яго.— Малайцы хлопцы! — кіўнуў ён на будынак сельсавета.— Якія хлопцы? — здзівілася яна, устрывожаная.— Што сцягі павесілі. Каб я ведаў, хто гэта зрабіў, я пацалаваў бы іх, галубкоў шызых...Сцягі доўга ніхто не здымаў — ні паліцаі, ні стараста. Потым Саша даведалася, што каля кожнага з іх хлопцы прымацавалі дошчачку з надпісам: «Замініравана». Толькі ў другой палавіне дня прыехаў ваенны камендант з атрадам жандараў і паліцаяў. Камендант загадаў пасадзіць пад арышт мясцовых паліцэйскіх, выцяў бізуном старасту і скінуў яго з пасады. Потым сабраў самых старых мужчын і пачаў расказваць ім, якая моцная нямецкая армія і якая слабая савецкая, радасным крыкам паведаміў, што нямецкія часці ўступілі ў Маскву, а ў заключэнне пагразіў:— Калі ў вашай вёсцы будзе яшчэ хаця б адзін бандыцкі выпад супраць новага парадку, я павешу вас.— Ён абвёў позіркам групу панурых барадатых людзей, падумаў і дадаў: — Не, я павешу не вас. Я павешу кожнага другога ва ўзросце ад пятнаццаці да трыццаці год. Майце на ўвазе гэта і перадайце ўсім!