Трывожнае шчасце, частка 2

Такім чынам, акупацыйныя ўлады мелі пэўны ўплыў на форму ўзаемаадносін паміж людзьмі. Змест жа жыцця, яго пульс вызначаўся іншым — настроем народа. А настрой быў усюды аднолькавы: нянавісць да прышэльцаў. Народ, які ведаў волю, шчасце, не мог ні на хвіліну схіліць галавы перад захопнікамі. Народ змагаўся.Барацьба гэтая таксама пачыналася па-рознаму. У адных мясцінах сілы супраціўлення выяўлялі сябе ў першыя ж дні акупацыі, стыхійна і бурна. У другіх — яны раслі паступова, па распрацаванаму партыяй плану, і, дасягнуўшы патрэбнай магутнасці, наносілі ворагу цяжкія ўдары. Так было з партызанскімі злучэннямі, што выраслі з невялікіх атрадаў і груп камуністаў. Але ў многіх вёсках і гарадах у першыя месяцы акупацыі групы патрыётаў вял і ўпартае, глыбока падпольнае, самаахвярнае змаганне з фашыстамі, не ведаючы аб існаванні партыйных цэнтраў ці не знаходзячы з імі сувязі, пакуль цэнтры не знаходзілі іх. Пераважна гэта была моладзь, выхаванцы камсамола — «маладагвардзейцы» нашай зямлі. Юнакі і дзяўчаты выконвалі свой абавязак перад Радзімай гэтак жа, як іх бацькі і браты, як вучылі іх школа, камсамол, літаратура і кіно. Шмат было стыхійнага ў іх дзеяннях і ўчынках. Але колькі было непаўторнага гераізму! Многія з гэтых герояў загінулі. Другія асталіся невядомымі — сціплыя людзі, яны не гаварылі пра сябе. А потым прайшлі гады, многае забылася...Саша жыла як у тумане ці ў цяжкім сне: дзе канец гэтай невядомасці, бераг, да якога трэба ісці? Дзе фронт, нашы? Дзе Пеця? Што робяць астатнія людзі тут, у акупацыі? Няўжо ўсюды такоежыццё, калі ніхто нічога не ведае, калі людзі дбаюць толькі аб тым, як пражыць далей?Фронт аддаліўся. Нямецкія вайсковыя часці адышлі і нібы панеслі з сабой той страх, у якім жыла Саша да іх прыходу і потым некалькі дзён пасля забойства дзеда Андрэя. Стала ціха і пуста. Але ад цішыні гэтай не стала лягчэй.Саша капае бульбу, не сваю — чужую. Час ад часу бульбіны пачынаюць варушыцца ў зямлі, як жывыя, падвойваецца дужка кошыка, цяжэе ў руках капаніца. Саша садзіцца ў разору. Гойдаецца зямля, плыве некуды ўбок сасняк, што пачынаецца ў канцы загона. Але не гэтая хвілінная слабасць палохае. Страшна ад таго, што бываюць моманты, калі здаецца неверагодным, нерэальным тое шчасце, якое было нядаўна. Хіба можна паверыць, што ў яе, вось такой — у даматканай світцы, з парэпанымі пальцамі,— магло быць столькі шчасця і радасці? Яна сама не верыць у тыя месячный ночы, калі яны хадзілі з Пятром па полі. Нерэальнымі здаюцца амбулаторыя, пакой у Анінай хаце, дзе стаяў яе маленькі ложак, на якім, аднак, ім з Пецем ніколі не было цесна... Усё гэта — як у сне... Пра што яны гаварылі з Пятром у тыя ночы? Пра ўсё... Пра Чарнышэўскага, напрыклад, пра Веру Паўлаўну... Божа мой! Няўжо сапраўды яны вялі такія размовы? Няўжо было жаданне гаварыць пра кнігі, пра кіно? Якое ж гэта было казачнае жыццё! Цяпер няма кніг, няма з кім пагутарыць пра іх, успомніць мінулае. Быў Данік, брат, з якім можна было б часам прыгадаць і кнігі і кіно... Але і брата цяпер няма ў яе, няма, хоць і жывуць яны ў адной хаце. Як нечакана ўсё рушылася, развалілася. Каб не дачка, не маленькая Ленка, не было б сэнсу і жыць... Клопат пра яе, пра дачку, каб накарміць малую і самой не памерці з голаду, прымушае Сашу капаць чужую бульбу. Як наймічка... Не ў багацці яна жыла, без маці вырасла, здаралася, што часам і раней, да тэхнікума, рабіла ў людзей, але каб адчуваць сябе наймічкай — такога і ў сне ніколі не было. Ды хіба такое магло з"явіцца тады, калі яна была гаспадыняй свайго лесу?