Трывожнае шчасце, частка 2
цяпер чакаюць недзе там, за вёскай, каля старога млына. Данік доўга, нешта з месяц, раіўся з хлопцамі. Мабыць, ім нялёгка было вырашыць такое пытанне. Не адразу яны прыйшлі да згоды — Саша разумела гэта і не крыўдавала. Яна старэйшая за іх, у яе дзіця...Успомніла Ленку — і думкі пайшлі ў іншым кірунку. Навошта яна ідзе туды? Што яна будзе рабіць? Невядома, хто там, у іх групе. Даніла і дагэтуль не сказаў. Калі там усе такія, як ён, то якая гэта арганізацыя? Што могуць зрабіць гэтыя дзеці? Забілі Кузьму? Гэта смелы ўчынак, безумоўна. Ён прымусіў задумацца многіх, хто служыў ці мае намер пайсці на службу да акупантаў. Але ці заклікаў ён каго да барацьбы? Яны ратавалі яе, Сашу. Але маглі вельмі проста загінуць самі. Яна ўспомніла, як пасля пахавання Кузьмы да іх у хату прыйшла цётка Хадоска. Высокая і ссутуленая заўсёды, яна за той дзень зусім згорбілася, а яе маршчыністы, загрубелы ад вятроў, спякоты і маразоў твар як бы абвугліўся. Саша ўбачыла яе і жахнулася. Цётка абапіралася на тоўсты бярозавы кій (дагэтуль ніхто яе з кіем не бачыў), і рукі яе калаціліся. Яна не села, хоць Поля і запрасіла яе. Яна стала каля парога і ўтаропіла на Сашу свае чырвоныя ад слёз, але сухія вочы, у якіх адбівалася нечалавечая пакута.— Ну, Сашачка, пахавалі мы твайго брата,— сказала яна ціха і журботна.— А ты не прыйшла...Сашы здалося, што кашчавая, чорная, з парэпанымі пальцамі рука, якая сціскала кій і з якой яна, Саша, не зводзіла позірку, раптам нябачна сціснула яе горла. Саша задыхнулася. Яна любіла цётку, і ёй было вельмі шкада яе. Але пасля яе слоў перажыла амаль такі ж прыступ страху, як пасля здарэння ў лесе. Калі яна ратавала партызана, то не думала пра небяспеку, усё выйшла неяк само сабой, па закліку сэрца. А тут яна адразу падумала пра Ленку і невядома чаму схапіла яе, сонную, з калыскі.«Ваш сын пайшоў супраць сваіх людзей, і людзі пакаралі яго»,— хацелася сказаць, каб прымусіць цётку змоўкнуць і не глядзець так страшна. Але Саша разумела, што словы такія яшчэ больш раняць матчына сэрца, і, шкадуючы старую, хавалася ад яе вачэй, як умела.— Вось і ў цябе дачка расце,— паківала галавой старая,— і ніхто не ведае, што яе чакае!Саша, уздрыгнуўшы, адвярнулася, каб загарадзіць ад Хадоскі дачку.«Калі яна зачэпіць Ленку яшчэ, я скажу ёй... Няхай яна не лье слёз па сыну-здрадніку. Трэба было раней думаць і ўгаворваць Кузьму, каб кінуў паліцыю... Я ўсё скажу...» — вырашыла Саша.Але цётка Хадоска больш не зачапіла малую. Пастаяўшы яшчэкрыху і адмахнуўшыся ад Полі, якая са слязамі гаварыла нейкія недарэчныя словы ўцехі і запрашала сесці, яна сказала да Сашы сурова:— Маўчыш? У вочы не глядзіш? На абаронцаў сваіх спадзяешся? Што ж... абарона ў цябе моцная,— і выйшла.Саша і дагэтуль не разумев, чаму ўсё абышлося ціха. У вёсцы ніхто не сказаў ніводнага слова пра тое, што яна выратавала партызана. Напэўна, ніхто і не ведае. Значыцца, маўчаць і Колька Трапаш і цётка Хадоска. Але ці заўсёды яны будуць маўчаць?..Дык ці мае яна права рызыкаваць зноў? Якая з яе падпольшчыца, партызанка! Не! Спыніцца яна не можа! Яе чакаюць там, каб даверыць вялікую тайну. Яна не можа вярнуцца, бо адчувае, што пасля гэтага ўзненавідзіць сябе і яе існаванне, без таго змрочнае, стане чарней, чым гэтая ноч. Там недзе змагаюцца, сцякаюць крывёй, гінуць тысячы людзей, каб выгнаць ворага, каб вярнуць тое шчасце, якое мела і яна, Саша. Там недзе Пятро. Яна верыць, што ён вернецца і з ім вернецца ўсё. Таму яна не можа, не мае права сядзець склаўшы рукі.