Трывожнае шчасце, частка 2
Толькі самы стары і самы юны не паддаліся гэтым чарам — дзядзька Раман і Данік. Яны сядзелі і маўчалі.I сапраўды, забывацца не варта было: вайна вельмі хутка напомніла пра сябе — не паспелі нават праспяваць да канца песню. Яна з"явілася ў вобразе начальніка паліцэйскага атрада — Якіма Гусева.Ён вырас на парозе нечакана, без стуку, без шоргату, як прывід, і засланіў сваёй дужай плячыстай постаццю ўвесь дзвярны праём.Саша ўбачыла яго першая і... анямела. Яна нямала ўжо наслухалася, які гэта хітры, бязлітасны і страшны чалавек. У вёсцы хадзілі чуткі, што ён абрабаваў і забіў не то маці, не то родную сястру і за гэта меў дзесяць год. Немцы вызвалілі яго з турмы і зрабілі забойцу і рабаўніка «панам начальнікам».Забыўшыся на ўсё іншае, Саша сціснула пад сталом калена Лялькевіча, папярэджваючы аб небяспецы. Ён зразу меў, што яна спалохалася, і пагладзіў яе руку, заклікаючы супакоіцца. Але Сашы не верылася, што з"яўленне гэтага чалавека не прынясе няшчасця. А раптам яму ўсё вядома? Што ім рабіць тады?— О , ды тут вяселле! — выгукнуў ён сваім глухім, але моцным голасам.— Хлеб-соль!— Дзякуй, просім да стала,— адразу, па-народнаму проста, натуральна адказала Поля.— Просім! — падтрымалі яе жанчыны.— Калі ласка, пан начальнік! — сказаў Данік і першы вылез з-за стала, даючы месца.Данік адышоў да печы і стаў там. Саша глянула на брата і раптам зразумела, што ён узброены і гатовы да любых нечаканасцей. Гэта неяк адразу супакоіла яе.Начальнік атрада падышоў да стала:— Госць?— Але, пан начальнік, адваяваў,— спакойна кіўнуў Лялькевіч пад стол, на свае ногі.— Вярнуўся да яе.— Ён паклаў на Сашына плячо руку.— Што калеку больш трэба? Дзякуй Богу, што жонка прыняла...— Ведаю,— перапыніў яго Гусеў.— Чуў. Аднак, брат, служба. Мушу праверыць дакументы.Камісар спакойна расшпіліў кішэню гімнасцёркі. Саша зноў убачыла гузік з зоркай і зноў адчула халадок пад сэрцам.Гусеў разглядаў дакументы вельмі ўважліва, нават адну нейкую паперку паглядзеў на святло лямпы. Чытаючы, варушыў губамі і жмурыў адно вока. Вяртаючы дакументы, кінуў Сашы:— Пашанцавала табе. Калі з галавой — будзеце жыць прыпяваючы.Лялькевіч хутка наліў шклянку самагонкі:— Чарку, пан начальнік. За знаёмства.Гусеў паглядзеў на шклянку, як галодны воўк, ажно іскры ў вачах бліснулі (усе ведалі, што п"е ён страшэнна), ад спакусы лізнуў языком тоўстыя сінія губы, але перадужаў сябе і адмовіўся:— Служба, брат.— Не грэбуйце, пан начальнік,— загаманілі адразу бабулі, якія дагэтуль маўчалі, нібы вады ў рот набраўшы, моцна спалоханыя яго прыходам.Ён адрэзаў катэгарычна, нават злосна:— Не магу! — I, павярнуўшыся да дзвярэй, літасціва дазволіў:— Газуйце! Можаце гуляць пазней.Хадзіць па вёсцы дазвалялася да дзевяці вечара.Але хто мог гуляць пасля яго наведвання? Бяседа адразу разладзілася. Першыя са словамі: «Ой, Божачка, засядзеліся мы, не маючы сораму!» — разбегліся суседкі. За імі Хвядос. Асталіся Раман з Ганнай і Аксана.— Вып"ем, Пеця, па апошняй,— уздыхнуў стары.— На злосць супастату.— Ён ледзь прыкметна кіўнуў на акно.— Гад,— з нянавісцю прашаптала Аксана, маючы на ўвазе таго ж, на злосць каму прапаноўваў выпіць Раман.Калі і гэтыя госці развіталіся, Лялькевіч з дапамогай Даніка перабраўся на ложак і ціха паклікаў Сашу:— Аляксандра Фёдараўна! А цяпер успомніце сваю прафесію. Цяжкія ў вас абавязкі. Прабачце.