Трывожнае шчасце, частка 2

Калі Саша пачула пра шпіталь, згасла апошняя іскра гэтай надзеі. У грудзях зрабілася пуста і холадна. I ўсё стала абыякава для яе, нішто яе больш не цікавіла, не магло запаліць.— Значыцца, нашы адступаюць,— ціха і сумна сказала яна.— Чуеш — сціхла?..— Сціхла,— паўтарыў Данік; ён, мабыць, толькі цяпер звярнуў на гэта ўвагу.Прыйшоў нейкі незнаёмы ў цывільным, малады, высокі, інтэлігентна апрануты, і, тыцкаючы пальцам, груба сказаў:— Усім да школы... Ты,— на Даніка,— з лапатай. Ты,— на Полю,— з вядром і анучамі. Мыць... Ты,— ён сустрэў Сашын позірк, поўны нянавісці, і сумеўся.— Яна хворая,— сказала Поля.— I дзіця хворае.Фашысцкі прыслугач грэбліва паморшчыўся і, пакінуўшы Сашу ў спакоі, папярэдзіў:— Не ўздумайце марудзіць! Гэта вам не калгас!— Здраднік,— прашаптала Саша, калі ён выйшаў.Яна ўпершыню ўбачыла здрадніка, і яе вельмі ўразіла, што ён такі малады, інтэлігентны; яна ўяўляла, што здраднікі — нейкія вырадкі, крэціны, пачвары ці старыя барадатыя кулакі.— Халуй! Сволач! — вылаяўся Данік.— Калі з лапатай, каб капаць ім магілы, калі ласка... ахвотна пайду.Поля, баючыся пакідаць Сашу адну, параіла, каб яна пайшла да дзеда Андрэя, у нявесткі якога таксама грудное дзіця.Пра небяспеку і гора многа гавораць тады, калі яны далека і ёсць яшчэ надзея пазбегчы навалы. Кал і ж гора стаіць на парозе, калі небяспека побач і страх завалодаў людзьмі, у такія хвіліны стараюцца гаварыць пра самае звычайнае, простае, але пра тое, што вельмі дарагое. Саша і Аксана, астаўшыся адны, пачалі гаворку пра сваіх маленькіх. Быццам тое, што «ў Ленкі паносік», а «ў Мішкі прарэзаўся першы зубок», было для іх самым галоўным у жыцці ў гэты момант. Яны не ўсведамлялі, што размова аб дзецях узнікла ад тайнага жадання забыцца на ўсё, што адбываецца навокал. Жанчыны як бы хацелі перахітрыць саміх сябе. Але гэта не проста было зрабіць. Чым больш яны гаварылі пра дзяцей, тым больш выразным рабілася адчуванне той небяспекі, што пагражала ім, іх маленькім, усім людзям.Аксана раптам сціхла, насцярожана прыслухалася. У хаце санліва гул і мухі. Каля школы чулася чужая гаворка як напамінак пра гэтую небяспеку. Яшчэ больш суровым напамінкам прагучаў стрэл.Яны ўздрыгнулі.— Я баюся,— прашаптала Аксана.— А помніш, я была самая смелая. Помніш, як мы за раку хадзілі, а хлопцы напалохаць нас хацелі...Саша не помшла, бо не хадзіла ніколі разам з ёй, Аксана была старэйшая, але ківала галавой: усё помню.Маладуха так захапілася расказам пра сваю ўяўную смеласць, што яны не пачулі, як прыйшоў Данік. Саша першая ўбачыла яго ў дзвярах. Ён стаяў, ухапіўшыся за вушак, з белым як палатно тварам, на якім скамянелі ўсе жывыя юнацкія рысы. Ахнуўшы, Саша памкнулася да яго. Першая яе думка была аб Пол і.— Дзеда Андрэя забілі.— Голас хлопца быў ненатуральна гучны і зусім чужы. Саша не пазнала яго, ёй здалося, што гэта сказаў нехта другі, з-за дзвярэй.Аксана заціснула далонямі рот, каб не закрычаць. Потым, без плачу, без слёз, схапілася за грудзі і як бы задыхнулася.— Ім здалося, што ён вельмі старанна капае магілу... спрытней за ўсіх...Саша ўсхліпнула, але сказала сурова і бязлітасна:— Дзеду хацелася пабачыць іх культуру.Данік паглядзеў на яе, быццам не пазнаючы, у роспачы стукнуў кулаком аб вушак, потым упёрся ў гэты вушак ілбом і ледзь чутна застагнаў:— У-у-у...Жыццё ў акупацыі...Па-рознаму яно пачыналася для людзей. I напачатку мела свае асаблівасці, свае адметныя рысы ў гарадах і сёлах. Часткова гэта залежала ад акупантаў. Мэта ў іх была адна, арганізацыя ўлады амаль аднолькавая, і большасць з кіраўнікоў «новага парадку» выконвалі загады «фюрэраў» з дакладнасцю аўтаматаў. Тупыя расісты, чалавека-ненавіснікі пачыналі з тэрору, з масавых забойстваў. Аднак былі і такія, больш разумныя і хітрыя, якія спрабавалі праводзіць палітыку «перніка», заігрывання і дэмагагічных абяцанняў, асабліва ў адносінах сялянства.