Трывожнае шчасце, частка 2
— У нашай вёсцы? — спытала зацікаўленая Саша.— Не, у нашай хаце... У нас.У куце было ўжо цёмна, і яны дрэнна бачылі адно аднаго. Але па руху, які зрабіла Саша — неяк шчыльней прыціснула малую,— Данік зразумеў, што гэта яе моцна здзівіла і ўразіла. Баючыся, каб яна не запярэчыла, хлопец сціснуў яе локаць, зашаптаў горача і хутка:— Твайго Пятра ніхто не бачыў, не ведае тут... Нават і Поля... Камісару зробяць дакументы на Пятра, быццам немцы адпусцілі яго, раненага, з лагера палонных. Ёсць жа такія выпадкі.. .Саша аслупянела. Перш за ўсё сэрца апякла страшная думка, якая ніколі раней не з"яўлялася: што і яе Пеця можа быць у палоне, у адным з гэтых жудасных лагерау, пра якія яна чула. У кашмарных снах, у пакутлівых уяўленнях яна часам бачыла Пецю раненым, сцякаючым крывёю на абмерзлых скалах, у снягах далёкай Поўначы. Але ні разу не бачыла яго ў палоне. Пеця, ласкавы, любы, жыцця-радасны, і фашысцкі палон — не пагаджалася з гэтым яе свядомасць. Не, не, лепш смерць, чым гэта, крычала яе сэрца. Яна не чула далейшых пераконванняў Даніка, які даводзіў:— Ты павінна зразумець, якога чалавека мы ратуем... У нас яму з усіх бакоў добра. Ты — медык, можаш палячыць яго раны. Чалавек хутчэй стане на ногі, чым дзе ў іншым месцы.Адагнаўшы нарэшце думкі аб Пецевым палоне, Саша ўявіла, як чужы, незнаемы чалавек прыедзе ў іх хату і яна мусіць называць яго мужам, Пецем, магчыма, прыйдзецца нават на людзях абняць, пацалаваць, каб не выдаць яго, сябе... I ў гэты ж момант думаць пра Пецю: дзе ён, што з ім? Чужы чалавек Ленку будзе называць сваёй дачкой.Не, гэта немагчыма! Яна можа выканаць любое задание, пайсці на смерць... Але толькі не гэта! Данік — дзіця, не разумев, якая гэта пакута будзе для яе.— Данік, я не магу... — прашаптала яна.— Ты зразумей... Я не ведаю, што з Пецем, а ў гэты час чужы чалавек будзе жыць пад яго імем. Я не здолею так прыкідвацца.Заварушылася, заплакала Ленка.— Спі, мая маленькая, зорачка мая ясная,— загушкала Сашамалую, прымаўляючы па-вясковаму пяшчотна і мнагаслоўна: — Спі, мая ягадка. Нікога не бойся... ты з мамай. Нікому я не дам цябе пакрыўдзіць, сінічку маю ненаглядную.— Значыцца, не можаш? — тузануў яе за локаць Данік, перапыняючы размову з дачкой.— Данік, ты не падумаў, як цяжка будзе ўсім нам... мне... Пашкадуй мяне, Данік, я жывы чалавек,— маліла яна.Ён выпусціў яе локаць:— Я думаў... Мы ўсе думалі. А вось ты... На словах — гераіня. А калі справу трэба рабіць, то перш за ўсё пра сябе думаеш. Лішні раз пахвалявацца баішся... А яшчэ пішчала: чаму маўчым, чаму нічога не робім? Дайце задание... Вось табе задание!..Ён кідаў з кутка гэтыя бязлітасныя словы, як каменні.— Данік, ты зразумей мяне правільна. Я не баюся, Данік!..Але словы яе яшчэ больш узлавалі напорыстага хлопца. Ён сам прапанаваў такі варыянт — прытуліць камісара ў сваёй хаце, цвёрда ўпэўнены, што Саша не толькі не адхіліць яго план, а, наадварот, узрадуецца такому надзвычайнаму заданню. I раптам Саша адмаўляецца. Як жа ён цяпер гляне хлопцам у вочы, што скажа, каб апраўдаць сябе і Сашу? Што падпольшчыкі і партызаны падумаюць пра іх? Яму стала балюча, сорамна і крыўдна за сястру, за яе баязлівасць; ён не прызнаваў ніякіх іншых прычын, акрамя адной: баіцца. I каб яна проста сказала пра гэта, ён мог бы зразумець і дараваць, бо Саша не адна, у яе — дзіця, сам ён, уцягваючы яе ў падпольную барацьбу, ніколі не забываўся на гэта. Але калі яна, як ён лічыў, пачынае выкручвацца, хітраваць, спасылацца на «высокія пачуцці» і прыцягваць да зусім рэальнай справы невядомага яму, Даніку, а таму і нерэальнага «свайго Пецю», гэта яго абурыла.