Трывожнае шчасце, частка 2

— Таварыш камісар!.. Ды я памру, калі трэба!..— Памерці — самае лёгкае на вайне. Каб мы думалі аб смерці, чаго была б варта наша барацьба! Мы думаем аб жыцці, аб шчаслівай будучыні для сваіх блізкіх, для народа. Зразумейце, гарачыя галовы. Мы не адмаўляемся ад такіх стрэлаў, але цяпер наша асноўная задача — збіраць, згуртоўваць сілы для залпаў, для вялікіх залпаў, якія мы зробім неўзабаве па ворагу. Замест таго каб страляць, калі позна ўжо, трэба было падумаць пра Ганну раней. Чаму мы не ўпільнавалі гэтага дарагога нам чалавека, маці? Чаму мы не папярэдзілі?.. Якія партызаны да яе прыходзілі? З якога атрада? Нам павінна быць сорамна, што мы не ведаем. Сорамна і балюча...— Яна не ішла на сувязь,— пачаў апраўдвацца Данік, зразумеўшы, што дакор гэты не аднаму Цішку, але ўсёй арганізацыі.— Мы спрабавалі наладзіць з ёй сувязь яшчэ ўвосень. Сам Стары займаўся. Але яна і яму не паверыла. Яна нікому не верыла. Мы вырашылі, што тады яна выпадкова пякла хлеб партызанам, а потым спалохалася, і больш да яе не падступіцца...— Слаба, значыцца, мы ведаем, што робіцца ў вёсцы. А мы павінны ведаць усё: чым жыве, што думае кожны чалавек. А ці адна толькі Ганна такая? Перадай, Данік, Старому, каб ён памог схаваць яе дзяцей...Саша ўздрыгнула, пачуўшы пра дзяцей. Няўжо немцы могуць крануць дзяцей? Так, яны ўсё могуць. Дагэтуль, слухаючы хлопцаў, яна без страху, разважліва думала пра тое, што з арыштам Ганны могуць выплыць на паверхню асеннія здарэнні — уцёкі партызана з калодзежа, смерць Кузьмы. Яна вырашыла сказаць пра сваю асцярогу Уладзіміру Іванавічу, каб ён на ўсякі выпадак меў на ўвазе. Калі ж успомнілі пра дзяцей, яе апанавала тое цяжкае пачуццё, ад якога яна страшэнна пакутавала, бо цяпер ёй здавалася, што толькі адна яна такая баязлівая, а ўсе іншыя страху не ведаюць. Наіўная жанчына!Яна не разумела, што сіла не ў тым, каб зусім не мець гэтага пачуцця (смерці баяцца ўсе), а ў тым, каб умець перамагаць страх і, перамагаючы яго, сумленна выконваць свой абавязак. Яна не хавала свайго пачуцця ад Даніка, Полі, нават ад чырвонаармейцаў і суседзяў, але цяпер — перад Уладзімірам Іванавічам — яна ніколі не выдасць свайго страху. Ніводным словам, ніводным рухам! Таму і пра апаску сваю вырашыла маўчаць. Але сам камісар усё помніў, усё ўлічваў!— Да здарэння з Кузьмой не дакапаюцца? — спытаўся ён у Даніка.— Не! — упэўнена адказаў хлопец.— Ніхто ж нічога не ведае. Абы маўчала цётка Хадоска. А яна будзе маўчаць! Яна набожная стала, дзень і ноч моліцца... Хіба толькі Старому можа паспавядацца.— Асцярожнасць, таварышы, у падпольнай справе — аснова поспеху. Мы павінны ўсё бачыць і ўсё ўлічваць наперад. I берагчы сваіх людзей. А здраднікі... Гусеў гэты і іншыя... нікуды яны ад нас не дзенуцца, не схаваюцца ад народнага суда. Мы пакараем іх...Ціхан, крыху ўтаймаваны суровасцю і бацькоўскай лагоднасцю Лялькевіча, зноў загарэўся помстай.— Даручыце мне! Таварыш камісар!— Ох, рызыкант! Хочаш, каб змянілі п"яных паліцаяў зондэркамандай? Каму ад гэтага стане лягчэй?— Ніякай рызыкі не будзе! Я падпільную яго дзе-небудзь пад горадам, як ляснічага. Каб і не падумалі на нашу вёску.— Праўда! — раптам падтрымаў Данік.— Дазвольце нам стукнуць гэтага гада. Няхай ведае, як кідаць дзяцей... піць кроў людскую.— Як ляснічага, кажаце? А ці шмат гэта дасць цяпер нашай барацьбе? Я хачу, каб вы заўсёды ставілі сабе такое пытанне. I заўсёды помнілі: мы — не забойцы, мы — суддзі. Мы караем ад імя народа. I народ павінен ведаць, хто і завошта пакараны, а галоўнае — ведаць, кім пакараны. Кожны наш стрэл па ворагу павінен узнімаць новых барацьбітоў, папаўняць нашы рады. Я сказаў вам: Гусеву нашай кары не мінуць. Але я катэгарычна забараняю самавольныя анархічныя дзеянні! Я папярэджваю, што надалей буду сурова караць тых, хто парушае дысцыпліну, законы падполля. Майце на ўвазе гэта! Ясна?