Трывожнае шчасце, частка 2

Калі поўз ад ручая цераз пустку, яго, напэўна, засеклі, бо кулі ціўкалі навокал, ссякалі лазу. Але ён не зважаў. Яго мэта — паўразбураны цагляны хлеў былой дарожнай станцыі, адкуль біў наш кулямёт.Ён дабраўся да гэтага хлява і ўбачыў там трох байцоў. Адзін ляжаў за ручным кулямётам і кароткімі чэргамі страляў за раку, прыгаворваючы:— Што, з"елі, гады?Другі моўчкі набіваў дыскі і падаваў кулямётчыку. Трэці стаяў за цагляным слупам, пільна сачыў за мостам, зрэдку страляў з вінтоўкі і нешта камандаваў. Убачыўшы Даніка, які прапоўз у хлеў праз дзірку ў сцяне, ён здзіўлена спытаў:— Ты што робіш тут?— Дзядзечка, яны перапраўляюцца там,— хлопец паказаў рукой — дзе.— Яны хочуць акружыць вас.— Нічога, хлопчык, нічога,— супакоіў яго баец.— Хутка мы ўсё скончым...— I, уздыхнуўшы, прамовіў прачула: — Эх, таварыш камандзір! На смерць пайшоў! Лажыся, хлопчык! Бі іх, ірадаў, Сцяпан!Кулямёт ударыў доўгай чаргой. I ў гэтую ж хвіліну грымнуў выбух, такі, што Данілу здалося — абвалілася неба. Зыбанулася зямля, а зверху пачало нешта падаць і балюча выцяла хлопца па назе і па плячы. Ен нават не адразу зразумеў, што ўзарвалі мост. Чакаючы ўдараў яшчэ, не ўзнімаў галавы. Але чыесьці дужыя рукі паднялі яго з зямлі. У твар хлопца глядзелі сумныя вочы байца, які страляў з вінтоўкі.— Помні, хлопчык! — ціха і ўрачыста сказаў баец.— Каб узарваць мост, пайшоў на смерць наш камандзір — Аляксей Кошалеў. Запомні гэта прозвішча — Кошалеў! А цяпер асцярожна прабірайся да маці... А мы, таварышы, пакуль дым ды пыл, сіганём на той бок, а там — у лес! За мной! — I ён кінуўся ў пралом сцяны, за ім следам — кулямётчыкі.Даніла перапоўз у лазняк і адтуль убачыў, што асталося ад моста.Палавіна яго была зруйнавана зусім; нават драўляныя палі, вельмі густа набітыя і пераплеценыя паміж сабой падпорамі так, што любімай гульнёй хлапчукоў было лазіць пад мостам, былі патрушчаны выбухам. Па каламутнай вадзе плавалі кавалкі дрэва і бліскала паглушаная рыба. Данік падумаў, што ў іншы час пры такой сітуацыі можна было б добра пажывіцца рыбай. Але цяпер яго ўвагу прыцягвалі немцы на тым баку ракі. Яны туляліся па сасонніку, але высоўвацца баяліся і стралялі рэдка, бо не бачылі, у каго страляць. Толькі калі з другога боку шашы ў хмызняку шуганула ўгору высокае полымя (Данік здагадаўся, што гэта чырвонаармейцы падпалілі свой грузавік), немцы пачалі шалёную страляніну.З-за павароткі шашы вылез танк, спыніўся і ўдарыў у полымя згарматы.«Біце, дурні, у белы свет, як у капейку!» — зларадна падумаў хлопец і спрытна папоўз да вёскі: недарэмна вучылі іх поўзаць па-пластунску. Дабраўшыся да саду дзеда Андрэя — суседа насупраць, ён устаў на ўвесь рост і пайшоў. Яму не хацелася, каб вяскоўцы бачылі, што ён паўзе ці ідзе, схіліўшы галаву, тым больш што страляніна сціхла. У яго нават з"явілася гарэзлівая думка пажартаваць: падкрасціся да сховішча, дзе, ён ведаў, сядзяць дзед-дзівак і яго нявестка Аксана, і гукнуць па-нямецку якое-небудзь «хендэ хох!». Але ён разумеў, што людзям не да жартаў, і пайшоў далей дваром. Адчыніў брамку і... аслупянеў. Па вуліцы ішлі немцы ў касках. Яны ішлі моўчкі ланцугом пасярод вуліцы, накіраваўшы дулы аўтаматаў на двары: баяліся засады. Данік адразу скеміў, што ўцякаць нельга — пачнуць страляць, і астаўся стаяць. Убачыўшы яго, немцы жвава загаманілі, некаторыя нават апусцілі аўтаматы і парушылі свой роўны ланцуг. Адзін, малады, бадзёры, падбег да Даніка, спытаў, паказваючы на двары: