Трывожнае шчасце, частка 2
— Член Ленінскага камсамола...— Уступаючы ў падпольную арганізацыю для барацьбы зфашысцкімі акупантамі і іх паслугачамі, клянуся...I раптам ад Сашы адышло, знікла ўсё знешняе: таямнічасць, якая не спадабалася, рукі хлопцаў, што сціскаюць яе руку, голас невядомага. Словы прысягі ўліваліся ў яе магічнай сілай. Ад гэтага пачынала хутчэй струменіць кроў, часцей білася сэрца, глыбокім і перарывістым стала дыхание. Голас яе мацнеў з кожным словам і дзе-нідзе зрываўся і дрыжаў.— За смерць нашых матак і дзяцей, за іх кроў і слёзы... — Словы гэтыя салёна-горкім камяком сціснулі горла; Саша на момант змоўкла.Хлопцы адчулі, як дрыжыць яе рука. Але раптам голас яе як бы прарваўся праз нейкую цяжкую перашкоду і зазвінеў з новай сілай:— ... я клянуся помсціць праклятым фашыстам бязлітасна, усімі сродкамі падпольнай барацьбы...Яна сказала гэта гучней, чым трэба, і чалавек за саломай панізіў голас. Але Саша не звярнула ўвагі на гэтую акалічнасць, бо падказчыка больш не існавала для яе. Ёй здавалася, што гарачыя і суровыя словы ідуць з глыбіні яе ўлаенага сэрца. На Даніка і Цішку яна таксама забылася. Яна глядзела ў цёмны кут, а бачыла вялікія прасторы роднай зямлі, натоўпы людзей, калоны чырвонаармейцаў... Усяму народу давала яна клятву!— Калі ж я парушу гэтую клятву — здраджу, збаюся, выдам тайну арганізацыі, няхай рука маіх сяброў бязлітасна пакарае мяне...Саша была яшчэ там, у невядомай далечы, дзе ішла барацьба, калі над самым вухам пачула ціхія звычайныя словы:— Добры вечар, Саша.Яна страпянулася. З цемры схіліўся да яе знаёмы твар. Толя Кустар прыветліва ўсміхаўся і працягваў руку. Саша нават не адразу зразу мела, адкуль ён з"явіўся. З Толем яна разам вучылася ў сямігодцы. Але гэта быў «чужак», ён жыў на пасёлку Кустары, які належаў да іншага сельсавета. Пасёлак быў кіламетры за тры ад іх вёскі, за лесам, а таму сустракаліся яны толькі ў школе, і нельга сказаць, каб былі сябрамі.Саша пасля ніколі не цікавілася лесам Толі і іншых аднакласнікаў з пасёлка. Чула неяк краем вуха, што Толя скончыў ФЗУ і працуе недзе ў Мінску электраманцёрам.Зразумеўшы, што гэта ён падказваў ёй словы прысягі, Саша ўзрадавалася: ёсць, значыцца, у арганізацыі больш сталыя людзі! Толя — яе аднагодак, самастойны чалавек, рабочы!Толя моцна сціснуў яе руку і сказаў:— Вось як мы сустрэліся з табой!Ні ён, ні брат, ні Цішка не сказалі ёй больш ні слова пра тое, куды яна ўступіла, што павінна рабіць, як паводзіць сябе. Яна зразумела: усё сказана ў словах клятвы. Яна свяшчэнная, гэтая клятва, і нельга разбаўляць яе звычайнымі словамі. Ды і ўвогуле лішняга тут ніхто не гаварыў.Толя Кустар падсунуў бліжэй свечку, зняў пальцамі, як абцугамі, нагар і ціха сказаў:— Пачнём, таварышы.Данік падсунуўся бліжэй да яго, абхапіў рукамі калені і схіліў галаву, нарыхтаваўшыся слухаць. Цішка не варухнуўся, ён, як і раней, ляжаў на жываце, падпёршы рукамі галаву; далоні закрывалі шчокі, а рудаватыя валасы — лоб, і Саша бачыла адны яго вочы, вялікія, зацянёныя вейкамі, стомленыя, як у дзіцяці, якому хочацца спаць, і сумныя. У Толі, наадварот, вочы былі ясныя, вясёлыя, полымя свечкі, што гарэла каля яго ног, адбівалася ў зрэнках дзіўным, як бы жывым святлом.— Перш за ўсё — пра галоўнае ў нашай дзейнасці...— пачаў Толя крыху афіцыйна і ўрачыста, але тут жа акінуў усіх задаволеным позіркам і, панізіўшы голас, проста паведаміў: — Радасная навіна, хлопцы: Стары ўстанавіў сувязь з партызанамі.