Трывожнае шчасце, частка 2

Саша разумев, што дарэмна яна ўяўляе ўсё гэта ўжо каторы раз за ноч. Калі ўсё добра, склады даўно гараць, а хлопцы вяртаюцца назад, падыходзяць дадому. Лепш заснуць, каб так не перажываць, каб хутчэй дачакацца брата.I раптам — ціхі стук у шыбу з двара. Гэта — ён, Данік. Але стук такі трывожны, такі нецярплівы, што ў Сашы страшэнна закалацілася сэрца: гора. Яна ўміг саскочыла з печы. Гэтак жа хутка падхапіліся Поля і Лялькевіч.Данік уваліўся белым прывідам, страшэнна задыханы, быццам ад самай станцыі бег не спыняючыся.— Што здарылася? — спытаў камісар на парозе, схапіўшы хлопца за рукі.— Ц-ці-шку р-ран-і-лі,— ледзь прамовіў ён і, задыхаючыся, глытаючы словы, пачаў расказваць: — Мы... як п-па плану... п-пад-п-паўзлі... А вартавога няма... Ляжым — няма... Стаім — нічога не чуваць... Мы падклалі міну — і б-бягом... А ён, відаць, спаў, зараза, у зацішку. Нам н-не трэба было бегчы. Мы — дурні. Ён пачуў, як мы пабеглі... прачнуўся. Убачыў, відаць, сляды — і ракету ўгору... Тут і пачалося: і ад моста, і ад станцыі. З кулямётаў як ударылі... Мы да штабялёў ужо дабеглі, дзе Толя чакаў, і тут Цішка войкнуў і ўпаў... Мы яго ў лес прынеслі. А што нам далей рабіць, Уладзімір Іванавіч? Памрэ Цішка,— зусім па-дзіцячы ўсхліпнуў знясілены юнак.Лялькевіч ласкава абняў яго за плечы:— Без"панікі, друг мой. Будзем ратаваць Цішку. Зробім усё, каб выратаваць яго.— А склад гарыць, Уладзімір Іванавіч! — ужо больш бадзёра прамовіў Данік.— Мы толькі за пасёлак зайшлі, а яно як бухне! I як шугане! I цяпер яшчэ гарыць! З прасекі відно было зарава, калі завіруха трохі спала. А потым зноў закруціла...— Куды яго раніла? — спытала Саша, адразу зразумеўшы, што нікому іншаму, а ёй трэба як мага хутчэй бегчы туды. Гэтак жа, як тады, кал і яна працавала фельчарам і калі яе вось так уначы выклікалі да хворага, яна вобмацкам пачала шукаць вопратку, на хаду ўспамінаючы, дзе што ляжыць.Лялькевіч засвяціў газнічку.— Але. Захапіце ўсё, што ў нас ёсць,— сказаў ён, убачыўшы, як імкліва яна збіраецца.Саша камандавала, немнагаслоўна, ціха, але рашуча, патрабавальна, як добры хірург у часе аперацыі:— Поля! Малако — у бутэльку! I вады! Дастаньце вату, у вас пад матрацам,— гэта Лялькевічу.— Данік! На грубцы шпрыц! Ды варушыцеся вы хутчэй! Божа мой! Якія маруды! Лялькевіч таксама пачаў апранацца.— А вы куды? — спытала Саша.— Я — да Старога. Трэба, каб раніцой ён паехаў на кані... У папа знойдзецца прычына паехаць... Ён забярэ Ціхана і завязе за раку, у Рудню... Туды прыйдзе з атрада ўрач. Зробіць аперацыю.— Не трэба вам хадзіць!— ціха, але цвёрда сказала Саша.— Няможна!Лялькевіча і здзівіла і ўзрадавала гэтая ўладнасць яе. Маўклівая ў апошні час і як бы трохі інертная і абыякавая, яна ў напружаную, адказную хвіліну выяўляла ўсю сваю душэўную сілу, мудрасць і асцярожнасць. Ён гэта зразумеў і не стаў пярэчыць. Але хто скажа кавалю? Ён падумаў — яна адказала:— Мы самі скажам! Усё адно трэба ісці ў абход, па Аднабочцы. Не пойдзем жа мы паўз школу, дзе паліцаі. Данік забяжыць і скажа.— Добра,— згадзіўся Лялькевіч, скідаючы кажух і звяртаючыся да Даніка: — Скажаш Аляксею Сафронавічу: завезці ў Рудню, да старасты Мірона. Гэта наш чалавек...Саша была ўжо каля дзвярэй, яна выходзіла імкліва, гэтак жа, як і збіралася, каб не траціць дарэмна ніводнай хвіліны. Лялькевіч пажадаў:— Шчасліва вам.Яна спынілася, быццам штось забыла. Потым гэтак жа імкліва вярнулася назад, ускочыла на ляжанку і пацалавала на печы дачку. Саскочыўшы на падлогу, пагасіла газніцу. На фоне акна Лялькевіч убачыў, як разгубленая, спалоханая Поля хрысціла ўслед брата і сястру.