Трывожнае шчасце, частка 2
На дварэ гуляла завіруха. Толькі адчынілі дзверы — у вочы сыпанула сухім снегам. Вецер звінеў галінамі абмёрзлага клёна, скуголіў і свістаў у шчылінах паркана, у дзіравай страсе хлява. Недзе ў суседа назойліва і непрыемна рыпелі вароты. За шашой глуха стагнаў бор.З маленства Саша слухала і любіла шум блізкага лесу, у бязлесным Заполлі яна сумавала па ім, але цяпер, у глухую ваенную ноч, шум гэты здаўся ёй цяжкім стогнам. Недзе там, сярод лесу, ляжыць ранены баец, таварыш па барацьбе. Хутчэй жа да яго!..Данік схапіў яе за плечы каля брамкі:— Куды ты? Яна не разумела.— Ісці па вуліцы? Што ты! Ты ведаеш, як неспакойна цяпер спяць людзі? Хто-небудзь убачыць. Хадзем гародамі. На,— і ён працягнуў ёй белы настольнік, які невядома калі захапіў з дому,—накрыйся!Вецер біў у твар, зрываў настольнік, напінаючы яго, як ветразь. Ногі глыбока правальваліся ў снезе, і Саша спатыкалася, падала, перапаўзала гурбы каля агароджаў на карачках, не адчуваючы, як снег набіваецца ў рукавы. Яна задыхалася: сэрца распірала грудзі, і ўдары яго, ліхаманкава частыя, балючыя, адчуваліся ва ўсім целе: у скронях, у шыі, у руках.Данік спыняўся, чакаў яе і ўмольна прасіў:— Хутчэй, Саша, хутчэй!Яна не мела сілы вымавіць слова ў адказ. Яе апаноўваў страх, што не здолее дайсці і памагчы Цішку. Чаму яна такая слабая, знясіленая? Вунь Данік ходзіць усю ноч: ішоў да станцыі, поўз да складоў, нёс па снезе раненага таварыша, бег дадому і цяпер ідзе без натугі, снег і вецер яму не перашкода... Няўжо ён намнога дужэйшы за яе? Не, яна таксама дойдзе! Дапаўзе! Яна павінна ратаваць Цішку. Не трэба думаць пра сваю слабасць! Трэба думаць пра яго, пра Цішку.«Ці добра зачынены чамаданчык? Каб не адчыніўся, не рассыпаліся медыкаменты! Сказаць Даніку, каб асцярожна нёс.— Яна памацала пад ватоўкай бутэльку з малаком.— Што гэта? Няма ветру?»Яна падняла галаву і ўбачыла чорную сцяну будыніны.— Пачакай тут,— сказаў Данік, аддаючы ёй чамаданчык, аб якім яна толькі што турбавалася.— Я сам забягу да Старога.Саша схавалася ў зацішку, перавяла дыханне. Сэрца пачало біцца раўней, і яна, супакойваючыся, падумала: вельмі дарэчы ім, падпольшчыкам, што немцы і паліцаі знішчылі ў вёсцы ўсіх сабак; да вайны наўрад ці прайшоў бы гародамі гэтак непрыкметна. I яшчэ падумала, што дарэмна Данік захутваў яе ў настольнік: снег падае зверху, узнімаецца ветрам знізу і ў снежнай каламуці не відно суседняй хаты, не толькі чалавека. Веска спіць. Ніводнага гуку, акрамя свісту ветру і шуму лесу. Цяпер да лесу — рукой падаць; каваль жыве крайні на вуліцы, якая называецца Аднабочкай, хоць даўно ўжо забудавана ў два рады.Данік хутка вярнуўся. Забіраючы ў Сашы чамаданчык, ёнуздыхнуў:— Эх, Цішка, Цішка!— і папрасіў:— Бяжым, Саша! Не адставай!..Цяпер яны сапраўды беглі, і гэта было не так цяжка, як ісці па гародах, бо адразу ж ад хаты каваля яны выйшлі на дарогу, па якой вяскоўцы выязджалі на шашу, абмінаючы школу. Перайшоўшы шашу, яны апынуліся ў вялікай пушчы і па ўезджанай дарозе, па якой немцы вывозілі лес, рушылі ўглыб.Тут, пад стогадовымі соснамі, пад волатамі-дубамі, было зусім зацішна. Толькі вяршаліны дрэў бушавалі: кідаліся адна на адну, біліся, драпаліся голлем, натужліва рыпелі, цяжка стагналі, страсалі на дол шапкі снегу.Данік час ад часу спыняўся, прыслухоўваўся. Саша не разумела, што ён слухае і што ўвогуле можна. пачуць у гэтым бясконцым шуме, ды калі яшчэ да таго ж ад бегу гудзе і стукае ў галаве. Але ні пра што пытацца ёй не хацелася. Яны ішлі моўчкі. Толькі адзін раз брат сказаў: