Трывожнае шчасце, частка 3
Але чаму маўчыць наша пушка? Няўжо я больш не чую стрэлаў? Не, я не аглух. Я чую нават чалавечыя галасы. Нехта схапіў мяне за плечы.— Не круціся ты, маць тваю... Круціцца, як... Снарад заклініла! У мірны час сяржант ні разу не вылаяўся на каго-небудзь з курсантаў (паказваў прыклад культурнасці), а тут крыў самымі адборнымі мацюкамі. Я не адразу зразумеў, што здарылася, што значыць «заклініла», бо пры вучэбных трэніроўках ніколі не было такой затрымкі.— Ключ! Дзе ключ? Ты адказваеш за інструмент!— Які ключ? Ключоў многа.— Ды гэты...Я саскочыў з сядзення і ўбачыў, што здарылася, які ключ патрэбны. Тырчала пятка патрона, заціснутага клінам затвора. Зараджаючы Фама Паўлюк, былы стрэшынскі трактарыст, хлопец на шэсць пудоў вагою, які заўсёды ў сталоўцы прасіў «перайграць», але лічыўся лепшым зараджаючым у дывізіёне, стаяў разгублены, белы як палатно, бездапаможна апусціўшы свае пудовыя кулакі. Астатнія нумары шукалі ключ-экстрактар, каб выцягнуць патрон, і нідзе не маглі знайсці, хоць усе ведалі, у якой скрынцы ён павінен ляжаць.Мне здалося, што гул самалётаў рассеяўся, як бы аддаляецца. Я глянуў у неба і мімаволі прыгнуўся: проста нада мной, у самым зеніце, віселі два чорныя крыжы ў жоўтых кругах. Больш я нічога не ўбачыў — толькі гэтыя агідныя крыжы. Потым позірк мой упаў на агнявую пазіцыю батарэі, уразіла дзіўная рэч: насуперак правілам стральбы ўсе чатыры гарматы павернуты ў розныя бакі, і толькі адна, чацвёртая, вядзе агонь. Я падумаў: значыцца, варожыя самалёты з усіх бакоў, яны не ходзяць баявым курсам і ўсе нашы дакладныя разумныя прыборы, у якія мы так верылі,— непатрэбная рэч, дарэмна там да хрыпаты крычаць прыборшчыкі.Мае думкі перапыніў моцны выбух, ад якога калыхнулася пад нагамі зямля. За ім другі, трэці... Над аэрадромам, над пасёлкам шуганулі ўгору слупы полымя і дыму.Цяпер я бачыў іх, фашысцкія самалёты, нават бачыў, як падаюць бомбы. Фашысты з розных бакоў заходзілі на аэрадром, з якога ўзнімаліся, захопленыя знянацку, нашы знішчальнікі. Адзін з іх вынырнуў проста з выбуху і... загарэўся ў паветры. Другі, не набраўшы вышыні, урэзаўся ў будынак клуба лётчыкаў. На маіх вачах гінулі людзі... Нашы людзі!.. Ашаломлены, аглушаны, я не мог адарваць вачэй ад жудаснай карціны вайны, забыўшыся на нейкі момант на свой уласны страх. Там, у тых самалётах, сядзелі такія ж хлопцы, як я; напэўна, і ў іх ёсць жонкі і нарадзіліся дзеці, якіх яны ўжо ніколі не ўбачаць... Яны не проста забіты, яны, магчыма, гараць жывыя...Знішчальнікі, якім удалося ўзляцець, атакавалі варожых бамбар-дзіроўшчыкаў. Застракаталі кулямёты. Пачаўся паветраны бой. Зноў з"явіліся «месершміты».Полымя шуганула побач з агнявой пазіцыяй, там, дзе на беразе ручая стаяла наша дашчаная сталоўка. Са свістам праляцелі каменні, кавалкі дрэва. У вышыні, у дыме і гары, натужліва зараўлі маторы.«Падае»,— мільганула думка.Не, самалёт не падаў, ён пікіраваў на батарэю. Забумкалі яго пушкі, ударылі буйнакаліберныя кулямёты. Грымнулі выбухі ўжо з другога боку пазіцыі.Я зірнуў угору і зноў убачыў усё тыя ж чорныя крыжы ў жоўтых кругах, нібы яны павіслі тут назаўсёды. Праз гул, выбухі і страляніну мы, аднак, пачулі каманду лейтэнантаКупанава:— Ва ўкрыццё!Першы нырнуў у земляную нішу Паўлюк. Мне нішы не хапіла: пакуль я агледзеўся, усе шчыліны занялі, з кожнай тырчалі ногі ў абмотках. Я ўпаў на зямлю каля гарматы і засунуў галаву пад лафет. Відаць, я не доўга ляжаў гэтак, бо не ўправіўся падумаць што-небудзь істотнае, ці, можа, гэта былі хвіліны такога здранцвення, калі нават думкі не прыходзілі.