Трывожнае шчасце, частка 3
Учора Сеня Пясоцкі сказаў на нарадзе камандзіраў:— Чаму нам не далі пахаваць нашых сяброў? Куды іх павезлі? Існуе вайсковая традыцыя: падраздзяленне само хавае загінуўшых...Сеўчанка ўзлаваўся і накрычаў на Сеню, чаго ён умешваецца куды не трэба — камандаванне ведае, што робіць...А пасля нарады падышоў да дальнамера, сеў на бруствер, сказаў ціха, з болем:— Пясоцкі, не развярэджвай ран у душы. Думай, што не ў аднаго цябе яны баляць. У мяне яны таксама баляць. Не чапай... Што адбылося, тое адбылося. Вайна. Раны трэба гаіць як мага хутчэй.Сеня зразумеў яго душэўны стан і папрасіў прабачэння. Сеўчанка махнуў рукой:— Пры чым тут прабачэнне!I доўга сядзеў моўчкі, углядаючыся перад сабой у прастору.Здавалася, што пасля двухдзённай бамбардзіроўкі ў горадзе не асталося нічога жывога. Але ўначы прайшоў дождж, патушыў пажары, асадзіў пыл і дым... I вось ён, горад, зноў перад намі, скалечаны, але жывы. На станцыі манеўруе паравоз, перацягвае вагоны. У порце паварочвае свой доўгі хобат, быццам нешта вынюхвае, пад"ёмны кран. Па заліве шныраць катэры. На вуліцах, як мурашкі, бегаюць людзі. Многа людзей. Убачыў усё гэта — і лягчэй стала на душы. Адчулася стома. Упершыню за двое сутак захацелася легчы і паспаць, каб толькі яны сёння не прыляцелі!14 жніўняЖанчына на батарэі!Голас яе, пявучы, зусім не вайсковы, нейкі хатні, мірны, даляцеў, быццам з іншага свету, быццам у сне. Байцы пакінулі чысціць пушку і, як буслы, выцягнулі шыі, выглядаючы з катлавана — хто, адкуль?— Ваенфельчар з санчасці,— растлумачыў Фрыд, які заўжды пра ўсё даведваўся першы.— Голас прыемны,— адзначыў Астахаў.— Вунь яна ідзе з камбатам.— А косы, хлопцы, якія! — захапіўся Чарняк.— Глядзіце! Пілотка і косы!.. Прыгожа!— I ў спадніцы! Не ў штанах,— заўважыў Муха.Мне не спадабаліся такая іх цікаўнасць і рэплікі, асабліва Мухавы.— Разгаворчыкі! Рыхтуйце снарады! I не вельмі распускайце языкі!Хлопцы пераглянуліся здзіўлена, перасмыкнулі плячамі.«Што мне да гэтай незнаёмай жанчыны! I ўвогуле ніводная жанчына ў свеце не можа цікавіць мяне!» Так я думаў у тую хвіліну. Але, здаецца, я хітрую сам з сабой, бо калі прызнацца шчыра, дык усё-такі дзяўчына зацікавіла мяне. Калі ўбачыў, што яна абходзіць з санінструктарам разлікі — пабылі на прыборы, на дальнамеры,— то адчуў, што чакаю яе, хвалююся, нават баюся, каб не мінула нашай гарматы. Думаў: «Што мне з таго, што яна наведаецца? Спытае пра здароўе, чаго добрага, пачне праверку на вашывасць, прычэпіцца да чаго-небудзь...» — і ўсё адно чакаў. Сачыў за ёй — куды яна пойдзе?Здарылася так, што ад прыбора яна накіравалася да нас. Я закамандаваў: «Загармату!»Хлопцы выскачылі, як грэшнікі з пекла, пастроіліся, як ніколі, падцягнутыя, пукатагрудыя, з надзьмутымі ад затоеных усмешак тварамі.— Кругом! Смірна! Таварыш...Яна збянтэжылася, пачырванела, замахала рукамі:— Не трэба! Што вы...— Сам радавы,— пажартаваў санінструктар Алёша Спірын, якога мы перахрысцілі ў «Аспірын» і любім за грубаваты гумар і своеасаблівае лекарскае мастацтва — усіх лячыць аднымі лекамі, не зважаючы ні на якія назначэнні і ўказанні ваенурача.— Добрай раніцы вам,— прывіталася яна зусім не па-вайсковаму.Хлопцы не ведалі, як адказаць на такое прывітанне, і адказалі хто як мог. Я ўспомніў пра разлік, што людзі стаяць на «зважай», і, не даючы больш ніякіх каманд, бо перад гэтым мірным стварэннем знікла ўсё вайсковае, энергічна махнуў рукой: разыдзіся!