Трывожнае шчасце, частка 3
А тут так разгубіўся, што ажно неяк па-дзіцячы зашморгаў носам. Я зразумеў, што яму сорамна за сваю слабасць — за каманду: «Ва ўкрыццё!», за батарэю, за нашу ганебную стральбу, і мне стала шкада яго, бо і самому мне было сорамна і прыкра. Добра, што маёр разумны чалавек.— Я пакуль што нікога не вінавачу,— сказаў ён.— Але майце на ўвазе. Зарубіце, як кажуць, на носе. Любы род наземных войск мае права, нават павінен укрывацца ад авіяцыі. Мы, зенітчыкі, не маем гэтага права. Мы можам схавацца ад агнявога налёту артылерыі, але ад самалётаў — ніколі! Добранькая справа, калі б мы, замест таго каб прыкрываць аэрадром, станцыю, свае войскі, залезлі ў шчыліны. Чаго б мы былі варты?! Гэта ўсё адно, каб пяхота схавалася ад штыкавой атакі праціўніка. Запэўняю вас, калі б усе гарматы вялі агонь хаця б так, як чацвёртая, фашысты не адважыліся б лезці на батарэю так нахабна...Мяне ўразіла, што ён гаворыць пра ўсё гэта так проста і разважліва. Уразіла, але не заспакоіла, а яшчэ больш напалохала: ён гаворыць так, быццам нам наканавана праз многія месяцы і гады штодзень бываць пад бомбамі і кулямётным агнём. Няўжо штодзень будзе паўтарацца такое? Колькі ж часу бомбы і кулі будуць пралятаць міма? Сёння яны разбілі сталоўку і ранілі кухара і шафёра. А заўтра? Заняты сваімі думкамі, я дрэнна чуў, што яшчэ гаварыў маёр Ярмілаў.Ды раптам у другой шарэнзе, там, дзе стаяў чацвёрты разлік, нехта пырснуў смехам.Маёр сурова нахмурыўся:— Што за смех? Хто смяяўся? Строй застыў.— Хто смяяўся?— Я! — адгукнуўся зараджаючы чацвёртай гарматы Павел Кныш, здзівіўшы ўсіх: бадай што самы сур"ёзны і стрыманы курсант, старэйшы па гадах за іншых, нават за камандзіра батарэі. Ён, як настаўнік, карыстаўся колькі год адтэрміноўкай ад прызыву ў армію. Што здарылася з ім?— Два крокі ўперад, марш! Кныш выйшаў са строю.— З чаго смяяліся?— Вінаваты, таварыш маёр... Я ўспомніў, што наш сяржант даў каманду: «Газы»... пасля таго, калі вунь там, за пазіцыяй, упала бомба. А цяпер я ўбачыў, што бомба гэтая разнесла, прабачце... прыбіральню.Усе павярнулі галовы туды, дзе стаяла батарэйная прыбіральня, і нечакана... строй грымнуў рогатам. Маёр таксама засмяяўся. Ажно слёзы заблішчалі ў вачах. Выціраючы іх, праз смех сказаў:— Газы? Ах, чортавы дзеці! Але і газы могуць быць!Толькі лейтэнант Купанаў гідліва зморшчыўся. Ды яшчэ адзін чалавек не ўсміхнуўся нават — я. Было не да смеху. Я не разумеў, як можна рагатаць з такога глупства, калі ў твар табе глядзіць смерць.Калі чысцілі гарматы і рыхтавалі новы камплект боепрыпасаў, у мяне нечакана з"явілася думка — пачаць зноў весці дзённік. Некалі да арміі, у тэхнікуме, я акуратна запісваў усе падзеі свайго студэнцкага жыцця. Тут, на батарэі, кінуў — замяніў пісьмамі да Сашы, якія пісаў кожную вольную хвіліну (хоць хвілін такіх было нямнога), кожны святочны дзень, і нават прасіў дазволу ў камандзіра рабіць гэта ў «мёртвую гадзіну», пасля абеду, калі ўся батарэя адпачывала. А цяпер... ці будуць цяпер даходзіць мае пісьмы ў родную далячынь? Ды і не ўсё можна напісаць, цяпер вайна. А мне хочацца, каб Саша, мая Саша, і мая дачка калі-небудзь даведаліся, як я пачаў вайну, з якімі думкамі жыў гэтыя дні... Я веру, што, калі загіну, знойдзецца добрая душа і перашле дзённік Сашы. Дарагі таварыш, калі трапіць у твае рукі мой дзённік, вельмі прашу выканаць мае жаданне, адрас запісаны на многіх старонках гэтага сшытка.