Трывожнае шчасце, частка 3
6 верасняНас пе ракінулі на той бок заліва, на заходні. Шкада было абжытых зямлянак, у якія нашы знаходлівыя сувязісты нават правялі з горада электрычнасць. Утульна нам жылося, цёпла. Муха бурчаў: якая розніца, дзе будзе стаяць батарэя, з якога боку страляць. З ім моўчкі згаджаліся. Але калі адразу ж пасля таго, як занял і баявы парадак, Сеўчанка пачаў трэніроўку — у гэты раз не па самалёту, а па... танках і пяхоце, змоўк нават Муха, і ўсе непазнавальна змяніліся: зрабіліся маўклівыя, засяроджаныя, пільныя.У мінулую ноч, ясную, марозную (так, ужо мароз!), мы бачылі з нашай высокай сопкі далёкія зарніцы на паўночным захадзе. Гэта фронт. Дзе ён? Ніхто нічога пэўнага не кажа, ні камісар, ні камандзір. Па вузкай камяністай дарозе, што пятляе сярод сопак, сёння ішла пяхота. З цяжкімі ранцамі за плячамі, з вінтоўкамі. Яны глядзелі на батарэю і крычалі нешта насмешлівае, магчыма, абразлівае. Хлопцы балюча ўспрымаюць гэта. Лаюцца. Не на тых, безумоўна, што пайшлі туды, дзе бліскаюць зарніцы і адкуль многія з іх не вернуцца. Лаюцца наогул — у бога, у Гітлера. Цяжкімі ламамі мы трэці дзень дзяўбём скалу, граніт, капаем катлаваны і зямлянкі. На руках крывавыя мазалі. Кароткі адпачынак — трэніроўка па наземных цэлях. Батарэя трымае пад прыцэлам лагчыну, па якой адыходзіць удаль дарога. Пяхота можа абысці па лясістых сопках, але танкі могуць рухацца толькі па гэтай дарозе, іншых шляхоў тут няма. Няўжо яны прарвуцца і сюды? Тады мы павінны будзем стаяць насмерць. Кожны дзень, кожную гадзіну і хвіліну я рыхтую сябе да гэтага — памерці, але не збаяцца, не адступіць. Пры сваім росце я дрэнна зараджаю, калі нізкі вугал узвышэння — не дастаю. Упарта трэніруюся. Вучу ініпыя нумары. Многае будзе залежаць ад трапнай наводкі і тэмпу агню. Я прапанаваў, каб прыборшчыкі таксама вучыліся наводзіць і страляць.Страху няма. Таго страху, які быў у пачатку вайны. Але адчуваецца нейкі як бы цяжкі смутак расставання з нечым дарагім.Сёння пайшоў снег. I ўсё навокал пакрылася ўрачыстай, некранута сарамлівай беллю. Усё, акрамя заліва, які стаў яшчэ чарнейшы, ажно блішчыць, як дзёгаць. Не люблю глядзець на гэтую чарнату. Дыхае магілай. Няўжо зіма? У пачатку верасня? Не было ж восені, не паспелі нават брусніцы, якіх тут, на сонцы, хоць граблямі зграбай. Чырвоназялёныя ягады засыпае снег. Ад гэтага таксама робіццасумна. I думаецца, у нас, дома, яшчэ, па сутнасці, лета; восень ледзь-ледзь кранае першай пазалотай лісце бяроз і асін. Дома! Што робіцца сёння там, дзе наша дамоўка?11 верасняСёння Сеўчанка і камісар раптам вырашылі арганізаваць канцэрт батарэйнай самадзейнасці, які мы рыхтавалі. Гэта было неспадзявана і незразумела. Людзі смяртэльна змораны: тыдзень дзяўблі скалу, будавалі зямлянкі, трэніраваліся, вялі баі, бо налёты ў апошнія дні даволі частыя.Муха бурчаў:— Паспаць далі б, а не песнямі частаваць... Галоднаму не да песень.У глыбіні душы нават я падтрымліваў яго, хоць канцэрт мяне цікавіў — у ім удзельнічала Тоня Рамашова. Можа, камбат знарок выбраў такі выпадак, каб упрыгожыць канцэрт адзінай жанчынай. Яна прыехала раніцой паклапаціцца аб нашым здароўі. Пасля налёту не прыйшоў катэр, і яна вымушана была астацца начаваць.Было даволі холадна, хоць апошнія дні пацяплела і снег растаў. Байцы збіраліся марудна, незадаволеныя; Сеўчанка мусіў выклікаць усіх па камандзе: «Батарэя, строіцца!»