Трывожнае шчасце, частка 3
— А маіх няма, Сашачка. Ваня машыністам ездзіў недзе на Поўначы, там і астаўся. I сям"я там. Дзе цяпер ездзіць — хто ведае. Ліду ў армію забралі ў першыя ж дні... А Коля — дзіця горкае, шаснаццаць гадкоў — у апалчэнне запісаўся і адступіў з нашымі. Усе — на вайне. I мы, бачыш, са старым ваюем, як умеем...Яна як бы спалохалася, што сказала лішняе, хутка ўзяла ад Сашы сала, бутэльку самагонкі, якую яны захайілі «для гасцінца», і пачала адразу ж збіраць на стол.Гаспадар і Лялькевіч чамусьці бавіліся на двары. Змяркалася. У дамах насупраць шчыльна зачынялі аканіцы. Саша сядзела каля акна і разглядала сямейны фотаальбом — шчаслівую гісторыю рабочай сям"і: маладыя гаспадары, вясёлыя дзеці, хрэсьбіны, вяселле старэйшага сына, першы ўнук... Ніводнай фотакарткі, якая б сведчыла аб горы ці смутку. Альбом нагадваў яе ўласнае нядаўняе шчасце, і яна, задумаўшыся, не пачула, як у дом прыйшлі людзі. Пачула чужы бас:— А мы ідзём, бачым — след саней. Хадзем, кажу, браток, можа, самагоначкі з вёскі прывезлі. Пачастуюць.Саша ўстрывожылася: выпадкова зайшлі чужыя людзі і могуць перашкодзіць сустрэчы. Але ўбачыла чалавека, што першы ўвайшоў у пакой, і супакоілася, бо адразу пазнала яго, хоць ні разу ў жыцці не бачыла; пазнала па яго словах каваля: шырокі закураны твар з дзіўна белымі брывамі, са шрамам на носе (некалі адскочыў кавалак гарачай падковы), доўгія рукі з вузлаватымі чорнымі пальцамі. Кіраўнік падпольнай групы завода, дзе немцы рамантавалі танкі, Дрозд (Саша не ведала, ці гэта клічка, ці сапраўднае прозвішча) — таксама каваль, стары друг Аляксея Сафронавіча. Ён моўчкі і асцярожна, быццам вельмі кволую рэч, паціснуў Сашыну руку. З-за яго спіны выглянуў хлопец з круглым тварам, задзірыста-кірпаносы, з вожыкам бялявых валасоў. Ён, наадварот, паціснуў руку Сашы моцна, весела падміргнуў і так, як, відаць, заўсёды, калі знаёміўся з дзяўчатамі, назваў сябе:— Цімафей.Саша адразу вызначыла, што гэта адзін з тых вясёлых хлопцаў, якія маюць зайздросную прывабную здольнасць вельмі лёгка знаёміцца з людзьмі, асабліва з дзяўчатамі, і хутка заваёўваць агульную павагу і любоў. Ён, відаць, не ведаў ці не надта верыў, што Саша — жонка «адказнага сувязнога», бо пазней, за сталом, сеўшы з ёй побач, спытаў шэптам: «Вы з атрада?» — «Не, з вёскі. У мяне — грудное дзіця»,— адказала яна, як бы апраўдваючыся, чаму не ў атрадзе. Гэта яго расчаравала крыху.Дрозд убачыў сала на стале, асцярожна двума пальцамі ўзяў скрылёк, пачціва паглядзеў, удыхнуў пах, не падносячы блізка да твару, і гэтак жа асцярожна паклаў назад на талерку.— Эх, даўно я сала не еў. Забыўся, як і пахне,— і звярнуўся да Лялькевіча: — Галадае народ, таварыш Пятро. Абрабавалі людзей, паразіты. Эталон за эталонам гоняць у Нямеччыну.— Вы пагутарце, а я аканіцы зачыню,— сказаў гаспадар і выйшаў.Дрозд і Лялькевіч селі на канапцы, каля грубкі. Цімафей падсеў бліжэй да Сашы. Мабыць, стары падпольшчык кіўнуў на яе (Саша не прыкмеціла гэтага, аддаючы больш увагі вясёламу хлопцу), бо Лялькевіч сказаў:— Саша — наш таварыш, наша сувязная.Стары адкашляўся, як перад доўгім выступлением, і пачаў дакладваць прыглушаным голасам, амаль шэптам:— Значыцца, так, таварыш Пятро, такія справы... Аб нашай рабоце. Група патроху расце. Дзевяць чалавек маем ужо... На танках, якія праходзяць праз нашы рукі, немец не наваюе доўга — да першага бою. Устанавілі сувязь з другімі групамі. З мясакамбінатам. З друкарняй. Цімох вось адтуль. Хлопцы ў яго там хоць куды. Малайцы. Баявыя. Восьбланачкі якія штампуюць! — Ён дастаў з запазухі пачак папер і перадаў Лялькевічу. — I вось той падаруначак таксама ад іх. Намацалі чалавека ў картачным бюро. Стары настаўнік нямецкай мовы, але чалавек савецкі. Наш. Правяраем. Вельмі ж нам трэба хлебныя картачкі. Уладзілі пару дзяўчат у шпіталь. Дэпо на сувязь не ідзе, хоць людзі там нашы ёсць, адчуваем, нават ведаем некаторых. Вельмі ж лютая чыгуначная ахова, вока не спускае, на кожным рагу — гітлераўскі пёс. На кожнай стрэлцы — па сабаку. Кажуць, у Оршы нашы моцна падкузьмілі іх. Ды і на другіх вузлах, чуваць, не спяць хлопцы. Адным словам, сувязь з чыгуначнікамі мы наладзім. Так і перадайце. Ужо маем за каго зачапіцца. Цяпер такая справа, таварыш Пятро. У горадзе з"явіўся партызанскі прадстаўнік. Вядома вам пра гэта?