Трывожнае шчасце, частка 3
Уся батарэя адразу ўзнялася на ногі. Забыўшыся на небяспеку, байцы вылезлі на брустверы і не зводзілі заварожаных позіркаў з двух смельчакоў. Але ніхто — ні гуку. Людзі нясуць смерць, ідуць, быццам па танюсенькай вяровачцы над безданню. Ні словам, ні ўздыхам, ні кашлем нельга перашкодзіць ім у такі момант!Яны занеслі бомбу ў балоцістую нізіну, асцярожна паклалі на пажоўклы мох і гэтак жа павольна, не спяшаючыся, рушылі назад. Ішлі ў нагу, плячо ў плячо; адзін высокі, дзябёлы, другі — Сеня — на галаву ніжэйшы, можа, таму ён больш энергічна махаў рукамі.Першы не вытрымаў Сеўчанка — закрычаў дзіўным голасам, хрыпла, зрываючыся:— Бя-гом! Бісавы дзіты!Пясоцкі і Кідала адскочылі адзін ад аднаго і, нахіліўшыся, пабеглі.— Бягом! Японскі бог! Ходзіце, як па бульвары. Я вас навучу бегаць! — грымеў камбат, хоць, безумоўна, яму хацелася абняць і пацалаваць гэтых «бісавых дзітэй».Бомба не ўзарвалася. Праз гадзіну яе разрадзілі сапёры, якіх выклікалі з горада.Калі агульная ўзрушанасць і захапленне нарэшце ўтаймаваліся, я пайшоў да Сені і сказаў, што таксама хачу паціснуць яму руку.— Без лішніх слоў. Як друг...Ён схаваў свае рукі за спіну і злосна адказаў:— Пайшоў ты!.. Абрыдла мне.— Але ўбачыў, што ашаламіў мяне, загаварыў больш лагодна: — Навошта з мяне рабіць героя? Гераізм — гэта свядомае і разумнае. А я не свядома, ды і не вельмі разумна... Ты думает, я смелы такі? Глупства! Я баюся смерці, як ты, як усе. У мяне і цяпер дрыжаць калені. Чаму я падхапіўся? Проста парыў... Стала непрыемна, крыўдна, абразліва, што мы нюхаем зямлю з-за нейкай адной паршывай бомбы... Я глянуў — ляжыць, маленькая такая... Не помню... Можа, захацелася паказаць сябе, вось які я, палюбуйцеся! — Ён крыва ўсміхнуўся.— Дзяўчына побач стаяла... Які ж тут гераізм?..— Дарэмна ты,— запярэчыў я.— Гэта ўсё твой самааналіз... Ты абавязкова хочаш усё ўсвядоміць, знайсці вытокі і прычыны — чаму, навошта?.. Добра, гэта парыў. Але высакародны парыў. I я здымаю шапку... «Безумству храбрых поем мы славу! Безумство храбрых — вот мудрость жизни!» Так, здаецца, сказаў чалавек, якога мы з табой аднолькава любім?— Так-то так, але ўсё адно на душы пагана чамусьці.— Пагана! Вось у мяне сапраўды пагана,— прызнаўся я, адказваючы на шчырасць шчырасцю.— Я падхапіўся, калі ты клікаў на дапамогу. Я прымушаў сябе пайсці... I не здолеў — збаяўся... Дык ведай, што лепш адчуваць сябе героем, чым баязліўцам...Ён паглядзеў на мяне крыху здзіўлена, задумаўся:— Я не адчуваю сябе героем. I ты не лічы сябе баязліўцам. Смешна, каб усе кінуліся да гэтай праклятай бомбы.— Але Сцяпан малайчына!— Так, калі хочаш ведаць, дык у яго гэта бадай што гераізм, ён пайшоў свядома. А я, дурань, нават не падумаў, што не здолею падняць яе...Мы доўга гутарылі на гэтую тэму, спрачаліся. Мае развярэджанае сумленне ён, здаецца, супакоіў.Заўтра нас павінны прымаць кандыдатамі ў члены партыі. Я сказаў, што вось ён напярэдадні гэтай падзеі даказаў сваё права быць у радах партыі, а я, наадварот, пераканаўся, што не здольны на самаахвярны подзвіг, што я па сутнасці яшчэ баязлівец. Дык, можа, каб быць шчырым, варта сказаць пра свае сумненні таварышам? Сеня сказаў, што я дурань, што гэта мая выдумка, якая выходзіць з таго ж корпання ў душы, у якім я абвінаваціў яго, што мяне могуць нават узняць на смех. Падумаўшы, я згадзіўся з ім і крыху супакоіўся.Але я яго не разумею, магчыма, упершыню не магу зразумець: чаму ён як бы незадаволены сваім учынкам? Я, безумоўна, ганарыўся б, каб аднёс з пазіцыі бомбу, і адчуваў бы сябе героем...