Трывожнае шчасце, частка 3
Учора, калі расход дасягнуў рэкорднай лічбы — каля шасцісот снарадаў за ноч, Астахаў пачаў разважаць:— Кажуць, кожны наш стрэл каштуе каля трохсот рублёў. Праўда, камандзір? Дык гэта ж адна наша батарэя «выплюнула» за ноч добрых паўтараста тысяч рублікаў!Мяне здзівіў такі падлік.— На вайне рублі не лічаць, Астахаў. Мільярды гінуць.— А дарэмна. Грошы народныя. Усё трэба лічыць. Муха абурыўся:— Ды што ты! Людзі гінуць, а ты рублі лічыш!— Каб я быў упэўнены, што мы сваёй «загародай» ратавалі хаця б аднаго чалавека, то не шкадаваў бы... А так шкадую... Колькі людзі ўклалі ў гэтыя штукі працы,— паказаў Астахаў на снарады,— а мы іх у неба.Між іншым, у спрэчках, якія ўзнікаюць у хвіліны зацішша, адзін Муха горача абараняе загараджальны агонь. Я хачу зразумець — чаму?На нарадзе камандзіраў я расказаў пра падлікі Астахава — вось прыклад руплівай гаспадарлівасці байца! Гэтага чамусьці не зразумелі. Хворы Сеўчанка (камбат каторы дзень тэмпературыць, але не пакідае пазіцыі) стомлена сказаў:— Менш лічыце, а лепш страляйце. «Не сыпце гарох». Залпы! А Малашкін нечакана зрабіў вывад:— Вы, Шапятовіч, развялі гнілую дэмакратыю ў аддзяленні. У вас кожны разважае за камандуючага. Палітыкі! Каб я не чуў гэтых размоў!Крыўдна. За хлопцаў крыўдна. Без сну, на марозе яны не выказалі ніводнай скаргі. I размовы іх шчырыя, патрыятычныя. Як кажуць, баявы дух высокі. Асабліва ён узняўся пасля таго, калі камісар паведаміў, што фашысты добра атрымалі па зубах на подступах да Мурманска і адкінуты за Заходнюю Ліцу. Праз гэта яны шалеюць і так люта бамбяць горад і порт. А тут яшчэ, на злосць ім, у заліў увайшоў караван англійскіх суднаў — першая дапамога саюзнікаў.Мацнее мароз. Сярэдзіна кастрычніка — і такі мароз. А там, у нас, гараць золатам лясы і, безумоўна, яшчэ цёпла. Роўна год назад я ішоў у армію. Саша праводзіла мяне далека ў поле, па дарозе на Рэчыцу. Ранак быў ясны, сонечны, плыла павуціна бабінага лета, і ляцелі жураўлі. Усяго адзін год! А здаецца, мінула вечнасць. Колькі месяцаў яшчэ можа працягнуцца вайна? Астахаў неяк сказаў — два гады. Вар"ят!19 кастрычнікаЗ падбітага намі «Ю-87» выкінуўся з парашутам лётчык. Прызямліўся кіламетры за два ад батарэі, на схіле голай гары. Сеўчанка загадаў:— Малодшы лейтэнант Кідала! Вазьміце разведчыка Бурава...— камбат на момант задумаўся, мяркуючы, даволі двух чалавек для такой аперацыі ці замала,— сяржанта Шапятовіча... Затрымаць немца!Але калі мы ўжо сталі на лыжы, даў новую каманду:— Адставіць Бурава! Сяржант Пясоцкі! Пойдзеце вы!Відаць, камбату падказаў камісар (я бачыў, як яны ціха перакінуліся словамі), што трэба чалавек, які ведае нямецкую мову. А ведае яе адзін Сеня.Мы шпарка пайшлі па свежым снезе, усе аднолькава задаволеныя такім заданием — узяць жывога фашыста, які толькі што скінуў бомбы на горад. На лыжах нас у мінулую зіму навучылі хадзіць добра, мы рабілі пераходы па сто кіламетраў. Але наспець за Кідалам нам з Сенем было нялёгка. Высокі, дужы, ён адразу вырваўся наперад.Не ме ц, вызваліўшыся ад парашута, адыходзіў на захад — узнімаўся на тару, каб пераваліць цераз грэбень і схавацца ў лесе; ён, безумоўна, бачыў яшчэ раней, з самалёта, што заходні схіл гары лясісты. Над ім пакружыў наш знішчальнік, даючы зразумець, што калі фашыст будзе ўцякаць, то яго легка могуць прышыць да скалы кулямётнай чаргой. I ўсё роўна ён упарта лез на гару.