Трывожнае шчасце, частка 3
Муха, пасля таго як я скінуў яго з сядзення, зрабіўся проста шаўковы, прыкладнываўсіхадносінах: ніякіх «ты», калі звяртаўся да мяне, ніякага панібрацтва, заўсёды — «ёсць», «слухаюся!». Ды і ўсе іншыя ставіліся з павагай. Адзін Астахаў і далей звяртаўся на ты. Я ўсё намерваўся зрабіць яму заўвагу, але так і не адважыўся. I добра зрабіў: афіцыйнасць з разумным чалавекам непатрэбна. Мы сталі сябрамі, і наша дружба хораша ўплывае на іншых. Разлік жыве, як дружная сям"я. У часе кароткіх перадышак паміж баямі, калі «прымаем харч» — снедаем ці абедаем,— сардэчна гутарым, жартуем. I вось у часе адной такой гутаркі я жартам спытаў свайго намесніка:— Слухай, Муха, адкуль гэта ў цябе такое куслівае прозвішча? Сказаў — і забыўся. А Муха абразіўся ці, можа, проста знайшоўпрычыну паскардзіцца камандзіру ўзвода. Той як раскрычаўся, адвёўшы мяне ад дальнамера, далей ад маіх хлопцаў! Калі ўзважыць, дык ён мяне абражаў у дзесяць разоў горш, чым я гэтага дурня Муху.Ён чамусьці абвінавачваў мяне ў бескультурнасці, у несавецкіх адносінах да чалавека, нават у хуліганстве і тут жа — у «інтэлігенцкай мяккацеласці», у панібрацтве з падначаленымі, у няўменні падтрымліваць дысцыпліну. Я адказаў, што разлік страляе не горш за іншых. Малашкін ажно падскочыў:— Не ваша заслуга ў гэтым!Значыцца, ён лічыць, што яго заслуга. «Няхай сабе лічыць»,— падумаў я і абяззброіў яго пакорлівым вінаватым маўчаннем. Праз хвіліну яму, відаць, стала сорамна і непрыемна за свой крык, і ён пачаў лагодна тлумачыць мне, якім павінен быць камандзір Чырвонай Арміі. Мне чамусьці зрабілася шкада яго: сам ён зусім не такі ідэальны камандзір, але чалавек шчыры, нягледзячы на ўсе свае слабасці, і я паважаю яго. А Муха прымусіў мяне насцеражыцца. Я расказаў пра ўсё Астахаву.Той абурыўся:— Вось падлюга! Жартаў не разумев. Ну, мы яго правучым! Няўжо гэта было для мяне самым важным, што, дарваўшысяўрэшце да магчымасці нешта запісаць, я прыгадваю ў першую чаргу такія звычайныя дробныя размовы, сутычкі? А мае думкі, перажыванні з-за таго, што адбываецца там, на франтах?Пасля прамовы Сталіна зрабілася неяк спакайней. Але боль... боль не сціхае, ён з новай сілай коле сэрца кожны раз, калі ў паведамленні Саўінфармбюро называецца новы напрамак. Часам узнікае надзея... Так яна ўзнікла, калі нашы зноў адбілі Жлобін і Рагачоў. Можа, гэта пералом, можа, далей на ўсход і ўніз па Дняпры яны не пасунуцца? Але з"явіўся Смаленскі напрамак — і зноў боль...Узрадавала нас пагадненне паміж СССР і Англіяй. Зноў надзея. Каторы дзень толькі і гаворкі пра гэта пагадненне.На кароткай нарадзе малодшых камандзіраў у камбата, нарады такія ён склікае пасля кожнага бою, Сеня Пясоцкі сказаў:— Цяпер можна ўявіць, якое значэнне набывае наш Мурманск. Адзіны незамярзаючы порт з выхадам у адкрытае мора. Найкарацейшы шлях да Англіі.Мабыць, камісар не паспеў яшчэ падумаць пра гэта, бо адразу падхапіў Сеневы словы, пачаў развіваць і нават загадаў у такім сэнсе растлумачыць байцам.З Сенем мы сустракаемся па сутнасці толькі на гэтых кароткіх нарадах, хоць знаходзімся адзін ад аднаго за нейкія трыццаць крокаў. Можам перакрыквацца з катлаванаў, але сысціся і пагутарыць няма калі, ды і не дазваЛяецца — увесь час трывога. А мне так хочацца пагутарыць з ім, адвесці душу, успомніць наша Прыдняпроўе,дзе яго маці і мая Саша... Цяпер я часцей, чым да вайны, з большым смуткам, з большай любоўю і замілаваннем успамінаю гэтыя мясціны. Аднойчы мне нават прыснілася, што я стаю на высокім беразе Дняпра, там, у мястэчку, дзе ўсё знаёма: бальніца, школа, сцежка ў рове, па якім сцякае вясновая вада. Толькі Дняпро быў не той — разы ў тры шырэйшы, і вада бурліла і пенілася. I на тым беразе я ўбачыў не лес, як у сапраўднасці, а бяскрайні роўны-роўны луг. Удалечыні відаць былі белыя постаці, я да болю ў вачах узіраўся і ніяк не мог зразумець — ці то хусткі дзяўчат, ці буслы. Дзіўны сон! Хочацца хоць раз убачыць у сне Сашу. Але дарэмна — сню нейкія страхі, недарэчнасці. Хоць гэта натуральна, бо амаль забылася ўжо, што такое нармальны чалавечы сон, тое, што мы называем сном,— нейкая хваравітая дрымота, трызненне: спіш і ў сне страляеш.