Трывожнае шчасце, частка 3
20 ліпеняТакой гарачыні тут не было семдзесят год. Паўмесяца на небе ніводнай хмурынкі, ніводнага воблачка, сонца пякло, як у нас, у Беларусі, падчас сенакосу. Нават уначы, калі сонца хавалася за паўночную гару, што закрывае ад нас аэрадром, у паветры не адчувалася прахалоды. А ўдзень можна было купацца. Унізе, пад сопкай, працякае ручай, і мы з зайздрасцю глядзелі на тых шчасліўцаў, якія мелі магчымасць акунуцца ў халоднай вадзе. Часам там, за валунаМі, раздзяваліся жанчыны. Там, у горадзе, ішло сваё жыццё, мы разумелі, нялёгкае, ваеннае і не менш небяспечнае, чым у нас. Але жыццё. А ў нас яго не было, у нас — толькі вайна. Нам было не да купання, не да адпачынку і нават не да размоў аб чым-небудзь іншым, акрамя вайны. Мы стралялі па некалькі разоў на дзень. Яны лётаюць амаль бесперапынку. Высока ў блакіце праходзяць разведчыкі. Шныраюць, як сабакі, чорныя "месершміты", выклікаюць на бой нашы слабенькія «1-153» і збіваюць іх. О, як гэта балюча бачыць, як яны збіваюць нашы самалёты.Дні два-тры бамбавозы ідуць невялікімі групамі, нават зрэдку па адным. Потым — масіраваны налёт. Бадай, нельга сказаць, у які дзень былі найбольшыя налёты, калі і як мы стралялі. Нас яны больш не атакавалі, і дні і баі падобны, як блізняты. Назаўсёды запомнілася толькі адно — жаданне спаць. Яны не давалі нам заснуць больш як гадзіну-дзве у суткі. Дзіву даюся, як людзі трымаліся на нагах. Ёсць вялікі рэзерв сілы ў чалавека. Мы лавілі кожную хвіліну перадышкі, каб прылегчы ці, калі не дазвалялася прылегчы, па чарзе падрамаць, абапёршыся на бруствер, на скрынкі, а Муха рабіў гэта проста на сядзенні, упёршыся лбом у гумавы казырок оптыкі. Многа клопатаў было з Габавым. Ён засынаў смяртэльным сном і не прачынаўся ні ад крыку "Трывога!", ні нават ад стрэлаў. Некалькі разоў мне прыйшлося самому чытаць трубку. Яго лаялі калектыўна, сарамацілі, пагражалісудом, але мала што памагала. Тады Астахаў вынайшаў спосаб: заўсёды трымаць побач вядро вады. Габаву на галаву вылівалі ваду, і тады ён даволі шпарка займаў сваё баявое месца. Я быў запярэчыў супроць такой жорсткасці, але сам «сын Поўначы» не крыўдзіўся.— Вадзічка цёплая... Ах, карашо,— жартаваў ён.— А як зімой будзе? Зробішся на ледзяша.— Да зімы мой будзе канчаць спаць.I ўсё-такі мне за гэта моцна папала ад камандзіра ўзвода — старшыны Малашкіна. Былы камандзір гэтай гарматы, ён любіў Габава, якога, між іншым, сам навучыў пісаць і чытаць. А ўвогуле гэта дзіўны і пакуль што незразу мел ы мне чалавек, Малашкін. Ён і цяпер ходзіць з падручнікам вышэйшай матэматыкі і кожную вольную хвіліну чытае яго з такой цікавасцю, як чытаюць прыгодніцкі раман. I ўсё робіць нейкія разлікі. Кажуць, удасканальвае ПУАЗО. Часам дакладваеш яму што-небудзь важнае, а ён як бы не чуе, не звяртае ўвагі, можа ісці міма і не ўбачыць беспарадку, парушэння дысцыпліны. А то раптам можа страшэнна расшумецца з-за дробязі. Тады пачынае крычаць тонкім пісклявым голасам, пакуль не сарвецца, не закашляецца. Пасля гэтага дзень ходзіць пануры, незадаволены, злуючыся, як відаць, на сябе больш, чым на таго, хто яго ўзлаваў. За ваду гэтую ён пагразіў мне трибуналам. А Сеўчанка стаяў збоку, не ўмешваўся ў «праборку» ўзводнага і, я прыкмеціў, употай смяяўся. Сеўчанка — разумны і хітры хахол.Другі раз Малашкін накрычаў на мяне ўвогуле з-за глупства. Я дзіўлюся, як разумны чалавек мог надаваць столькі ўвагі такой недарэчнасці.