Трывожнае шчасце, частка 3
— Бой! Які гэта бой! Пасля яго я адчуваю сябе яшчэ горш! Як мы стралялі! Ганьба!Ён усміхнуўся:— Праўда, стралялі пагана. Але, кажуць, першы блінец заўсёды комам...— Блінец!— пачаў злаваць я.— У каго ты набраўся такой раз-важлівасці? Такія «блінцы» нам вылезуць бокам... Заутра, можа, праз гадзіну... Наляцяць зноў... і расстраляюць такіх зенітчыкаў з кулямётаў.Мы адначасова паглядзелі на неба. Колькі часу яно будзе чыстае?Сеня ўздыхнуў і задумліва сказаў:— Але... За восем месяцаў мы добра навучыліся хадзіць на лыжах, класічна казыраць... I толькі страляць з асноўнай сваёй зброі не навучыліся. Усе гэтыя трэніроўкі без баявой стральбы... чаго яны варты? А Кідала нават сілуэтаў не ведае. Даказвае, што гэта былі «Ю-88».— Пясоцкі! Вы зноў за сваё. Не навучылі вас? — нечакана прагучаў з нішы голас сяржанта Тарных.— Шапятовіч, спаць! Развінціліся!Не ўсе, значыцца, спяць! Сеня ўздрыгнуў, пабялеў і, падняўшыся, панура пасунуўся да свайго дальнамера. У мяне балюча сціснулася сэрца. Стала вельмі шкада гэтага добрага, разумнага хлопца. «Зноў за сваё». За што — сваё? Што кепскае ён сказаў? Чаму часам невукі, выскачкі, салдафоны ў большай пашане, чым такія, як Сеня? Колькі ён перажыў за гэтыя тры дні, мой друг! Больш, чым усе мы. I не скардзіцца, не ные, не кідаецца ў паніку, а мужна трывае. Мне хочацца напісаць пра ўсё, што здарылася з ім. Магчыма, запісы мае праз Сашу дойдуць да яго маці.Пачну спачатку.Мы так стамляліся ад заняткаў, работы, вучэбных трывог, што нядзелі, калі можна трохі адпачыць, лішнюю гадзіну паспаць, чакалі, як найвялікшага свята. Але для мяне тая нядзеля не была радасная: за чытанне Горкага на палітвучобе я атрымаў тры нечарговыя нарады і мусіў дняваліць.Ішоў дождж. Другія суткі нізкія хмары ахутвалі вяршыні навакольных сопак і бесперапынна сеялі густы дождж. Накінуўшы плашч-палатку, я хадзіў па лінейцы, якую сам толькі што старанна падмёў. Лінейка цягнецца ўздоўж зямлянак, выкапаных на схілепясчанага ўзгорка, на якім віднеюцца накрытыя чахламі гарматы. З другога боку, унізе, скача па каменнях вясёлы гаманлівы ручай. Навокал пуста і ціха. Пасля снедання мае сябры «дабіраюць» тое, што недаспалі за тыдзень, ці пішуць пісьмы. Мне было крыху зайздросна: хацелася і паспаць і напісаць пісьмо. Але разам з тым было прыемна хадзіць у адзіноце і думаць пад шум дажджу і ручая — ніхто не перашкаджаў. Я думаў пра Сашу, «пісаў» чарговае пісьмо, шукаючы самыя пяшчотныя словы.У дванаццаць гадзін у пасёлку, кіламетры за два ад нас, загаварыла радыё. Слоў нельга было разабраць, але мне здалося па тону, што перадаюць нешта важнае. Захацелася паслухаць. Рэпрадуктары былі ў ленінскім кутку і ў афіцэрскай зямлянцы. У кутку, я ведаў, палітрук і рэдкалегія выпускаюць насценную газету, дзе, напэўна, распісваюць і мяне — мае нарады. Я не любіў малодшага палітрука Сідарэнку. Нічога кепскага ён мне не зрабіў і ўвогуле, здаецца, чалавек неблагі, мяккі па характеру, гаманкі, просты. Але не падабаліся яго жарты. Мяне, напрыклад, ён даволі часта насмешліва называў «жанацік» і колькі разоў з непрыемнай цікавасцю распытваў, як я жаніўся, якая ў мяне жонка. Таму я не пайшоў у ленінскі куток, а зазірнуў у камандзірскую зямлянку, каб сказаць лейтэнанту Купанаву, што перадаюць нешта важнае, і паслухаць самому. Але камандзір батарэі смачна і бестурботна спаў, па-дзіцячы раскінуўшы рукі.