Трывожнае шчасце, частка 3
кару.— К-курсант П-пясоцкі! — Сідарэнка губляў думку, калі яму перашкаджалі, а таму доўга маўчаў — нервова хадзіў перад камсамольцамі, якія зноў панурылі свае галовы, цёр далоні. Нарэшце сказаў, але ўжо не спакойна-інфармацыйна, а з гнеўным абурэннем: — Б-бачыце, гэты чалавек хоча падарваць баяздольнасць батарэі. Распускае панічныя чуткі... Усхваляе фашысцкую тэхніку... авіяцыю...Я сядзеў крыху збоку і бачыў твары многіх курсантаў, нашых з Сенем сяброў, з якімі мы восем месяцаў разам спалі і елі, займаліся і адпачывалі, чыталі адны кнігі, абмяркоўвалі адны падзеі. Усе яны раней паважалі Сеню за яго веды і сціпласць. Але цяпер — я чытаўгэта на іх тварах — амаль усе верылі ў словы палітрука.У такі час, праз нейкія дзве гадзіны пасля паведамлення аб вайне, калі гарэла сэрца і апаноўваў страх, магчыма, што і я паверыў бы, каб абвінавацілі каго іншага. Але Сеню я ведаў, як ніхто, я чуў, што ён сказаў, як сказаў. Якія ж гэта панічныя чуткі? Ён сказаў простыя разважлівыя словы, ад якіх мне зусім не страшна, а можа, нават стала спакайней. Але іншыя, відаць, паверылі, што іменна ён, юнак з інтэлігентнай сям"і, «мамчын сынок», «кніжнік», як яго называў той жа Кідала, мог стаць паражэнцам. Я не асуджаю сваіх таварышаў. Але мне зрабілася холадна, калі я прачытаў у іх вачах знявагу, нават гнеў да Сені.Кідала, калі выступіў, спачатку даволі дакладна, амаль слова ў слова, перадаў нашу размову, якую падслухаў, а потым зноў-такі крыкліва пачаў рабіць свае вывады:— ...Цяпер, таварышы, нам зразумела, чаму Пясоцкі не пажадаў выступіць на мітынгу... Што мог сказаць чалавек, які не верыць у перамогу? Я больш скажу... Нам варта спытаць: чаму ў ГІясоцкага такая цікавасць да ўсяго нямецкага? Мы ўсе вучыліся, але хто з нас ведае нямецкую мову так, як ён? Ніхто. А ўдумайцеся ў такі факт... Яшчэ да таго, як мы пачалі вывучаць сілуэты, ён адзін з усіх курсантаў ведаў маркі нямецкіх самалётаў, назвы лінкораў. Адкуль? А ў каго была патрэба, скажыце мне, запамінаць, хто ўваходзіць у гітлераўскі ўрад? Мне агідна запамінаць іх прозвішчы. А Пясоцкі ведае кожнага з гэтых бандытаў...Я жахнуўся: страшэннае абвінавачанне вынікала з яго даволі празрыстых намёкаў. I я не вытрымаў — злосна перапыніў Кідалу:— Як табе не брыдка, Сцяпан! Ты абвінавачваеш Пясоцкага за тое, што ён чытаў газеты. Ды ты ж услаўляеш невуцтва! А нам усім сорамна было, калі ты, зампаліт, не ведаў, хто прэм"ер-міністр Англіі. I ты ставіш гэта сабе ў заслугу? Ганьба!Кідала глядзеў на мяне з нянавісцю, каб мог, здавалася, з"еў бы. Твар яго, звычайна чырвоны, задаволены, спапялеў. Ён паглядзеў на палітрука так, быццам загадваў, каб той суняў мяне. I Сідарэнка закрычаў:— Курсант Шапятовіч! Маўчаць! З кім вы так размаўляеце? Як паводзіце сябе? Для вас зампаліт Кідала — «таварыш зампаліт», а не «Сцяпан». I каб я не чуў такога тыкання!О, каб гэта было не ў армейскіх умовах, а дзе-небудзь у нашым тэхнікуме, я сказаў бы, хто для мяне гэты балбатун! Але тут я мусіў маўчаць. Сідарэнка «перанёс агонь» на мяне: успомніў мае нарады, мае спрэчкі з малодшымі камандзірамі.Ды раптам выступіў Купанаў. Я ўвесь час сачыў за ім і чакаў, што ён, разумны і стрыманы, сваім аўтарытэтам камандзіра спыніць гэтую ганебную камедыю. I сапраўды ён сказаў:— Думаю, што курсант Кідала перабольшвае.— Я радасна ўстрапянуўся, бо словам «курсант» камбат шмат што ставіў на сваё месца, а ў першую чаргу — гэтага выскачку: ён такі ж курсант, як усе, і мы маем поўнае права звяртацца да яго, як да роўнага.— Нельга вінаваціць чалавека, што ў школе ён лепш вучыў нямецкую мову, чым мы з вамі, Кідала. Недарэчна абвінавачваць байца Чырвонай Арміі за тое, што ён акуратна чытае газеты... больш уважліва, чым многія іншыя.