Трывожнае шчасце, частка 3
Саша маўчала. Яна думала, як, аднак, змяніўся гэты чалавек, некалі малады, вясёлы настаўнік, вялікі аматар валейбола і лыжных прагулак. Цяпер толькі адно яго радуе — поспех у барацьбе, бо толькі змаганнем ён жыве, гарыць. Ён прылёг на бок, паклаўшы галаву на клунак з соллю, і нешта ціха насвістваў. Ён адпачываў пасля двух нялёгкіх дзён. Але ў той час бяда магла напаткаць там, дзе яе зусім не чакаеш. Саша першая ўбачыла, як з лесу выйшлі двое ў цывільным адзенні і спыніліся на дарозе; не магло быць сумнення, што яны чакалі іх. Яе здзівіла, чаму так збялеў Лялькевіч, убачыўшы гэтых людзей. Праехаў горад, дзе, можа, дзесяць патрулёў і пастоўправерыла, і ён паводзіў сябе зусім спакойна. А тут як бы спалохаўся.— Слухайце, Саша... Калі што якое, я буду біцца з імі... Кулакамі... А вы ганіце каня... Ганіце што ёсць сілы. Я не дам ім стрэліць, калі іх толькі двое.Саша не разумела: чаму, навошта?— Пад намі, у дошцы, друкарскі шрыфт і ў хамуце сёетое... Ганіце! — Ён перадаў ёй лейцы і пугу.У тых дваіх зброі не было відаць. Але адзін з іх, мал од шы, даволі энергічна спыніў каня.— Зноў праверка? — спытаў Лялькевіч.— Конь нам твой патрэбен,— лагодна адказаў другі, з маладымі вачамі, але густой чорнай барадой.Лялькевіч спрытна скочыў з саней, закульгаў.— Браток, родненькі, пашкадуй. Ад каго забіраеш? Паглядзі, якая ў мяне нага. Дзеці галадаюць. Конік гэты на сем двароў, і збруя чужая. Што мне людзі скажуць? Скажуць: каня прадаў.— Не скажуць.— Не дам. Мёртвы лягу, а не дам! Жонка, прасі! Галасі, Саша! Як дзецям крупы панясём? — Пра соль ён пабаяўся сказаць.Але Сашы было цяжка галасіць. Барадаты стукнуў сябе кулаком у грудзі.— Зразумей! Вось як,— ён правёў далоняй па шыі,— нам конь патрэбен. Не для забаўкі забіраем.У гэты час малады пачаў энергічна распрагаць. Убачыўшы, што яны маюць намер забраць аднаго каня, без саней, Лялькевіч супакоіўся, але прытворна залямантаваў. (Пасля Саша напамінала яму гэтае галашэнне, і яны разам смяяліся.)— Ой, людцы, ратуйце! Рабуюць! Саша, родная, гінем! На чым бочкі вазіць будзем? Дзеці з голаду памруць! Не дам! Мёртвым лягу.— Схапіўся ён за аброць.— Мёртвым не ляжаш, а па спіне атрымаеш,— спакойна адказаў той, што распрагаў.— Адыдзі!— Хамут! Хамут хоць аддайце! Чужы!— Аддай ты яму хамут, гэтай бабе! Жанчына маўчыць, а ён скуголіць, як сабака. Брыдка слухаць. Можа, сам сабе нагу скалечыў, каб на фронт не ісці.Малодшы зняў і шыбануў яму пад ногі хамут.— На! Не хамут, а чорт ведае што! Пуд важыць. Каня мог скалечыць. Гаспадар!Без лішніх слоў яны хутка пайшлі па няўезджанай лясной дарозе, у бок ракі, і зніклі за дрэвамі. Камісар доўга глядзеў ім услед.Ціха засмяяўшыся, з захапленнем сказаў:— Нашы, чэрці. А сказаць нельга. Вось жа недарэчная гісторыя. Навошта ім так пільна конь спатрэбіўся?— Можа, таварыш дзе ранены ляжыць.— Але ... Магчыма. Магло здарыцца, што свайго каня загналі. У партызанскай справе ўсё бывае. Вось якія парадоксы здараюцца. Свае ў свайго забралі — і маўчы. Ах, чэрці! «Мёртвы, кажа, не ляжаш, а па спіне атрымаеш...» Гуманісты! Што ж, Аляксандра Фёдараўна. Прыйдзецца нам і за каня паслужыць. Дацягнем да пасёлка, а там, можа, добрая душа злітуецца — дасць каня.Саша ўзялася за адну аглоблю, ён — за другую. Сані зрушыліся легка, але ўжо метраў праз сто Саша зразумела, што гэта пакутліва цяжка, асабліва для камісара з яго самаробным пратэзам. Дарога была няроўная, слізкая, з ухабамі, сані кідала з боку на бок. Яна ўбачыла, як на лбе ў Лялькевіча выступілі буйныя кроплі поту, і ведала, што гэта не ад натугі, а ад болю.