Трывожнае шчасце, частка 3
Размясціліся ў цэнтры пазіцыі. «Акцёры» выступалі з узвышэння, на якім звычайна стаяў і сачыў за небам разведчык. Рана змерклася, бо пад вечар з мора прыплылі цяжкія хмары, надвор"е тут мяняецца ўвосень кожную гадзіну. Было дазволена курыць, і слухачы, якія сядзелі паўкругам хто на чым, большасць — на пустых снарадных скрынках, курылі, і успышкі цыгарак асвятлялі іх твары.Першых выканаўцаў сустрэлі стрымана. Я цешыў сябе думкай, што здзіўлю батарэйцаў «Песняй аб Сокале» і — асабліва — «Дарогамі Смаленшчыны»; верш гэты моцна крануў мяне, я запомніў яго, прачытаўшы два-тры разы, і схаваў у ранец адзіны экзэмпляр газеты, каб ніхто больш не чытаў да майго выступлення.«Песні...» вяла папляскалі, і зноў пры зямлі, пад нахіленымі постацямі, успыхнулі запалкі.— Мне прыкурыць, Сухараў!— Муха, не тушы!— Дакурыць, Павел!..Адна за адной загараліся цыгаркі. Я стаяў і ў думках лаяў сваіх сяброў, якіх дагэтуль любіў: чэрствыя людзі! Ім бы толькі курыць ды мацюкацца, ніякага адчування прыгожага. Паважалі б хоць Горкага!«Дарогі...» чытаў, і самому хацелася плакаць, голас дрыжаў,перарываўся. «Дарогам... не апладзіравалі зусім, толькі чамусьці згаслі цыгаркі і зрабілася ціха-ціха. Ці не ляцяць самалёты? Не, Лёша фыркнуў у цемры бестурботна, спакойна, а ў яго самы тонкі слых, ён чуе шум матораў першы.Я сеў за «сцэнай», на зямлянцы разведчыкаў, і, ашаломлены няўдачай, пакрыўджаны і ўсхваляваны, задумаўся і не вельмі слухаў іншых. I раптам выбух апладысментаў. Каму? Завошта? Віктар Вальноў спяваў пад акампанемент гітары.Яму крычалі:— Біс!— Паўтарыць!— Давай яшчэ!Мне зрабілася сорамна: няшчасны эгаіст, я не чуў нават, што спяваў сябра, а сам патрабую нейкай асаблівай увагі і прызнання! Ён паўтарыў «Воротился ночью мельник».«Хітры масквіч ведае, чым можна зацікавіць людзей у такі момант — жартам, гумарам. Смутку, цяжкага роздуму хапае і так»,— падумаў я. I зноў памыліўся.Выйшлі Сеня Пясоцкі і сувязіст Лабада. Заспявалі: Ой, там, за лісом, за дубиною, Сйдів голубко з голубиною...Голуба забілі, а галубку завезлі за Дунай, у палон. Сыплюць ёй пшанічку, прапануюць любога з дваццаці галубоў, але ніхто ёй не любы, бо няма такога, як яе быў мілы. Гэта пра нашых каханак, жонак, што засталіся там, у фашысцкім палоне. Пра Сашу. Я адчуваў слёзы на вачах, слухаючы песню.Заапладзіравалі не адразу, быццам чакалі працягу — што ж далей? А потым пляскалі доўга, дружна, горача, без крыкаў, без просьбы паўтарыць, але з удзячнасцю, якая адчувалася ў саміх воплесках.Узрушаны, я зноў апынуўся там, у родным краі, і зноў не слухаў нашых выканаўцаў. Вярнула мяне назад, на батарэю, у фантастычны паўкруг агеньчыкаў, Антаніна. Яна заспявала песню, якую кожны з нас тысячу разоў чуў і спяваў сам:Дан приказ: ему на запад...Нічога асаблівага не было ў яе спеве — танклявы, слабы, «бясколерны», як сказаў адзін музыка, голас. Але батарэя раўла ад захаплення. Біс крычалі так гучна, што чуваць, напэўна, было далека. Бо раптам, бліснуўшы ў хмарах, на нас, як шабля, упаў прамень пражэктара. Дзіўна выглядала ўся гэтая карціна — слухачы і спявачка — у белым, яркім святле. Асабліва спявачка. Я апынуўся ў цені, па-за праменем, і лепш, чым іншыя, бачыў яе — у ботах, кароткім шынялі,без шапкі, шапку яна трымала ў руцэ... Дзівосныя былі яе валасы: ненатуральна белыя ўдзень, яны ў святле пражэктара сталі блакітныя і, здавалася, ззялі.