Трывожнае шчасце, частка 3
— Змарыўся? — ласкава спытала Саша, гэтак жа, як паўмесяца назад, калі яны цягнулі сані.Ён паглядзеў на яе неяк дзіўна, паставіў гладышык на вярстак і раптам... абняў яе. Пачаў цалаваць.— Саша... слаўная... Я люблю... люблю... люблю... Інстынктыўна, у нейкім парыве яна на момант сашчапіла сваерукі ў яго на шыі, але тут жа схамянулася і моцна адштурхнула яго; ён ледзь утрымаўся на нагах. У яе гнеўна раздзьмуліся ноздры, на шчоках з"явіліся пунсовыя плямы.— Уладзімір Іванавіч! — сказала яна так гучна, што ён спалохана азірнуўся — не пачулі б суседзі — і замахаў рукой. Але яна забылася на асцярожнасць.— У мяне дачка... і муж. Я кахаю свайго мужа... Я чакаю яго. I вы выкіньце з галавы! Ні на што не спадзявайцеся... Чуеце? Уладзімір Іванавіч!..— Чую, Аляксандра Фёдараўна. Даруйце...А навакол шумела вясна. Радавалася ўсё жывое. Толькі людзі не маглі радавацца. Людзі ваявалі.Вайна... Трэція суткі, як яна пачалася. Ударыла, як гром з яснага неба, аглушыла, і я ніяк не магу апомніцца. Не толькі цяпер, пасля бою, пасля першых выбухаў бомбаў і нашых няўмелых стрэлаў, гудзіць у вушах. Не, гэты звон і гул у галаве з"явіліся адразу ж, як толькі я, першым на батарэі, пачуў аб вайне. I страх (мне сорамна прызнацца ў гэтым), страх таксама запаланіў душу з першых хвілін. Увесь час думаю пра смерць. Няўжо гэта канец? У дваццаць адзін год? Няўжо я ніколі не вярнуся дадому, не ўбачу маці, Сашу і маю маленькую дачушку?..Здаецца, страшная не сама смерць, не ўсведамленне, што я, маленькі чалавечак, кропля ў людскім акіяне, перастану існаваць. Найбольшы страх ад думкі, што ніколі... ніколі ўжо (вось ад чаго ледзянее кроў) я не ўбачу Сашу. Саша! Каханне мае! Каб ты пачула крык майго сэрца! Я не хачу паміраць! Я хачу жыць! Жыць! Я хачу прыйсці да цябе, упасці да тваіх ног і цалаваць іх, цалаваць сляды на той дарозе, па якой ты хадзіла.Не магу спаць, сон не прыходзіць трэцюю ноч. Як толькі заплюшчу вочы — адразу ж паўстаюць яна, мая Саша, з дачушкай на руках, Аніна хата, такая любая цяпер майму сэрцу, дарога, наша дарога ўздоўж Дняпра, па якой прыйшоў я і па якой Саша правила мяне сюды, у гэты далёкі, суровы паўночны край, не ведаючы, што праводзіць на вайну. Як ніколі раней, прыгадваюцца кожнае яе слова, кожны жэст, пацалунак — усё-ўсё. I страх смерці расце, душыць, скоўвае. Дзіўная рэч! Ці даўно быў той час, калі я любіў чытаць пра вайну і, як, напэўна, многія мае равеснікі, употай марыў аб ваенным подзвігу? Мне здавалася, што адразу ж я здолею зрабіць нешта такое, што праславіць мае імя і выратуе чалавецтва... Цяпер я сумна ўсміхаюся, успамінаючы гэтыя думкі. Наіўны хлопчык! Ты можаш памерці, не зрабіўшы аніякага подзвігу, нават самага маленькага. Ужо сёння я мог памерці. Зусім інакшай паўстала ў маім уяўленні вайна — нічога прыгожага, адно жудаснае. Я думаю: якое гэта шчасце — мір, цішыня на зямлі! О, каб дажыць да такога дня!Усяго некалькі дзён назад мы, курсанты, амаль усе крыху фразёры, многа гаварылі пра немцаў, аб іх ваеннай тэхніцы і перамогах, якія ім так лёгка даваліся ў Еўропе. Мы нават крыхузахапляліся іх аперацыямі. Я асабіста ды, напэўна, і мае сябры таксама не адчувалі асаблівай нянавісці. Больш было слоў, гучных фраз, чым пачуццяў. А цяпер... Як я ненавіджу іх цяпер! Ажно кіпіць у грудзях, калі я думаю пра іх, пра іх тэхніку, пра іх перамогі... Ад гэтых «перамог» паміралі вось такія ж, як я, як Сеня, як Віктар, хлопцы — чэхі, французы, югаславы... Цяпер яны прыйшлі, каб забіць нас.