Трывожнае шчасце, частка 3
Іншыя разышліся гэтак жа панура і маўкліва, як і пастроіліся. Залезлі ў нішы. Я не ведаў, што сказаць ім, як, з чаго пачаць знаёмства. Ды, уласна кажучы, я і не меў права на доўгія размовы — камандзір батарэі загадаў спаць. Я адчуў сябе даволі няёмка — на мяне не звярталі ўвагі, як бы не прызнаючы за камандзіра. Толькі гэты Муха спытаў, не высоўваючыся з нішы:— Камандзір, ты што скончыў?— Як — што? Я з вучэбнай батарэі...— Не. Да арміі.— Аўтадарожны тэхнікум.— А-а,— зняважліва працягнуў ён і, памаўчаўшы, паведаміў: — А наш камандзір ва універсітэце вучыўся...«Чаму ж недавучыўся?» — хацелася спытаць з іроніяй, але я ўспомніў, што былы камандзір гэтай гарматы старшы сяржант Малашкін цяпер камандзір агнявога ўзвода, да таго ж я не бачыў яшчэ гэтага чалавека, і было б мне проста непрыстойна гаварыць так. Ды і не гэта закранула мяне ў словах Мухі, а яго зварот на ты. Ці не будзе гэта падрывам майго камандзірскага аўтарытэту? Колькі месяцаў нам упарта паўтаралі, што найбольшы дысдыплінарны грэх — быць з падначаленымі запанібрата. Але я адчуваю і цяпер, калі сяджу ў адзіноце і пішу, што ў мяне не хопіць рашучасці напачатку патрабаваць, каб да мяне звярталіся інакш. Мяне непакоіць гэта і ў той жа час здаецца недарэчным. Няўжо трэба вырашаць такія праблемы, калі ідзе змаганне не на жыццё, а на смерць, калі яна, смерць гэтая, глядзіць табе ў вочы кожную хвіліну? Добра ў такі час адказваць толькі за самога сябе і больш ні за кога. Напісаў я гэта і падумаў: а як жа тым, хто адказвае за лес цэлага палка, арміі, усёй краіны? Нікчэмнымі здаліся мне праблемкі, страхі, перажыванні. Я проста спалохаўся новых цяжкасцей. А я не маю права палохацца — трэба ўсё перамагчы, трэба быць гатовым да большых цяжкасцей і большай адказнасці!Калі ўсе паснулі, а мне, узрушанаму, не спалася, я пагутарыў з дзяжурным, гэтым чорным прыгожым юнаком, і, на дзіва сабе, даведаўся, што ніякі ён не цыган, не малдаванін, а наш, магілёўскі, хлопец. Ён бліснуў сваімі прыгожымі зубам!.— Таму нас у вёсцы Чарнякамі празвалі. Потым, між іншым, сказаў:— Муха заняў месца, дзе спаў камандзір. Ваша месца. Дужа хоча камандзірам стаць.Я ўбачыў, што Сеня таксама не спіць — блукае па пазіцыі, і мы сустрэліся. Селі недалёка ад маёй гарматы, за вялікім каменем, кабніхто не бачыў нас.Унізе раскінуўся горад — увесь як на далоні: скрыжаванне пяці вуліц у цэнтры, драўляныя, са стандартных дамоў пасёлкі на паўночнай і паўднёвай ускраінах, гмахі рыбакамбіната каля заліва, партовыя склады, да якіх падыходзяць чыгуначныя лініі, доўгія стрэлкі прычалаў, каля іх сіратліва туляцца адзінокія караблі. Горад спіць. У дамах спяць жанчыны і дзеці. Тут, як і ўсюды на зямлі, многа дзяцей, мы бачылі іх, калі часам прыязджалі ў горад у выхадны дзень, атрымаўшы «ўвальніцельныя». Не, неспакойны сон людзей у такі час. Магчыма, толькі дзеці, маленькія, такія, як мая Ленка, спяць спакойна...Мы доўга сядзелі моўчкі і глядзелі на горад. Два вялікія чырвоныя сонцы сляпілі нам вочы: ад но — з белага паўночнага неба, зацягнутага празрыстай смугой, другое — з чорнага заліва, нерухомага, люстрана-гладкага. Чаму сёння сонца такое чырвонае?— Ведаеш, Сеня, мне неяк па-новаму неспакойна. Магчыма, я баюся, што не змагу камандаваць гэтымі людзьмі.— Я кіўнуў назад, на ствол гарматы, накіраваны ў неба на захад.— Яны непрыветліва сустрэлі мяне. Адзін, першы нумар, Муха — прозвішча якое! — адразу на ты. «Ты, камандзір...» Абразліва неяк.