Трывожнае шчасце, частка 3
Сеня ўсміхнуўся:— Сеўчанка вершы любіць, каб іх на памяць чыталі.— Вершы? — здзівіўся я.— Ён пачуў, як я сваім байцам Шаўчэнку чытаў. Ажно праслязіўся. Учора яму ўсё перачытаў, што ведаў...— I свае?Сеня зачырванеўся, схапіў мяне за руку:— Слухай, пра мае — ні слова. Як друга прашу. Інакш нажывеш ворага.— Добра. Буду маўчаць. Але скажы па сакрэту — пішаш?— Пішу. Пішу,— прызнаўся ён таямнічым голасам.— Ну, пайшлі. Я ішоў з нейкім незразумелым страхам. Мы пастукалі, атрымалі дазвол. Камбат быў у сваёй зямлянцы. Я пачаў быў дакладваць:— Таварыш старшы лейтэнант...Сеўчанка махнуў рукой: не трэба. I надзвычай проста і гасцінна запрасіў:— Сядайце, хлопцы.Ён, без рэменя, з расшпіленым каўняром, сядзеў на табурэце перад печкай і падкідваў дровы. У зямлянцы цёпла і прыемна пахла чалавечым жыллём. Увогуле тут было усё неяк па-хатняму ўтульна, не так, як у зямлянцы Купанава, хоць будаваліся яны ў адзін час. Але там было ўсё па-салдацку проста, а тут — як у добрай кватэры: панікеляваны ложак, мяккая канапка, на сцяне — украінскі дыван, карціны і партрэты. Мой позірк адразу спыніўся на вялікай фатаграфіі маладой жанчыны з дзіцем на руках. Якое гэта хараство — маці з дзіцем! Я падумаў пра Сашу. Колькі было б у яе цяпер шчасця, каб не гэтая праклятая вайна!Сеўчанка, убачыўшы, як я гляджу на партрэт, растлумачыў:— Жонка з сынам. Адаслаў іх у Іжэўск, сястра там у мяне замужам.— У мяне таксама жонка і... дачка.— Я ведаю. Мне казаў Пясоцкі.О, як я ўдзячны за гэтыя простыя чалавечыя словы! Бо не было ў іх ні недарэчнай сідарэнкаўскай цікаўнасці і насмешлівасці, ні той спачувальнасці, якую часам выказваюць старэйшыя да малодшых — не трэба, маўляў, так рана жаніцца! — ні яшчэ чаго-небудзь такога, што магло б абразіць мае пачуцці. Гэта была шчырая і немнага-слоўная размова двух мужчын, двух бацькоў, якія добра разумелі адзін аднаго. Размаўлялі напаўголаса. Калі мы з Пясоцкім зайшлі, у зямлянцы апрача камбата былі палітрук Лазебны і камандзір прыбора Віктар Вальноў. Яны стаялі каля стала над картай і горача, як два вялікія стратэгі, абмяркоўвалі становішча на франтах. Я заўсёды зайздросціў гэтаму дасціпнаму масквічу — нашаму другу Віктару, яго ўменню ў любых абставінах, з любымі людзьмі трымацца проста, незалежна — з камандзірамі, з жанчынамі, са старэйшымі і малодшымі — і хутка ўключацца ў агульную размову, заваёўваць агульнуюўвагу.Цікавы чалавек наш палітрук. Ён бясконца ходзіць ад адной гарматы да другой, на прыбор, да сувязістаў і разведчыкаў і праводзіць гутаркі — расказвае эпізоды з гісторыі рускай ваеннай славы, пра гераізм Чырвонай Арміі, пра становішча на франтах. Цікава расказвае. Ён амаль ніколі не маўчыць. I, нягледзячы на гэта, складаецца такое ўражанне, што Лазебны самы ціхі, маўклівы і непрыкметны чалавек на батарэі. Чаму так — не магу зразумець. Можа, таму, што ён ніколі не крычыць, не павышае голасу? Да размовы палітрука з Віктарам адразу далучыўся Сеня. Яны разбіралі Жлобінска-Рагачоўскую аперацыю; складалі планы, як будзе развівацца контрнаступление нашых войск далей.— Вашы далека адгэтуль? — спытаў мяне Сеўчанка, прыслухоўваючыся да іх размовы.— Не, недалёка... Хоць усё-такі... На поўдзень ад Рэчыцы. Амаль на мяжы з Украінай...— Палескія балоты не дазволілі ім развіваць наступление ў гэтым напрамку,— сказаў Лазебны, пачуўшы мае словы.Я радасна скалануўся. I праўда ж, там Палессе, балоты, там яны не змогуць прайсці. Як я забыўся на такую важную акалічнасць? Можа, таму і Саша піша так спакойна.