Трывожнае шчасце, частка 3
— Вось Жлобін, вось Рагачоў... Значыцца, наступленне развіваецца на Оршу. А на поўначы нашы ў раёне Полацка. А пасярод уклініліся яны, на Смаленск... Агалілі свае флангі. Вось тут іх можна іразануць! I ў мяшок! — горача выкладваў Віктар свой стратэгічны план.— Тваё месца, Віця, у генштабе, а не на прыборы,— сказаў Сеня жартам, але з прыкметнай іроніяй — ён не любіў пустых размоў на такія тэмы.Палітрук уздыхнуў:— Але, на карце ўсё легка. А яны ўсю Еўропу кінулі на нас... I так нечакана...— Учора пісьмо атрымаў,— даверліва прызнаўся я Сеўчанку.— Пісала трэцяга ліпеня — і ні слова пра тое, што ў іх там...Ён усміхнуўся, паправіў палкай паленне ў печцы.— Умеюць берагчы ваенную тайну і наш спакой... Мая вунь таксама піша... — Але што піша, так і не сказаў. Раптам прапанаваў мне папяросу. Я збянтэжыўся, быццам у тым, што не куру, ёсць нешта заганнае, што прыніжае маю сталасць і годнасць. Упершыню я пашкадаваў, што не куру.Сеня пачаў курыць у першыя дні вайны — навучылі сябры ўсё пад тым жа лозунгам: «Куры, усё адно вайна».Я павесялеў, калі ўбачыў, што палітрук таксама не курыць: за тры тыдні я нічога не ўведаў пра гэтага чалавека, хоць ён штодзень па некалькі разоў прыходзіў да гарматы.Сеўчанка перасеў ад печкі на канапу, закінуў свае дужыя, мускулістыя рукі за галаву і сашчапіў пальцы на патыліцы.— Давайце, браткі, хвіліну... адну хвіліну адпачнём ад вайны,— папрасіў ён «стратэгаў», якія ўсё яшчэ лазілі па карце.У дзіўнай усмешцы скрывіліся вусны палітрука.— Ты думаеш, Васіль Паўлавіч, гэта можна — адпачыць ад вайны?— Паспрабуем,— незадаволена, нібы адчуваючы няёмкасць за сваё жаданне, адказаў Сеўчанка і звярнуўся да Сені: — Прачытайце, Пясоцкі, што-небудзь.Сеня стаў пасярод зямлянкі, падумаў хвіліну і пачаў чытаць, без сарамлівасці, без позы — проста, як па кнізе, крыху нават манатонна: По діброві вітер віе, Гуляе по полі, Край дороги гне тополю До самого долу...Я глядзеў на Сеўчанку. Ён заплюшчыў вочы, і вусны яго ледзь прыкметна варушыліся, мабыць, ён паўтараў словы ўслед за Сенем. Але калі той прачытаў аб тым, што «палюбила чернобрива козака дівчйна», а казак пайшоў на вайну і загінуў, Сеўчанка, відаць,успомніў верш, бо расплюшчыў вочы, вусны яго перасмыкнуліся, як ад болю, ён сказаў вінавата:— Не трэба, Пясоцкі.— А ты хаце ў адпачыць ад вайны,— зноў крыва ўсміхнуўся палітрук.Мне не спадабалася гэтая яго ўсмешка.— Што-небудзь, не такое сумнае,— не адказваючы Лазебнаму, папрасіў камандзір.Сеня задумаўся.— З Шаўчэнкі? — не ведаў ён нічога вясёлага ў таго, хто быў песняром гора і смутку народнага.Нехаця я ішоў сюды, на гэты нязвыклы збор, з хваляваннем, напружана чакаў сваёй чаргі, доўга і пакутліва думаючы, што прачытаць. Вырашыў прачытаць «Курган» Купалы; некалі ў тэхнікуме атрымаў за яго першы прыз. Але ж гэта таксама сумна. Што ж прачытаць не такое сумнае? Я ведаў многа лірычных вершаў — Труса, Уткіна, Галоднага. Але ў той час быццам скразняком выдзьмула іх з маёй галавы — ніводнага радка не мог успомніць.— Вы ўкраінец, Пясоцкі? — спытаў Лазебны.— Не, я жыў на Украіне. З мамай.— Не перашкаджай яму, Мыкола,— папрасіў Сеўчанка.— Хай прыгадае.— Давайце я вам прачытаю Блока і... Ясеніна. Хочаце? — сказаў Віктар, проста, па-свойску, быццам ён не ў афіцэрскай зямлянцы, а сярод сяброў-курсантаў, там, на вучэбнай батарэі.Віктар адышоў да дзвярэй, прытуліўся плячамі да касяка, дастаючы стрыжанай галавой да самай столі, паглядзеў на закапцелую бэльку.