Трывожнае шчасце, частка 3
На вайне ўсё робіцца імкліва. Ужо некаторых маіх сяброў выклікаюць да камандзіра батарэі. У нецярплівым чаканні моцна грукае сэрца і калоцяцца рукі. Ці паклічуць мяне?Паклікалі.Я старанна агледзеў сябе, паправіў рэмень, па ўсіх правілах зайшоў у зямлянку, казырнуў і адрапартаваў выразна і гучна:— Таварыш лейтэнант! Курсант Шапятовіч па вашаму загаду з"явіўся!Само сабой прыйшло жаданне паказаць сябе ў гэтую хвіліну знайлепшага боку, быццам ад гэтага мог залежаць мой лёс, маё назначэнне. Купанаў, маленькі, перацягнуты рамянямі, стоячы каля стала, адказыраў, як заўсёды, прыгожа; ён ніколі не адказваў на прывітанне малодшых няўважліва, абыякавым узмахам рукі, як часам робяць іншыя афіцэры.— Таварыш старшы лейтэнант,— пачуўся збоку голас Сідарэнкі. Не адразу я зразумеў, што да чаго. Ды раптам позірк мой упаўна пятліцы Купанава, і я ўбачыў на іх трэці квадрацік. Не разгубіўся:— Віншую вас...— Дзякую, Шапятовіч,— проста адказаў камандзір батарэі і, наблізіўшыся, дакрануўся пальцам да незашпіленага гузіка на маёй гімнасцёрцы. Вось ліха, заўсёды гэтак здараецца: стараешся-стараешся, а ўсё адно што-небудзь ды не так. Зашпільваючы злашчасны гузік, я ажно спацеў. Камандзір тым часам сеў за стол, зазірнуў у нейкія паперы. Палітрук сядзеў за шахматным столікам збоку (усё гэта адбывалася ў нашым ленкутку) і расчэрчваў аркуш паперы — для нейкага спіса.Я чакаў...Пакутліва доўгая была паўмінута маўчання. Хутчэй бы пачуць прысуд, ад якога, здавалася, павінен залежаць мой лёс!Купанаў узняў галаву, у вачах яго не было ні цеплыні, ні ўсмешкі. Я пахаладзеў, магчыма, ажно змяніўся з твару, бо паглядзеў на мяне камандзір надзвычай уважліва, пранікліва. Я даўно прыкмеціў, што, у процілегласць палітруку, Купанаў не любіць выпрабоўваць людзей псіхалагічна — глядзець у вочы, гаварыць паўнамёкамі, ставіць загадкавыя пытанні. Ён доўга часам думае, што сказаць, але потым гаворыць, быццам камандуе,— рашуча, коратка:— Пойдзеце камандзірам гарматы на другую батарэю. Збірайцеся.— Можаш камандаваць? — спытаў Сідарэнка, не адрываючыся ад паперы.— Дэмакрат ты вялікі, Шапятовіч.Я не адказаў палітруку, не сказаў нават патрэбнага ¦слухаюся» камандзіру. Рушылася мая надзея, і я бяссільна схіліўся пад гэтым цяжарам. Невядома чаму спытаў:— Адзін я?— На гармату адзін. Палітрук запытаў:— Другі — на прыбор?— I на дальнамер.Я страпянуўся і папрасіў горача і шчыра:— Пашліце Пясоцкага, таварыш старшы лейтэнант.Камбат падняўся. Я чакаў, што ён закамандуе: «Кругом!» Але гэтага не здарылася. Палітрук сказаў:— Што гэта ў вас такая гарачая любоў да Пясоцкага?— Ён разумны хлопец.— Разумны хлопец не заўсёды можа быць разумным камандзірам. Сталасці ў яго не хапае. Мамчын сынок!«Няпраўда»,— ледзь не вырвалася ў мяне, але я спахапіўся. Чакаў, што скажа камандзір. Ён прайшоў па зямлянцы, спыніўся каля сцяны, на якой вісела вялікая карта Савецкага Саюза. Хацелася б мне ведаць, што ён падумаў, калі затрымаў свой позірк на карце. Безумоўна, падумаў аб тым, што адбываецца там, на поўдні. Але якім чынам ён звязаў гэтую думку з Пясоцкім? Можа, меў намер паслаць яго туды? Наўрад. Туды будзе накіроўваць не ён. Яму, трэба думаць, далі загад адабраць для свайго дывізіёна лепшых курсантаў, недарма адбор ідзе ў першую чаргу.Купанаў вярнуўся да стала і сказаў разважліва і як бы крыху няўпэўнена: