Трывожнае шчасце, частка 5
Гестапаўцы паспрабавалі падняцца першыя і зноў былі прыціснуты да зямлі аўтаматнай чаргой. Тады і яны адкрылі агонь па кустах з аўтаматаў, карабінаў, пісталетаў.Аляксей Сафронавіч, пераканаўшыся, што Поля і Данік пабеглі і, незаўважаныя, дасягнулі лесу, адпоўз па сухой канаве з кустоў на выган, каб ворагі не абышлі і не захапілі знянацку. Пазіцыя тут была зручная: ён мог страляць ва ўсе бакі. Толькі адступаць няма куды. Ды ён не думаў пра гэта. Турбавала адно, каб немцы не кінуліся ў лес і не пагналіся за дзецьмі, як ён называў у думках і Ленку, і Даніка, і Полю. Усе яны дзеці зямлі, народа, яго дзеці. Ьм ён аддаваў сваю любоў і ласку, іх благаславіў на барацьбу, калі даведаўся, што Данік і Цішка тайком збіраюць зброю, асцерагаў ад неразумных учынкаў, вучыў быць дасціпнымі і хітрымі, звязаў з партызанамі. За іх ён гатовы прыняць смерць.Стала душна. Аляксей Сафронавіч сцягнуў расу, усміхнуўся: «Маскхалат гэты цяпер мне без патрэбы»,— і кінуў расу ўбок. Фашыстам, відаць, здалося, што нехта перабег па канаве, і кулі пачалі ціўкаць там, дзе ўпала папоўская апратка.«О, ты мне яшчэ служыш»,— зноў усміхнуўся вясёлы каваль і пакратаў сваю густую грыву, шкадуючы, што нельга абстрыгчы і гэтую маскіроўку.Пачулася гучная нямецкая каманда. Гестапаўцы як бы пачалі адыходзіць. Не. Гэта — манеўр. Аддаляюцца ўбок і бягуць да лесу. Смела. На поўны рост, бо добра ведаюць дальнастрэльнасць аўтаматаў.«Няўжо даганяюць дзяцей? — з глыбокай трывогай падумаў стары падпольшчык.— Можа, кінуцца наперарэз ім?» Але пайшлі ў атаку паліцаі: пракляццем і пагрозамі начальнику ўдалося падняць іх.Аляксей Сафронавіч падпусціў бобікаў як можна бліжэй і біў кароткімі чэргамі. Трэба эканоміць патроны. IX зусім нямнога — асталося ўсяго два «стручкі».Два ляглі назаўсёды: адзін ненатуральна тыркнуўся носам, калі пераскакваў плот, другі закрычаў, кінуўся назад і... упаў, шырока размахнуўшы рукамі. Гэта падбадзёрыла каваля. А на паліцаяў нагнала такі страх, што, як ні крычаў, ні пагражаў начальнік, ніхто з іх больш не ўзнімаў галавы. Стралялі з вінтовак, зразалі кулямі кукурузу, трушчылі гарбузы і пляцень.Аляксей Сафронавіч не адстрэльваўся. Думаў пра Полю і Даніка, пра малую Ленку, пра Лялькевіча і Сашу. Ці ўправяцца папярэдзіць іх? Каб хто з іх не з"явіўся часам сёння! «Як добра было б, каб усіх папярэдзілі! А Коля... Малайчына! Не памыліўся, значыцца, я ў табе, верыў, што не здрадзіш, не прадасі душу за трыццаць сярэбранікаў, як гэтыя вось, бобікі, што пахаваліся ў градах. Баязліўцы! Што вы не вылазіце? Ага, адзін высунуўся. А мы цябе вось так, сукін сын! Кароценькай! Уся веска, відаць, у падвалы пахавалася ад страляніны. Што гэта? Страляюць з лесу? З кустоў? Ура! Значыцца, не кінуліся ў пагоню, не ўбачылі. Добра! Хочаце абкружыць і ўзяць мяне? Бярыце. Бярыце. Але не вельмі вы спажывецеся... Не вялікая карысць вам будзе ад майго грэшнага цела... »— Ми-ир-ом Го-о-спо-ду-у помо-о-олимся-я! — грымнуў ён дыяканскім басам, апошні раз жартуючы з свайго духоўнага сану. Павярнуўся і пачаў біць па гестапаўцах, якія па адным перабягалі з сасняку ў алешнік. Таксама, здаецца, адзін кульнуўся.«Значыцца, служаць яшчэ мае вочы».Але гэтыя чорныя, як сама смерць, не спыняюцца. Гэта не бобікі. Гестапаўцы стралялі ўжо з алешніку, за нейкія трыццаць крокаў. Кулі ціўкалі каля самай галавы. Адна, дурніца, джыгнула ў руку. Аляксей Сафронавіч адчуў, як набрыняе гарачым рукаў сарочкі. Але страляць яшчэ можна. Ды па кім страляць? Усе пахаваліся. I патроны