Трывожнае шчасце, частка 5

Як цяпер прымусіць Сашу паверыць? Са злосцю падумаў пра Кідалу: жыве, служыць, гад! I нічога з такім не здараецца. ЗагінуўСеня праз яго — панізілі ў званні. Але, відаць, ненадоўга. Такі выкруціцца, пакажа сябе. Часам і бомбу можа вынесці на плячах з пазіцыі. А ўсё адно астаецца падлюгам. Нават жонка яго зразумела нарэшце гэта. «Цяпер я часта думаю і кажу яму: недарэмна ты даў яму па мордзе. I словы твае ўспамінаю, якія ты сказаў у шпіталі...» А тады абразілася. Вось як! Праз год дайшло...«Не соладка табе, Антаніна Васільеўна, раз ты ўспомніла пра мяне, пісьмо напісала, пра сваю бяду захацела расказаць. Я разумею цябе. I па-чалавечы спачуваю. Але чым я магу памагчы? А хто паможа мне? Навошта людзі так заблытваюць свае адносіны?.. »Невядома, колькі часу Пятро прасядзеў так. Каторая гадзіна? Ён не адважваўся чыркнуць запалку, каб глянуць на будзільнік, што прыглушана цікаў у кутку на стале, за кніжкамі. Баліць галава. Можа, выйсці і пастаяць на двары, падыхаць начной прахалодай? Саша, напэўна, заснула.Але раптам ён пачуў, не, не пачуў — адчуў, што Саша плача. Саша плача! Як разанула гэта па сэрцы! Ці не ён некалі кляўся сабе, што праз яго Саша не ўроніць ніводнай слязінкі?Пятро кінуўся да ложка, упаў на калені, правёў рукой па яе валасах, па шчацэ. Шчака мокрая. Але, плакала.Саша адвярнулася. Ён прыпаў вуснамі да яе пляча.— Саша, Сашанька!.. Дурненькая... Ну, чаму ты? Ну, што здарылася? Нельга ж так! Я люблю цябе, люблю, слаўная мая. А ўсё тое — глупства... Слабасць мая... Вось за гэта карай мяне, штоянепаверыў, што ты зразумееш, паверыш... А ты — разумная, ты добрая. I ты верыш мне... Скажы, верыш? Ну, чаму ты маўчыш? Ну, закрычы, ну, удар! Выгані прэч, калі лічыш, што я нягоднік. Але не маўчы. Ну, нельга ж так, нельга! Я шкадаваў цябе і таму не сказаў, што бачыў яе, гэтую Тоню. Але як бачыў!.. Ты паслухай, я ўсё раскажу... Усё.— I так, стоячы на каленях, цалуючы жончына плячо, шыю, задыхаючыся ад хвалявання, ён расказваў яшчэ раз эпізод са ўзводам МЗА, з уратаваннем дзяўчыны, але цяпер ужо ўсё да канца — сустрэчу з Тоняй, кароткія размовы з ёй, усё па шчырасці — так, як толькі што прыгадаў.Саша маўчала. Не паварушылася нават.— Ну, чаму ты маўчыш? Скажы — верыш, што я расказаўпраўду?Яна маўчала.— Не верыш? — I, як таму хлапчуку, якога пакаралі не за яго віну, Пятру стала так шкада сябе.— Не верыш, значыцца?Заварочалася Лена, паклікала маці.Саша паправіла на малой коўдру.— Спі, мая маленькая, спі.— I сказала яму спакойна, быццам нічога і не здарылася:— Разбудзіш дзіця. Кладзіся спаць. Табе можна валяцца да васьмі, а мне рана ўставаць...I зноў ён сніў свой мост.Мост быў амаль што гатовы — высокі, доўгі. Не хапала аднаго пралёта, ад таго, высокага дняпроўскагаберага. Вялізарны плывучы кран нёс гатовую ферму — аснову апошняга пралёта. Ён, Пятро, стаяў на быку так высока, што кружылася галава, калі глянуць уніз, дзе бурліла, пенілася рака. Ён махаў рукамі, паказваючы кранаўшчыку, як найлепш падвесці і пакласці ферму. А кранаўшчык — Панас Грамыка, ён скаліць зубы, яны і здалёк блішчаць на яго цыганскім твары. Чаму смяецца? Не верыць, што ён, Пятро, усё-такі дабудуе свой мост?Ды вось Панас нешта закрычаў, паказвае рукой угору. Пятро падняў галаву і ўбачыў, што ферма павольна апускаецца на яго. Але не спалохаўся. Спалохала іншае: гэты вар"ят Грамыка ўзлез на доўгую стралу крана і бяжыць па ёй над безданню. Навошта? Хоча ратаваць яго, Пятра? Але ж яму нічога не пагражае. Сарвецца. Вось-вось сарвецца. У Пятра замерла сэрца.