Трывожнае шчасце, частка 5

погляды на жыццё.Гісторыю Старажытнага Егіпта і Грэцыі ведалі вучні, мякка кажучы, дрэнна — усё выветрылася з галоў. Але затое гісторыю вайны, якую перажылі самі, ведалі лепей, чым многія дарослыя. Каб інспектар-фармаліст паслухаў некаторыя з Пятровых урокаў у гэтым, шостым, класе, то, бадай, настаўніцкая кар"ера яго на гэтым і скончылася б. Часам урокі гісторыі ператвараліся ў агульную дыскусію пра вайну, пра жыццё, ва ўзаемныя расказы пра фронт і партызан.Настаўніцы, якія вялі ўрок у суседнім класе, не раз скардзіліся Пыльскаму, дырэктару, і той збянтэжана і далікатна рабіў заўвагу:— Пятро Андрэевіч, зноў у вас у шостым было шумна.— Было, Казімір Паўлавіч, было,— пакорліва згаджаўся Шапятовіч на здзіўленне настаўніц, якія звычайна ўпарта аспрэчвалі кожную заўвагу ім. Хоць хутка яны перасталі здзіўляцца, Пятро сам пачуў аднойчы іх размову: «Яму — што, партызан, франтавік, сакратар, з Лялькевічам у адным атрадзе быў... Каго і чаго яму баяцца?»Патроху Пятро зацікавіў сваіх вучняў і гісторыяй Грэцыі — тады, кал і сам, як кажуць, з галавой акунуўся ў інстытуцкі курс, пазнаёміўся з дзівоснай міфалогіяй і ўвогуле захапіўся гэтай навукай.Але, акрамя гісторыі, прыйшлося яму выкладаць яшчэ адзін прадмет. Усе адмовіліся ад нямецкай мовы, і ўрокі яе гвалтоўна, рашэннем педсавета, аддалі яму. Пятро адразу разгадаў змову настаўніц: маўляў, гісторыя — што, гісторыю любы зможа выкладаць, асабліва калі ў цябе добра падвешаны язык, а вось паглядзім, як ты без педагагічнай адукацыі будзеш выкладаць мову, ды яшчэ замежную. Ён, хоць і разгадаў гэта, не стаў спрачацца: мову дык мову! Ведаў у яго было ненамнога больш, чым у вучняў, бо вучыў ён нямецкую толькі некалі ў сёмым класе (у тэхнікуме замежнай мовы ў той час не выкладалі). Але будучы ў Германіі, вывучыў сотні дзве-тры бытавых слоў. Гэта акалічнасць і дала падставы педсавету зрабіць яго школьным «немцам». Праўда, дзеці ні разу не назвалі яго так, а заўсёды, у тым ліку і перад урокамі мовы, крычалі: «Гісторык ідзе!» Пятра радавала такая іх тактоўнасць.Да ўрокаў гісторыі ён рыхтаваўся з прыемнасцю і выкладаў з задавальненнем, праца давала радасць. Нямецкая мова была пакутай.У гэтым шостым «Б», да якога меў асаблівую прыязнасць, Шапятовіч адразу і шчыра прызнаўся:— Ведаю я нямецкую мову ненамнога больш, чым вы. Вучыць будзем разам.Ён чакаў, што ўбачыць на тварах скептычныя ўсмешкі ў адказ на сваё прызнанне. Не. Ніводнай ухмылачкі — сур"ёзнасць незвычайная. Толькі раптам падняўся Сяргей Салодкі — самы аўтарытэтны вучань, партызан, у атрадзе цэлы год быў, і хрыплым басам (голас ламаўся) спытаў:— Пятро Андрэевіч! А на чорта нам гэтая мова?Пятро на міг разгубіўся. Ён зразумеў нянавісць дзяцей, не, не дзяцей ужо — юнакоў, дзяўчат — да ўсяго нямецкага. Добра, што пасада камсорга і цікаўнасць яго далі мажлівасць там, у Германіі, пазнаёміцца трохі з гісторыяй краіны (можа, тады і ўзнікла яго жаданне пайсці на гістарычны факультэт), з рэвалюцыйным рухам, трошкі з літаратурай — Гётэ, Шылер, Гейнэ, Генрых Ман... I ён увесь урок горача, з натхненнем, якое само па сабе не магло не захапіць вучняў, расказваў ім пра нямецкі народ, пра культуру, якую народ гэты стварыў. Словам, расказваў так, што здавалася, нават самога сябе пераканаў, ва ўсякім разе, паверыў: вучні зразумелі, што фашызм — гэта адно, а народ ёсць народ, і мову яго трэба шанаваць, як мову кожнага народа. Але калі ён зрабіў паўзу, Таня Нізавец, самая ціхая дзяўчына ў класе, выдатніца, нясмела, зусім па-дзіцячы падняла руку. Атрымаўшы дазвол, спытала: