Трывожнае шчасце, частка 5

Трэба звязацца з партызанамі, каб яны неяк забралі яго... Ты павінна пайсці і адшукаць іх.— Марыя Сяргееўна!.. — устрапянулася Саша. Ёй зрабілася страшна ад думкі, што, толькі знайшоўшы, яна зноў пакіне Пецю ды яшчэ ў такім стане, калі побач стаіць смерць... Ён нават не даведаецца, што яна прыходзіла з любоўю і вернасцю, і будзе пакутаваць... Не, яна застанецца тут, пры ім! Яна нікуды не пойдзе! Не можа пайсці!— А чым ты паможаш яму? Сваімі пяшчотамі? — сурова спытала Марыя Сяргееўна.— Яшчэ выкрыеш нас... Не, табе трэба ісці!«Трэба расказаць ёй усю праўду пра Лялькевіча і пра Пецю. Цяпер можна. Гэта не будзе парушэннем клятвы, бо яна наш чалавек, можна лічыць — член нашай арганізацыі!» — падумала Саша.— Мне здаецца, крызіс мінуў... Спачатку ён ляжаў так, што я баялася гэтага шоку. А ўчора пачаў трызніць. А гэта добра. Клікаў цябе, Сеню. Тады ў мяне бліснула здагадка... Лаяў нейкага Лялькевіча. Чакай. Няўжо Уладзіміра Іванавіча? Ён таксама недзе ў партызанах.У мінулую восень наведаўся неяк уначы да мяне, прасіў медыкаментаў... Абяцаў, што будзе заходзіць, але больш не з"яўляўся. Саша больш не вытрывала:— Марыя Сяргееўна, я ўсё раскажу... Даруйце, што таіла ад вас дагэтуль.Урач выслухала моўчкі, не праявіўшы ні здзіўлення, ні залішняй цікаўнасці, толькі ў канцы ўздыхнула і сказала:— О Божа! Як яна наблытала, вайна! А яго маці ляжала ў мяне ў бальніцы і кожны дзень плакала — дзе Валодзя? Можа, і мой Сеня дзе-небудзь побач. Такая вайна!— Цяпер вы разумееце, што мне трэба застацца, каб ён убачыў мяне... Гэта п ам ожа яму...— Баюся я за цябе.— Марыя Сяргееўна, ды я без вас і кроку не ступлю. Клянуся! Урач задумалася.— Добра. Я скажу фон Штуме, што папрасіла цябе памагчы мне, пакуль будзем перабірацца ў баракі. Будзеш мыць бялізну...— Усё-ўсё буду рабіць. Любую работу, абы...— Ты ведаеш, што мы зробім? Пераліванне крыві. Адна я не магла. У цябе якая група?— Другая.— Мы не ведаем яго групы. Няма сывараткі. Возьмем маю. Я — універсальны донар.Саша не знаходзіла слоў, каб выказаць удзячнасць гэтай жанчыне, якая ратавала Пецю. Цяпер у яе з"явілася цвёрдая ўпэўненасць, што Пеця ўратаваны. Яна не думала пра тое, як выбрацца адгэтуль, з небяспекі, якая штохвілінна пагражае ўсім ім. Адзін неасцярожны крок, адно чыёсьці слова — і смерць. Нельга ні на секунду забываць пра гэта!Аднак, калі яны вярнуліся назад да бальніцы, Саша не вытрымала: вачамі, позіркам папрасіла Марыю Сяргееўну дазволіць глянуць на яго. Тая дакорліва паківала галавой, але пайшла разам з ёй у хаціну.Жывы! Хацелася крычаць ад радасці. Саша хутка нахілілася і пацалавала яго ў сухія, гарачыя, засмяглыя губы. I быццам удыхнула пацалункам сілу. Ранены расплюшчыў вочы. Паглядзеў на яе і прашаптаў без здзіўлення і без радасці:— Саша.Так шэпчуць малыя дзеці слова «мама», калі прачынаюцца на момант і пераконваюцца, што маці сядзіць побач.— Пеця!.. Любы мой!Марыя Сяргееўна прытрымала Сашу за плячо, асцярожна адхіляючы. А ранены раптам паварушыў забінтаванымі рукамі, як бы сціскаючы кулакі, і сказаў са злосцю:— Я разбіў яму морду... Сеня... Чуеш? Мне трэба было з пісталета... Вось так... Ах, гад які!Пальцы Марыі Сяргееўны скамячылі Сашыну кофтачку. Урач застыла, чакаючы: можа, ён скажа што-небудзь больш зразумелае пра сына? Але Пятро зморана прашаптаў словы песні:— Пасею лебяду на берагу... Сваю...Саша спрытна мыла падраныя смярдзючыя бальнічныя прасціны і думала, што некалі, калі Пеця захварэў на запаленне лёгкіх, яна прыйшла да яго ў бальніцу і, нягледзячы на забарону галоўурача, сядзела цалюткі дзень. А цяпер Пеця ў больш цяжкім стане, і яна не можа сядзець пры ім, бо ніхто не павінен ведаць, што ён — блізкі ёй чалавек. Самы блізкі, самы родны. А яшчэ думалася пра Ленку. Як там дачка? Ці вярнуўся Уладзімір Іванавіч?