Трывожнае шчасце, частка 5

Пятро таксама маўчаў. Адкінуўся зноў на галлё, глядзеў у неба, бачыў, упершыню вось так увачавідкі, як чысцеў адвячоркавы блакіт. Праз галлё адчуваў разгарачанай спіной, як ад зямлі патыхае амаль яшчэ снегавым халадком. Успомніў частыя напамінкі Сашы: «Беражыся, табе нельга прастуджвацца з тваім прастрэленым лёгкім». Варта падняцца, сесці на пень. Але ніводным рухам не хацелася перапыняць Панаса. Нават не глядзеў яму ў твар — знарок, каб не збянтэжыць.Нічога новага Грамыка не гаварыў. Усё гэта Пятро чуў ужо неаднойчы за тыя месяцы, як вярнуўся з арміі. Ад розных людзей. Нават ад Сашы. Яна часам з гневам выказвалася супроць некаторых «мерапрыемстваў» і асабліва супроць дурноты і амаральнасці асобныхупаўнаважаных. Злосць яе палохала Пятра. Вайна і ў гэтым яе змяніла — раней яна была добрая, мяккая.Праўда, ён, Пятро, ап"янёны радасцю перамогі і жыцця, адбіваў усе гэтыя раздражненыя выкрыкі з лёгкасцю найвялікшага аптыміста. I цешыўся: яго перакананасць, што хутка ўсё наладзіцца, хораша дзейнічае на людзей. I на Сашу таксама — яна весялее ад яго гарачых доказаў і нават, пачуў ён аднойчы, пасля пераказвае людзям яго трапныя думкі.Але ніхто яшчэ не выказваўся перад ім вось так — прадумана, спакойна, доказна. Гэта — не рэпліка, не раздражнены выкрык на сходзе. Гэта цэлая сістэма поглядаў. Па абавязку яму, Пятру, належала пярэчыць шмат якім думкам старшыні. Але ён не мог. Ён раптам адчуу, як разбураецца створаная ім вельмі прывабная карціна бліжэйшай будучыні. Не кажучы гэта адкрыта, Грамыка як бы даводзіў: усё, што гаворыць ён, сакратар, на сходах — тое ж абяцанне «малочных рэк», якія нібыта пацякуць ад таго, што будзе добра збірацца попел ці фекалій. Пятра агарнула незразумелая трывога. I смутак. Можа, смутак з"явіўся ад таго, што Панасавы словы пра «неразумный атакі» нагадалі яму адзін выпадак, пра які ён многа думаў.Калі ўвосень сорак трэцяга іх партызанскі атрад злучыўся з арміяй, натуральна, што большасць партызан былі тут жа прызваны ў армію. Адбор ішоў, як кажуць, на вока, пры адным урачу. Пасля, калі Пятро трапіў па спецыяльнасці ў зенітную часць, урач іх палка здзіўляўся: «Які ідыёт прызваў цябе з такім ранением?»Разам з партызанамі з навакольных прыфрантавых сёл прызвалі ўсіх, каму трэба было ваяваць. Акружэнцаў і тых, хто не пайшоў у армію ў сорак першым, у гэтым раёне было нямнога. Большасць — юнакі, што падраслі за ваенныя гады. Пастроілі іх на зборным пункце ў лясніцтве чалавек тысячу. Маёр закамандаваў: «Партызаны! Тры крокі наперад, шагам — арш!» Выйшла сотня чалавек; іх павялі мыцца ў лазню, стрыгчы, абмундзіроўваць. З імі была Марыя Сяргееўна, маці Сені Пясоцкага, яна сама папрасілася ў армію, урачы трэба былі. Праз тыдзень пасля таго, як яны сталі салдатамі, па яе прыехалі з палявога шпіталя. Вярнулася яна праз два дні, смяртэльна змораная, у заплямленай гімнасцёрцы. Пайшоў ён, Пятро, да яе, Марыя Сяргееўна істэрычна зарыдала:«Нельга так — неабвучаных, неадзетых... Палавіна іх палягла там, другая пакалечана. Колькі мы аднялі рук, ног! Навошта гэта? Хіба мала крыві?»Пятро даведаўся: тых хлопцаў, з якімі яны стаялі ў адным страі, праз тры ці чатыры дні паспешлівага навучання кінулі на фарсіраванне Сожа.Пятро, вядома, не мог паверыць, што нехта зрабіў гэта знарок, каб пакараць хлопцаў за тое, што асталіся пры немцах, жылі ў сёлах, не пайшлі ў партызаны. Марыя Сяргееўна пасля смерці сына зрабілася залішне ўражлівая, плаксівая; у атрадзе за кожнага з іх дрыжала, як за роднага сына. I ён лічыў: зрабілі правільна, што неўзабаве яе спісалі з арміі. Не з яе здароўем, не з яе нервамі быць на фронце! З такой яго думкай згаджаецца цяпер і Саша, калі яны часам успамінаюць Марыю Сяргееўну: яна працуе ў тым жа задняпроўскім раёне.