Трывожнае шчасце, частка 5
Сказаў вучням:— Відаць, прыехаў начальнік вышэй за Бога і міністра. Сам Капыл капыляе па маю душу. Пачытайце ціха. Косця! Галавой адказваеш за парадак у класе. Калі Марыя Антонаўна паскардзіцца, што вы шумелі,— крыўдуйце на сябе.Сакратар сельсавета, убачыўшы Пятра, дакорліва паківаў галавой: маўляў, як жа гэта вы так неасцярожна? I гэтак жа таямніча, як Надзя, паведаміў:— Сам Булат. Будзе ўпаўнаважаны на ўсю пасяўную.Поўнае прозвішча начальніка райаддзела НКУС (цяпер ужо МДБ, бо месяц назад наркаматы сталі міністэрствамі) было Булатаў. «Булат» — Пятро пачуў упершыню, здзівіўся і не разумеў, чаму ў старога такія спалоханыя вочы. Бываюць жа ў іх сакратары райкома, заглянуў аднойчы сакратар абкома. Заязджаў нарком земляробства. Няўжо Булатаў вышэй за іх?Пятро ведаў гэтага чалавека. Як ведаў? Больш правільна сказаць: бачыў многа разоў. Капітан заўсёды сядзеў у прэзідыумах пленумаў, актываў, на пасяджэннях бюро райкома і... заўсёды маўчаў — ні разу не выступіў па пытаннях, якія абмяркоўвалі камуністы раёна.У кабінеце Бабкова сабраўся ўжо амаль увесь актыў: Панас Грамыка, Саша Грошык, брыгадзір калгаса, загадчыца хаты-чытальні Каця Прымакова — актывістка ваеннага часу: пакуль мужчыны ваявалі, яна перабыла на ўсіх пасадах; Панас змяніў яе на пасадзе старшыні калгаса.Пятро ішоў, збіраючыся сказаць упаўнаважанаму, што зрываць настаўніка з урока нельга, што сакратар райкома Уладзімір Іванавіч Лялькевіч ніколі гэтага сабе не дазваляе. Але на парозе сумеўся, бадай спалохаўся. Узлаваўся на сябе: адкуль яно, гэтае недарэчнае пачуццё? Армія выхавала, ці што,— боязь вышэйшых начальнікаў? Дык не ж! Да таго ж Крывароцькі, хоць той часам быў даволі круты, ён, Пятро, заўсёды заходзіў не толькі смела, але нават з прыемнасцю: камандзір дывізіёна быў цікавы ва ўсіх праявах свайго характару — добры і злосны, задумлівы і насмешлівы...Пятро сказаў усім па-школьнаму:— Дзень добры. Бабкоў адрэкамендаваў:— Сакратар наш — таварыш Шапятовіч.— Ведаю,— сказаў Булатаў. У яго быў дзіўны голас — ціхі, тонкі, нейкі жаноча-дзіцячы. Пятро падумаў: ці не таму чалавек гэты публічна не выступае. Голас яго ніяк не пасаваў да выгляду — высокі брунет з чыстым, як у дзяўчыны, быццам ні разу яшчэ не галіўся, прыгожым выпешчаным тварам.Булатаў сядзеў за старшынскім сталом, засланым чырвонай тканінай, так бязлітасна заплямленай фіялетавым чарнілам, што чырвонымі на ёй асталіся адны краі, што звісалі. Ён і тут маўчаў, разглядаў прысутных, здавалася, абыякава, як бы сумуючы, але сапраўды, як пасля прыкмеціў Пятро, даволі пранікліва.Гаварыў загадчык райфінаддзела Рабіновіч — распякаў Бабкова і Грамыку за тое, што калгасы не пачалі яшчэ сяўбы.— Слухайце, у вас жа пяскі. На вас надзея была, а вы падводзіце ўвесь раён. Хто дасць працэнт, калі не вы?— Заўтра выедзем у поле,— абяцаў Бабкоў.— Рана. Халодная зямля,— падаў голас Панас.— Таварыш Грамыка! Ты яе мацаў? Халодная — гарачая...— Мацаў. Капаў. Мерзлата. Мой дзед некалі скідаў штаны і садзіўся на зямлю. Так правяраў, ці можна сеяць...— Слухай, Грамыка, табе такі скінуць штаны. Я не хачу цябе палохаць, але я добра ведаю, каму іх скідаюць. Глядзі,— пагразіў Рабіновіч пальцам.— Абрам Навумавіч, не палохай бабу, як кажуць... Ты сеяў калі-небудзь? — з усмешачкай спытаў старшыня калгаса.— Што ты мяне пытаеш? Што ты мяне пытаеш? На што ты намякаеш? Я, можа, больш за цябе сеяў. А ты мне тут пра дзедавы штаны расказваеш! Дзедаўскімі метадамі кіруеш, таварыш Грамыка! Вось пра што падумай!