Трывожнае шчасце, частка 5
I, можа, толькі цяпер, калі даведаўся пра Шапятовіча, пра дзядзьку Аляксея, з якім рыбачыў змалку, Коля адчуў усю глыбіню і шырыню народнага супраціўлення захопнікам. Вось яно як разгортваецца! I якія розныя формы іх дзейнасці, барацьбы!Калі Коля паехаў, Данік схапіў на рукі Ленку і кінуўся шукаць Полю. Яна працавала ў людзей, у другім канцы вуліцы. Малацілі на адкрытым таку. Здалёк было чуваць, як гакалі ў чатыры цапы, нібы ў далёкія, дзедаўскія часы.Убачыўшы Даніка з малою, Поля, якая жыла апошнія дні ў трывозе і страху, адразу адчула, што нешта здарылася.— Поля! Адлучыся на хвіліну. Госці.Яна не спытала, якія госці. Толькі гаспадар незадаволена прабурчаў:— Хто гэта надумаў у такі час у госці хадзіць? Ты ж там, Пелагея, не вельмі баўся... Госці гасцямі, а хлеб сам на стол не прыходзіць.Данік па дарозе, на сцежцы за гародамі, растлумачыў сястры:— Правал, Поля. Прыязджаў Гусеў арыштоўваць Уладзіміра Іванавіча. Хацеў забраць мяне з Ленкай. Мы з Колем Трапашам звязалі яго, ляжыць у хляве. Добра, што ён прыехаў з Колем. Трэба ўцякаць. Зараз жа. Не заходзячы дадому нават...— Божачка мой! — заплакала сястра.— Я так і ведала — не міне нас бяда. Што ж мы рабіць будзем? I хата, і карова... Яны ж спаляць, забяруць...— Што ты пра хату!.. Я вось думаю, як Сашу папярэдзіць. Каб не схапілі яе. Ды і Уладзімір Іванавіч можа вярнуцца. Вось пра што трэба думаць!— Трэба ж забегчы вопратку хоць якую дзіцяці ўзяць ды ежы... Як ты панясеш яе так? Божа ты мой, Божа! Куды ж мы дзенемся? Я так і ведала, так і ведала...Ленка, убачыўшы, што цёця плача, пачала кулачкамі выціраць ё й слё зы і цалаваць і пагражала пальчыкам Дашку: навошта пакрыўдзіў цёцю?— Дам... дам!.. Мама бу-бу... Гэта яшчэ больш разжаліла Полю.Данік не пусціў сястру ў хату. Ведаў: занадта доўга будзе корпацца там і набярэ ўсяго столькі, што не панясеш. Ён прымусіў яе пасядзець з Ленкай у кіяшніку, у канцы гарода.— Я сам вазьму што трэба.— Малака бутэльку налі. Сашына паліто не забудзь... Колькі ты адзін возьмеш?— Не ўздумай ісці, Поля! — сурова загадаў ён.— З-за ануч сваіх можаш дзіця загубіць...Каб даць ёй зразу мець, што сапраўды вельмі небяспечна, ён дастаў з кішэні гусеўскі пісталет і, прыгнуўшыся ў разоры, пайшоў, трымаючы яго перад сабой.Першым чынам ён дастаў у каморы з-пад падлогі нямецкі аўтамат і гранату. Потым сабраў самыя неабходныя рэчы, галоўным чынам для Ленкі.У гэты момант на вуліцы затрашчаў матацыкл. Данік схапіўся за зброю. Свае. Коля і з ім дзядзька Аляксей у папоўскай расе.Хлопец узрадаваўся, што яны вярнуліся: трое — гэта ўжо сіла! Стары паводзіў сябе так, быццам нічога асаблівага не здарылася. Паважна прывітаўся з Данікам, сказаў:— Ну, папярэдзілі ўсіх, Паўлік паляцеў да Толі. Збор на лузе... Выканаем жаданне нябожчыка Цішкі... і — з Богам да сваіх...Да нямецкіх машын дзеці ніколі не выбягалі, нават самыя маленькія адчувалі, што гэта небяспечна. Але на матацыкле прыехаў не немец і не Гусеў, а дзядзька Аляксей, які ніколі не даваў іх у крыўду — заўсёды абараняў, нават перад бацькамі. Таму немаведама адкуль на вуліцу высыпалі дзеці.Аляксей Сафронавіч убачыў іх і пашкроб сваю зарослую патыіліцу. Паклікаў Колю. Шапнуў яму:— Ідзі, зрабі так, каб матор роў на ўсю іванаўскую.Той пачаў разварочвацца, звярнуў з каляіны і «забуксаваў» у пяску. Дзеці пачалі піхаць матацыкл, галёкаць, смяяцца.Стары накіраваўся ў хлеў. Гусеў убачыў яго, радасна ўстрапянуўся, затузаўся: падумаў, што прыйшоў ратунак. Але поп дастаў з-пад расы пісталет і, нахілўшыся, сказаў: