Трывожнае шчасце, частка 5

— А мы з Ленкай бульбы зварылі. Я пуды два прывалок. Ленка п авячэрала ўжо.— Добра паела, дачушка?— Саша нахілілася да малой, якая падбегла да яе, падолам сукенкі, па-сялянску, выцерла запэцканы тварык.— Добра. А чаго ты так доўга, мама?— Я малачка табе прынесла.— Яна разгарнула газету, наліла з пляшкі.Малая, стоячы пасярод пакоя, трымаючы шклянку абедзвюма ручкамі, прагна і прыгожа піла, струменьчыкі цяклі па барадзе, на сукенку.Саша як бы не бачыла мужа, быццам і не было яго.— Давай вячэраць і мы, Сашок. Яна не адказала.Спачатку ён разгублена прыціх. Але хутка адчуў, што у іт узнімаецца абурэнне: што за дурная мода вось так маўчаць?Баліць табе — скажы, закрычы! Я — тут, я — ёсць і разумею, бачу кожны рух тваёй душы!Можа, і Саша пачула буру, бо раптам падышла да яго і сказала амаль шэптам, але тым шэптам, што гучней за любы крык:— Ну, дарагі мужанёк, я думала, ты ад маладосці ды дурноты нашкодзіў, як кот. Паверыла, што і праўда гэта было раз... Аж — вунь што ты... Ты... ты,— яна задыхнулася,— ты і пасля знайшоў яе...— Яна крута павярнулася, узяла з ложка плацце, выхапіла з кішэні пакамечаны канверт.— На, ад тваёй пэ-пэ-жэ. Чытай! Радуйся! Яна мужа кідае! Ці не да цябе збіраецца прыехаць?Пятро ўзяў канверт, нічога не разумеючы, не здагадваючыся нават, пра каго ідзе гаворка. I почырк яму нічога не сказаў. Але, дастаўшы лісток, не вытрымаў — глянуў на подпіс. Тоня! Адкуль яна ўзялася? Як даведалася яго адрас? Ага, на канверце — адрас яго бацькоў. Пісьмо сюды пераслалі яны, бацькі. Зваротны адрас: знаёмая лічба палявой пошты — зенітны полк, дзе ён пачынаў службу і вайну. Толькі тады гэта быў асобны дывізіён, а цяпер — полк.Нічога дзіўнага: там, у палку, адрас яго бацькоў мог захавацца ў справах, у ранцах ці ў памяці былых саслужыўцаў.Ён маланкава, вачамі, у паўзмроку прабег кароткае пісьмо. Нічога асаблівага, ніякага нават напаміну пра іх адносіны. Што ж магло абурыць Сашу? Гэта? «Са Сцяпанам у нас нічога не будзе. Кіну я яго. Афармляю звальненне, паеду да мамы». Ага, вось гэта. «Цяпер я часта думаю (і кажу яму): недарэмна ты даў яму па мордзе. I словы твае ўспамінаю, якія ты сказаў у шпіталі ў Ландсбергу». Але, толькі гэта.Некалі, яшчэ ў партызанскім шпіталі, ён, расчулены, чыстасардэчна прызнаўся пра сваю выпадковую сувязь з Тоняй. Саша слова яму не сказала, параненаму. Але ён бачыў, што ёй балюча было. Помніць, як раптам змяніўся выраз яе твару, вачэй, як прыкусіла яна губу і якая пасля стала — як бы раптам аддалілася ад яго, зрабілася клапатлівай сястрой, міласэрнай сястрой — не больш. Не без уплыву Марыі Сяргееўны яна пазней зноў наблізілася. А так магло здарыцца, што і зусім аддалілася б. У яго ўжо была з"явілася боязь страціць яе.Калі ён зноў пайшоў на фронт, боязь гэтая вырасла ў страх. Саша падагравала гэты страх сваімі пісьмамі. Як бы між іншым, паведамляла: адзін раз пра тое, што заязджаў да яе Уладзімір Лялькевіч, другі— што ў вёсцы, дзе яна цяпер працуе, размясцілася вайсковая часць і многа маладых афіцэраў, трэці — што да гаспадыні, дзе яна на кватэры, прыехаў на пабыўку сын — афіцэр...Толькі вярнуўшыся з арміі, Пятро даведаўся, што паведамленні гэтыя былі пометай яму, можа, не вельмі разумнай і дасціпнай, але інакш іх назваць нельга. Ніякая часць у Грыбаўцы ніколі не стаяла. На кватэры Саша жыла ў жонкі Панаса Грамыкі. Адно толькі праўда— пра Лялькевіча. Ён быў другім сакратаром райкома партыі і, безумоўна, мог прыязджаць. Але ў Пятра ўжо тады, у партызанах, знікла ўсякая рэўнасць да яго.