Трывожнае шчасце, частка 5
Калі ён вярнуўся з арміі, дачка доўга і ўпарта не хацела назваць яго татам. З незвычайнай дзіцячай хітрасцю абыходзілася без зваротку. Яму неяк не ўдавалася заваяваць яе сімпатыю. Гэта таксама засмучала Сашу. Аднойчы яна нават кінула з болем:— Які ты бацька!Гэта пакрыўдзіла Пятра, бо ён любіў дачку, меў да яе вялікую пяшчоту і замілаванне. Бяда толькі, што выказваў іх нязграбна, няўмела, а дзецям, мабыць, трэба знешнія праявы любові, ласкі. Прафесія бацькі таксама нялёгка набываецца. Пералом у іх адносінах адбыўся раптоўна. Пад Новы год ён прывёз ёй з горада маленькія саначкі. Падарунак яна прыняла абыякава. Перавярнула, накрылапалазы хусцінкай, зрабіла «хатку» сваёй адзінай ляльцы — Каці. Але калі ён павёз яе катацца і смела пусціў санкі з высокай гары, дачка завішчала ад захаплення і крыкнула на ўсё поле:— Тата! Шчэ!Можа, сто разоў яна паўтарала гэтае «Тата! Шчэ!», і сто разоў ён, ашалелы ад радасці, абліваючыся потам, цягнуў па слізкай сцежцы санкі на гару, дзе чарнелі рэшткі былога ветрака, і з крыкам і галёканнем, што таксама цешыла малую, пускаў уніз — у стары калгасны сад.Саша расказвала: Ленка, калі вучылася гаварыць, доўга адмоўе «не» ставіла пасля дзеясловаў. «Ленка, хочаш малачка?» — «Хачу не».— «Ленка, упадзеш!» — «Упаду не». А сваю частую просьбу: «Мама, не ідзі нікуды»,— вымаўляла так: «Мама, ідзі куды не». К яго прыезду малой пайшоў пяты год, і яна гаварыла ўжо амаль правільна. Але Пятру так спадабалася яе «не» пасля слоў, што ён сам у размове з ёй, з Сашай жартам пачаў гаварыць гэтак жа. I малая, забываючыся, часта пачала вяртацца да свае ранейшай канструкцыі сказаў. Саша спачатку смяялася, а пасля пачала непакоіцца:— Навучыш, педагог! Смяяцца будуць з дзіцяці. Не кажы так, Лянок. Тата гаворыць няправільна.Ленка следам за маці пачала рабіць яму заўвагі:— Тата, правільна не.Пятро рагатаў. Таму і гэтае «браць не» таксама рассмяшыла. Ленка здагадалася, што ён смяецца, і тут жа выправіла сваю памылку:— Тата, не тлэба блаць.Сказала яна гэта з той мілай дзіцячай інтанацыяй, якая заўсёды выклікае ў бацькоў замілаванне. Пятро прытуліў дачку да сябе, пацалаваў беленькія шаўкавістыя валосікі:— Слаўны ты мой доктар! Але ж нам трэба зварыць бульбачку. Ты хочаш бульбачкі?— Хачу. З жылам.— I каўтнула слінку.А ён, бацька, пасля доўга не мог пракаўтнуць горкі камяк, што стаў у горле, рос, душыў, выціскаў слёзы. Дзіця галоднае, але не плача, не просіць — цярпліва чакае. Гаротныя дзеці вайны!Ленка з неразуменнем і здзіўленнем глядзела на яго: чаму ў таты блішчаць вочы? Спытала:— Ад дыму?— Ад дыму,— усміхнуўся Пятро, адпускаючы дачку.— Што ты набудавала тут?— Сяло. Ета — хата цёткі Гапы, а ета — сельсавет, тут мамчына амбулатолыя, а ета — наш дом.— О, ды ты вялікі архітэктар!Пятро дастаў віламі чыгунок, паставіў на прыпечак, ткнуў лыжкай — ці не гатова бульба? Не, лыжка слізгала паміж бульбін.— Але , Лянок, прыйдзецца табе разбурыць адзін домік. Трэба дровы, каб бульбачка даварылася. Які ты разбурыш?— Магазін. У ім нічога няма. Мукі не, солі не... і кафет не... Пятро зарагатаў:— Правільна, дачка! Разбурым магазін! Усё адно рай сп ажыўсаю з нічога не завозіць нам. Адну гарэлку, ды і тую тройчы разбаўляюць вадой.Нарэшце бульба зварылася. Адцэджваючы ваду, удыхаючы смачны пах, ён разважаў:— Але, ты — архітэктар... Мы маглі б з табой будаваць маеты. Але мама нікуды не хоча ехаць. Прыйдзецца нам займацца гісторыяй. Што ж, гісторыя — таксама навука патрэбная. Каб людзі не забываліся на мінулае.