Трывожнае шчасце, частка 5
«Як яе прозвішча цяпер — Рамашова ці Кідала? На канверце не піша. Я не паспеў тады нават запытаць».Прыгадалася іх апошняя сустрэча. Не, дзве кароткія сустрэчы год назад. Але, было гэта роўна год назад, у пачатку красавіка. Ці не ў гэты ж самы дзень?Дывізію іх на плацдарме за Одэрам змяніў танкавы корпус, тэрмінова перакінуты з Усходняй Прусіі, дзе вайна была закончана. Маршал Жукаў сціскаў магутны браніраваны кулак для ўдару на Берлін. Дывізію, якая панесла на плацдарме немалыя страты, асабліва ад праклятых «фау-2», як бы адводзілі ў рэзерв, на адпачынак у блізкітыл, за нейкія сорак кіламетраў ад фронту,— у горад Ландсберг на Варце. Але зенітны дывізіён не адпачываў. Ён заняў баявыя пазіцыі, каб сцерагчы адпачынак змучаных пехацінцаў. Камандны пункт дывізіёна размясціўся на самым беразе ракі, заняўшы будынак нейкага яхтклуба і суседнюю кірху — пад назіральны пункт.Метраў за трыста, не больш, вышэй па рацэ скаламі з бетону і рэбрамі жалезных ферм вытыркалі з вады рэшткі ўзарванага моста. Ад гэтага шырокага, збудаванага на стагоддзі, гарадскога моста астаўся адзін пралёт ад таго, супрацьлеглага, берага, ды і той трымаўся на пакалечаным быку. I, аднак, нейкі разумнік камандзір не знайшоў лепшага месца, каб размясціць узвод батарэі МЗА,— паставіў яго на гэтым пралёце. Тры «саракапяткі» сваімі доўгімі і тонкімі дуламі, спушчанымі, нюхалі рачную прахалоду. Над імі былі распяты камуфляжныя сеткі. Але ўсё адно ўзвод — як на далоні. Здалёк можна было пералічыць усю прыслугу, якая на тры чвэрці складалася з дзяўчат. На бераг, дзе размясціўся КП яго, Пятровага, дывізіёна, даляталі іх звонкія галасы, смех. А трохі ніжэй ад іх КП над ракой узвышаліся некранутыя фермы чыгуначнага моста. Па ім няспынна грымелі эшалоны.Апынуўшыся на беразе, ён, Пятро, усяго толькі старшына па званню, камсорг дывізіёна, адразу рэалістычна ацаніу абстаноўку, кажучы ваеннай мовай.Немцы агрызаюцца з паветра ўжо рэдка. Але ўсё-такі агрызаюцца. I калі яны наляцяць на гэты гарадок, то, безумоўна, галоўная іх мэта — чыгуначны мост. Пятро ведаў, як нялёгка пацэліць у мост. Заўсёды бывае пералёт або недалёт, бомбы лажацца ўправа ці ўлева. Але ён ведаў не адзін выпадай, калі гэтыя «дурныя бомбы» знаходзілі зусім нечаканую цэль.Карацей кажучы, яго ўсхваляваў лес гэтага дзявочага ўзвода. Камандзір МЗА, пагнаўшыся за найлепшымі «вугламі абзору», паставіў сваіх людзей на верную пагібель. Нават калі не будзе прамога пападання, блізкі выбух разбурыць ужо і так перакошаны, патрэсканы бык, і людзі апынуцца ў рацэ. Ды проста выбуховая хваля — узрыў бомбы перад мостам — можа змесці людзей у бурлівы вясновы паток. А колькі з іх умее добра плаваць? Каб на мосце былі адны мужчыны, можа, ён не так бы занепакоіўся. Дзе на вайне няма небяспекі? Але ён цвёрда трымаўся думкі, што не жаночая гэта справа — ваяваць. Няшчасце прымусіла. Але ж можна ставіць гэтых салдат у спадніцах у такія мясціны, дзе будзе, у выпадку чаго, найменш ахвяр. А тым больш цяпер, калі так блізка канец вайны.Пятро пайшоў да камандзіра свайго дывізіёна капітана Крывароцькі.— Таварыш капітан, маем мы ўжо сувязь з суседзямі?— З гэтымі, з ПВА? — Армейцы, нават зенітчыкі, ставіліся да войск тылавой супрацьпаветранай абароны з некаторай пагардай і іроніяй. — Хутка будзем мець. Цягнуць сувязісты.— Пазваніце вы ім, скажыце, што батарэя на мосце пастаўлена пад першую бомбу.