Трывожнае шчасце, частка 5

Выходзіць, што чалавек усё здужае, зможа, калі любіць, калі ведае, у імя чаго... Мая аперацыя — подзвіг... Я не саромлюся сказаць так... Не ведаю, што будзе далей, але ў звычайных умовах я, бадай што, магла б упэўнена сказаць: я ратавала яму жыццё. Не занесла інфекцыю, гэта галоўнае, і, здаецца, правільна зрабіла ўсё іншае... Ведаеш, пасля аперацыі ён на момант апрытомнеў. Я ўліла яму глыток вады. I ён прашаптаў... Ты ведаеш, што ён прашаптаў? «Дзякую, мама... » У той міг мне здалося, што гэта — Сеня.Марыя Сяргееўна каўтнула і на момант закрыла вочы далоняй, быццам ад сонца. Яна глядзела на ўсход, насустрач сонцу. У Сашы вочы былі сухія, яна слухала моўчкі, толькі часта і неглыбока дыхала ды раз-пораз нецярпліва азіралася на хаціну, дзе застаўся ляжаць Пеця. Ёй здавалася, што ў гэты момант, калі яго пакінулі аднаго, ён можа назаўсёды адысці ад яе. Таму яна баялася нават глыбей дыхнуць, быццам дыханне магло патушыць яго жыццё, як свечку.Марыя Сяргееўна апусцілася на пажоўклую калючую траву, звесіўшы ногі з абрыву. Ёй хацелася не толькі сесці, але легчы. Яна не сказала, што не заплюшчвала вачэй тры ночы, што толькі ўдзень засынала на колькі хвілін, седзячы ў сваім прыёмным пакоі. Добра, што, калі ў бальніцу перабраліся немцы, хворыя перасталі хадзіць. I тыя, што ляжалі і хто здолеў падняцца, стараюцца хутчэй выпісацца. «Далей ад ліха»,— як казала адна жанчына.— Пасядзім трохі.Саша не села. Яна стаяла побач і глядзела на хаціну.— Не глядзі так! Чуеш? Ты выдаеш нас. Мы адпачываем. Ах, як мне хочацца заснуць! Але я не магу спаць. Я стаю на варце, і невядома, хто і калі мяне заменіць...— Я, Марыя Сяргееўна!.. Я, родная вы мая... Цяпер я буду дзяжурыць пры ім,— вырвалася нарэшце ў Сашы. Яна нават памкнулася абняць жанчыну.— Ах не, мой друг! Не тое. Якое дзяжурства! Ведаеш, заплюшчу вочы і бачу яго, таго, што ў яме. У мяне пачынаюцца галюцынацыі. Так, відаць, узнікла вера ў дух нябожчыкаў. Нервы. Так, ён вораг. Але я ўрач. Я ўсё жыццё ратавала людзей ад смерці...Яна глянула на Сашу, убачыла, што тая не ўсё разумее, і пачала расказваць зноў ціхім і роўным, знешне быццам абыякавым голасам:— Я разумела, што не ўратаваць мне яго, калі ён застанецца ў яме. Раненаму трэба паветра і хаця б звычайныя чалавечыя ўмовы, догляд. Перанесці куды-небудзь у іншую хату — пра гэта і думаць няма чаго. Што рабіць? Рашэнне прынёс загад фон Штуме ачысціць бальніцу. Я ледзь выпрасіла ў яго тыдзень, каб падрыхтаваць баракбылой МТС. Ён крычаў: «Я не хачу, каб мне кідалі ў акно гранаты!» Але ён быў упэўнены, што малітвы маці дапамаглі яму застацца жывым... Я сыграла на яго набожнасці. Я перавяла ўсіх іншых хворых у хлеў, у амбулаторыю, а*яго, паліцая, да сябе ў хату. Ён і там ляжаў асобна, у былым радзільным пакоі. Калі яго прывезлі, я жахнулася ад лютасці таго, хто распраўляўся з ім. Яго секлі касой, без касся, відаць, як шабляй. Не было ніводнага жывога месца, больш трыццаці ран... Потым мне расказалі, што гэта зрабіў чатырнаццацігадовы хлапчук: помсціў за маці, якую гэты кат застрэліў... Але я ўрач. Я лячыла яго, вырвала ў смерці... Легка забіць ворага, які страляе ў цябе. А забіць раненага, непрытомнага... Я не магла, не мела права... Але трэба было знайсці выйсце, каб ратаваць чалавека, які помсціў за ўсіх, за народ... Сапраўднага чалавека... На што я спадзявалася? Ні на што. Ды, уласна кажучы, мне было ўсё адно ўжо — адзін адказ... Я пайшла на самае лёгкае, хоць і вельмі рызыкоўнае. Я памяняла іх месцамі. Таго — у яму. А Пятра твайго, нашага Пятра, паклала на яго месца, забінтаваўшы гэтак жа галаву, рукі. .. Ты бачыла. Я было пераканала сябе, што ніхто не выявіў падмены. Наіўная. Можа, і хворыя так паспешліва сёння выпісваюцца, што многія даведаліся? — спытала яна незразумела каго: Сашу ці самую сябе. Пасля паглядзела знізу на Сашу і парывіста паднялася.— Што ж нам рабіць цяпер, мой друг? — і, не чакаючы Сашынага адказу, прашаптала: — Асцярожнасць. Толькі асцярожнасць можа ратаваць усіх нас. Але так не можа цягнуцца доўга.