Трывожнае шчасце, частка 5
Успамін пра Сашу, пра тое, як яна працуе, неяк адразу працверазіў Пятра. Спала п"янаватая ўзнёсласць. Зрабілася шкада жонкі. I хоць было радаснае замілаванне, але стала крышачку сумна.Сашына праца, стаўленне да людзей, да іх гора, нягодаў, адносіны да мужа — усё подзвіг, штодзённы... Каб лепш накарміць дачку і яго — паранена ж лёгкае, і яна, медык, ведае, чым гэта пагражае, калі галадаць,— Саша часам вымушана прымаць ад цётак, якіх лечыць, гладышык малака, галачку масла ці яйка.Ён, Пятро, неяк сказаў ёй:— Няёмка, ведаеш... Скажуць: хабар доктарка бярэ. А доктарка — жонка сакратара партарганізацыі.Саша характэрна закусіла губу, задумліва прыжмурылася і... доўга маўчала. Потым страпянулася і сказала, можа, нават крыху сурова, як чужому:— Не бойся. Твайго аўтарытэту я не зганьбую.А праз нейкі час вярнулася з раённай аптэкі засмучаная. Не далі лякарстваў, бо яна не здала грошы за тыя, якія брала раней, у крэдыт. Пятро нявесела пажартаваў:— Новы сюрпрыз — растрата. Дзе ты падзела сваю аптэчную выручку?— Дзе я магла падзець? Я амаль ні ў каго не брала грошай. Сорамна браць за лякарства. Не магу. Ды дзе яны, грошы тыя, у такіх, як старая Шчурыха ці ўдава Лазавенка? Выдадут» зарплату (зарплату не выдавалі чатыры месяцы) — усё заплачу. Не першы раз.За ўсё яна плаціць.Пятро неаднойчы ўжо думаў, што яго сакратарскі аўтарытэт — гэта, бадай, перш за ўсё павага і любоў сялян да яе, жонкі яго. Бо што ён сам зрабіў за пяць месяцаў? Правёў у вёсках па некалькі сходаў?..Трывожны і, аднак, вясёлы крык драздоў, што, відаць, вілі сабе гняздо ў густым арэшніку, перапыніў Пятровы думКі. Ён прасачыў за іх палётам, убачыў набрынялыя пупышкі на кустах, бяздонны блакіт неба, зноў усёй істотай адчуў вясну, і зноў нейкая дзівосная гарачая хваля падхапіла яго, і ён паляцеў...«Сашок, слаўная мая! Я дам табе сапраўднае шчасце. Пачакай крыху. I дарогу ў гонар цябе збудую. I мост, найпрыгажэйшы ў свеце!.. »Дзіўная мара гэтая з"явілася яшчэ ў сорак другім, калі ён ляжаў паранены ў партызанскім шпіталі і Саша была побач. З незвычайнай сілай захацелася яму тады збудаваць дарогу цераз балота ў Міжрэччы, па якім ён прайшоў двойчы, і мост цераз Дняпро ў тым месцы, дзе перавозіў яго дзед-лодачнік. Пасля, і ў партызанах, і на фронце, у сне і наяве, бачыў ён гэты мост, што будзе збудаваны па яго праекце, найпрыгажэйшы з усіх мастоў, уцалелых і разбураных вайной, якія давялося ўбачыць на рэках радзімы, Польшчы і Германіі.I цяпер, калі жыццё склалася так, што наўрад ці вернецца ён калі-небудзь да дарожнага будаўніцтва, усё яшчэ часта сніць гэты мост; ажурны, лёгкі, ён узнімаецца над крутым берагам, павісае над шырачэзнай ракой — у сне непамерна больш шырокай, чым Дняпро; высокай эстакадай, з ледзь прыкметным ухілам, далека ідзе па лугавым беразе, пераходзіць у шырокую дарогу, якая вядзе... Вядзеяна ў кожным сне ў рознае: то ў казачны край, дзе з неба сыплецца манка, то ў вельмі рэальнае Панізоўе, дзе ён напярэдадні праводзіў калгасны сход і тлумачыў пастанову аб фекальных угнаеннях...Ён расказвае гэтыя сны Сашы, і яны разам смяюцца. А Ленка слухае іх, як казку, і кожную раніцу просіць расказачь сон пра мост.Пятро выйшаў на ўзлесак. Некалі шумеў тут цудоўны бярозавы гай. Яго скасіла вайна. Яна яшчэ і ў гэтую першую мірную зіму ішла— вымушаная вайна людзей супроць лесу. Стаялі адзінокія дрэвы з паламаным галлём. Бярозы, паміраючы, як людзі, хапаліся за блізкіх