Трывожнае шчасце, частка 5
— Ну, Панас, загінаеш,— пакруціў галавой Пятро.— Што гэта на цябе найшло сёння?— Эх, Андрэевіч! Мы з табой адны тут.— Грамыка аглянуўся на сасоннік.Пятро насцярожыўся. Яму не хацелася, каб Панас, якога ён паважаў, верыў у яго цвярозы розум, сказаў нешта такое, чаго камуністу гаварыць не да твару. Можа, перапыніць? Але ж і вельмі спакусліва — выслухаць усе яго думкі.— Загінаю, кажаш? А давай пасядзім і падумаем пачалавечы над усімі камандамі... Ну, якую табе ўзяць для прыкладу? Ну, гэтую самую, што трубім пра яе кожны дзень... Ты падумай... Галоўныя пастановы па падрыхтоўцы да першай пасляваеннай сяўбы — аб зборы попелу і нарыхтоўцы торфафекаліяў. Усё, здаецца, правільна. Без гною на гэтай зямлі нічога не вырасце — кожны ведае. Але хацеў бы я спытаць тых, хто пісаў гэтую пастанову, ці падлічылі яны, колькі можна ўгнаіць яе, зямлю, попелам ды фекаліем? Ды калі я сам буду выграбаць попел з усіх пячурак у зямлянках ды хатах вось гэтых і кожнаму падстаўлю начны гаршчок, як у тых немцаў, то колькі, ты думаеш, можна ўгнаіць? Не трэба быць вучоным, каб падлічыць. Даволі ведаць арыфметыку за чатыры класы. Два-тры, максімум пяць гектараў. А іх пяцьсот ляжыць вунь, задзірванелыя, закусцелыя. I так у кожным калгасе. А мы знайшлі ратунак ад усіх бед — сабраць фекалій. Праводзім нарады ў вобласці, у раёне, сходы ў калгасах... А людзі слухаюць і... смяюцца. Смяюцца, Андрэевіч! У нас на ўсё сяло тры прыбіральні. А мяне ўжо колькі разоў заслухоўваюць і на сходзе і на бюро, як нарыхтоўваецца торфафекалій. Пракоп Грошык неяк кажа мне: «Дай, кажа, старшыня, два пуды хлеба, пайду вычышчу школьную і сельсавецкую прыбіральні. Начальства цябе не будзе лаяць». Нехта яму ў адказ: «Дарагавата просіш». А ён: «Ды не,нядорага. Вы ж, кажа, чэрці, на ўсё жыццё мянушку прылепіце — «залатар» ці яшчэ горшую... Мне — чорт з ёй, з мянушкай. Але дзецям, дзяўчатам маім ганьба». А пасля, адзін на адзін, Пракоп пытае ў мяне: «Што гэта, кажа, Панас, здзекуюцца з нас, з калгаснікаў, дурнямі лічаць?» Што я мог адказаць? Скажы сыну Лявоніхі, Івану: ідзі ў калгас, будзеш мець добрую працу — нарыхтоўваць торфафекалій. Ён паў-Еўропы прайшоў, гарматным разлікам камандаваў, ордэнаў да пупа навешаў... Я ўжо не кажу пра тое, што я магу паабяцаць яму за такую працу, якую плату. Палачку ў табелі? Колькі камуністаў вярнулася з арміі, а колькі асталося ў калгасе? Я ды Пеця Аўчароў. Ды і той па няшчасці — маці не ўстае з ложка, даканала старую другая пахавальная. З трох сыноў адзін вярнуўся. Вось так, Андрэевіч... Вось табе адзін прыклад «разумнай» каманды... А я не думаю, што няма там разумных людзей, сярод тых, што пісалі пастановы. Ёсць! I ведаюць яны ўсё. I напэўна маглі б прыдумаць нешта такое, ад чаго было б больш карысці, чым ад збору попелу. Няхай бы попел вучні збіралі, а не ўся партыйная арганізацыя раёна мабілізоўвалася на попел. Мабілізуйце нас для ўдару на галоўным кірунку! Толькі пакажыце, дзе яно, месца гэтага галоўнага ўдару, ад якога залежыць поспех на ўсім нашым калгасным фронце. Вы ж генералы. Вам адтуль, з каманднага пункта, відней. Расстаўце вы свае баявыя палкі! I мы табе такі гераізм пакажам! Салдат — ён, брат, добра чуе, нутром разумее, дзе яго вядуць для вялікай перамогі — тады ён і смерці не баіцца, а дзе — на непатрэбную справу хочуць растраціць яго сілы, баявы запал... Былі, Андрэевіч, і на фронце такія атакі — ад таго, што ў нейкага начальніка не зварыла гэтая палявая кухня,— Грамыка кулаком стукнуў сабе па лбе,— ці ад п"янага чаду, ад перапою, ад жадання паказаць сябе, лішні ордэн хапануць... Ты сам франтавік, ведаеш — розныя былі.— Ён з глыбокім смуткам уздыхнуў і змоўк.