Трывожнае шчасце, частка 5
адважылася сказаць праўду:— Але, пан обер-лейтэнант. Я адчуваю сябе дрэнна. У мяне цяжкахворыя, раненыя і вельмі мала медыкаментаў. А таму я не толькі ўрач, але і донар. Я пераліла сваю кроў раненаму паліцэйскаму.— О-о! — з пачцівым здзіўленнем выгукнуў фон Штуме.— Я хачу паглядзець на гэтага героя!Былы начальнік, грубы, але хітры эсэсавец нябожчык Гюнтэр, час ад часу правяраў бальніцу. Гэты чысцюля фон Штуме ніколі не заглядваў і, між іншым, даўно прапаноўваў перавесці яе куды-небудзь далей. Ён даўно закрыў бы яе зусім, але фельдкамендант з нейкіх палітычных меркаванняў не дазваляе закрываць бальніцу і нават патрабуе адкрыць школу.Марыя Сяргееўна спалохалася. А раптам Пятро, трызнячы, скажа што-небудзь лішняе. Ці ўбачыць фашыста і ў гарачцы кінецца на яго? Ці той, у яме, пачне стагнаць? На шчасце, Пятро спаў і паліцай маўчаў. Афон Штуме, адчуўшы пах крыві, зморшчыўся, заткнуў нос надушанай хусцінкай і паспешліва пакінуў хату. Марыя Сяргееўна ішла за ім.— Каб пан обер-лейтэнант даў мне трохі глюкозы, я ведаю, у вашага медыка яна ёсць... Як бы гэта падмацавала мае сілы!Каб адчапіцца ад яе, ён паабяцаў даць глюкозу. Заадно папярэдзіў, што любіць дакладнасць: праз два дні бальніца павінна выбрацца з усіх памяшканняў.Пасля абеду, калі Саша зноў мыла бялізну, якую ёй падкінулі іншыя салдаты, на двары бальніцы з"явіўся стары з мокрай кайстрай. Яна пазнала яго: той сварлівы лодачнік, што перавозіў іх у мінулым годзе і спачатку запрасіў сто рублёў. Вартавы спыніў яго. Ён выцягнуў з кайстры вялікага ліня.— Рыбы прынёс пану начальніку. За ласку яго, што човен вярнулі. Мне ж хоць гіамірай без яго, без чоўна. Во хачу аддзякаваць...Фон Штуме выйшаў сам на ганак. Стары пакланіўся яму. Саша чула іх размову. Афіцэр пільна аглядаў кожную рыбіну і гаварыў:— Ты іст хітры русіш альтэр ман... Як то? Дзед. О, дзед... IX знайт, ты памагай партызан. Я, я... IX знайт... Мой зольдат будзе лавіт цебя... IX буду вешай цебя тут,— ён паказаў на таполю.— Ды няхай я, пан-гаспадзін, не сыду з гэтага месца, калі я бачыў іх у вочы, партызан гэтых. Вось жа набрахаў нехта на старога чалавека.— Вас іст набрахаў?— Кажу, нагаварыў хтось на мяне. Які я партызан! Смех ды грэх. Мне восемдзесят гадоў.Афіцэр паківаў яму пальцам:— Ты ошань хітры... Шляўфукс14...Калі афіцэр пайшоў, загадаўшы салдату занесці рыбу на кухню, стары накіраваўся да Сашы. Здалёк гукнуў:— Дай, маладзічка, вады напіцца. А то, пакуль усцягнуў свае старыя косці на кручу, сем патоў выліў.Саша паднесла яму няпоўнае вядро. Ён падняў яго, закрыўся і глуха сказаў у вядро:— Саша? — глянуў адным вокам, ці кіўнула яна.— Выбірайся, маладзіца, адгэтуль, пакуль ціха. Але дадому не ідзі. Правал. Каля хутара звернеш са шляху налева, у сасоннік, і далей пойдзеш паўз балота. Цябе сустрэнуць.Сказаў, паставіў вядро і паклыпаў прэч.Саша ведала законы канспірацыі і ніводным рухам не выдала сябе. Але як закрычала сэрца: Ленка!Другі дзень Лялькевіч і хлопцы сядзелі на дарогах, што вялі ад Дняпра да Сожа,— пільнавалі Сашу, каб яна не пайшла дадому, не трапіла ў рукі фашыстаў.Адразу ж, як толькі ў атрад з"явіліся падпольшчыкі з Поляй, Ленкай і сумным паведамленнем аб гераічнай смерці дзядзькі Аляксея, Уладзімір Іванавіч папрасіў у Дзеда людзей, каб пайсці шукаць Сашу.Капыткоў недарэчна прабурчаў тады:— Распыляем людзей перад аперацыяй.Уладзіміра Іванавіча, моцна ўзрушанага падзеямі ў вёсцы, смерцю Аляксея Сафронавіча, гэта ўзарвала.