Трывожнае шчасце, частка 5

Капітан з акна другога паверха паглядзеў на злашчасны мост, пакруціў галавой, усміхнуўся ў свае запарожскія вусы.— Але, нейкі дурань высунуў, як блыху на пуп. Шугане— што карова языком зліжа.— I, вялікі аматар пагаварыць пра жанчын, любоўныя справы, жартаўнік, камандзір прыжмурыўся, як кот, і чорцікі заскакалі ў яго вачах.— Клапоцішся пра дзяўчат, старшына? Хопіць іх на нашага брата. Глядзі, пасля вайны па тры на аднаго будзе. Вось будзем мець клопату! — Ён зарагатаў, але, мабыць, адчуўшы, што Пятро не мае намеру жартаваць, сур"ёзна паабяцаў: — Добра, камсорг. Пазваню.Тады Пятро паверыў: пазвоніць; Крывароцька — інжынер, інтэлігент — быў разумны і чулы камандзір. Пасля няшчасця ўсумніўся: ці званіў? Цяпер, асабліва чамусьці сёння, пасля размовы з Панасам, думаў: не, не званіў. Напэўна, разважыў: на якое ліха яму лезці ў справы суседа, з чужой часці, ды яшчэ калі там камандзір вышэйшы па званню? А сам ён, Пятро, хіба праявіў настойлівасць? Мог бы сказаць намесніку па палітчасці, начальніку штаба. Не. Паглядзеў, абурыўся, пахваляваўся, і хоць не забыўся — батарэя ўвесь час была перад вачамі, але скарыўся перад суровасцю і непахіснасцю армейскага закону: ніжэйшы па чыну і званню не мае права ўмешвацца ў загады і распараджэнні старэйшага. Маўчы і выконвай. А калі гэты старэйшы дурань?..Трагедыя адбылася дні праз чатыры. «Ю-87» наляцелі адвячоркам, вось такім жа ясным, па-вясноваму прыгожым. Там, у Германіі, ужо распускаліся дрэвы, зелянела трава. Шасцёрка «юнкерсаў» зайшла з усходу, па рацэ. Разам з бомбамі яны кінулі плывучыя міны, выбухі грымелі доўга пасля таго, як самалёты, рассыпаўшыся ў розныя бакі, уцяклі ці, можа, былі збіты нашымі знішчальнікамі, што тут жа, праз хвіліну, падняліся ў паветра.Ніхто пасля дакладна не мог устанавіць, ад чаго гэта здарылася: пацэліла бомба ці міна ці — был і і такія здагадкі — у быку пакінуты нямецкі зарад выбухнуў ад дэтанацыі... Але ўсе з каманднага пункта іх дывізіёна ўбачылі, як раптам бык асеў, быццам праваліўся праз рачное дно, і ўся тысячатонная аграмадзіна жалезабетоннага пралётаз лёгкасцю драўлянага мастка, рэзка нахіліўшыся, слізнула ў раку. На тым беразе было пуста, ратаваць людзей не было каму. Стаяла нейкая тылавая часць, але паветраная трывога ўсіх загнала ў шчыліны. Праз выбухі бомб і выццё пікіроўшчыкаў даляцелі поўныя жудасці жаночыя крыкі. Над успененай выбухамі вадой замільгалі галовы, рукі. Сціснутая бетонам рака прапускала вясновы паток з шалёнай хуткасцю. Усіх, хто мог трымацца на паверхні, але не меўсілы перамагчы плынь, адразу вынесла на сярэдзіну. Нямногія паспелі схапіцца за парэнчы моста, што тырчалі з вады, падплысці да свайго, блізкага берага.Капітан Крывароцька нават пры дзяўчатах-сувязістках успамянуў усіх святых і грэшных і ўсіх дурняў. Убачыў Пятра — злосна крыкнуў яму:— Напрарочыў, камсорг... душу тваю маць!— Быццам ён, Пятро, быў вінаваты ў тым, што здарылася. I тут жа закамандаваў усім, хто быў на КП, салдатам і афіцэрам: — Хто ўмее плаваць — усе ў ваду! Ратаваць людзей! Бондар! У лодку! Страхаваць і падбіраць! Патоне свой — галаву скручу! Звані суседу. Перадай, што яму пральняй камандаваць, а не палком! Боўдзіла ён!Чалавек дзесяць выскачылі на ўзбярэжную, скідаючы на хаду боты, гімнасцёркі. Ён, Пятро, быў сярод гэтых дзесяці. Ён нават перагнаў усіх. Але ў ваду кінуўся не адразу. Убачыў, як паўз іх рака пранесла дзвюх дзяўчат. Яны апынуліся чамусьці далека наперадзе. Адна плыла ціха, аддаўшыся, відаць, на волю плыні, каб зберагчы сілы, другая няспынна крычала: «Ратуйце!» — і махала рукамі.