Трывожнае шчасце, частка 5
— Трымайся за мяне!Мабыць, адчуўшы ратунак, дзяўчына так абшчапіла яго шыю, што пасля доўга відны былі сінякі ад яе пальцаў. Тут жа да іх падышла гумовая лодка, яе спусцілі тылавікі.У лодцы Пятру зрабілася блага. Ці то здало сэрца, ці — ад таго, што ўбачыў кроў у сябе. Да крыві ён ніяк не мог прывыкнуць: у партызанах аднойчы, калі прыйшлося перавязаць параненых, таксама самлеў.Вярнулася прытомнасць — і ён убачыў над сабой знаёмы твар. Яго перавязвала Тоня Рамашова. Ён адразу пазнаў яе, адразу адчуў, што не трызніць, і спытаў амаль абыякава:— Ты?— Я. Я! Здзіўляешся? Во дзе сустрэліся! Гэта батарэя нашага палка.Пятро ні здзівіўся, ні ўзрадаваўся.— Хто камандуе вашым палком?Яна назвала незнаёмае прозвішча. Значыцца, не Купанаў. Не хацелася пачуць, што так недарэчна выставіў людзей на смерць Купанаў.— Колькі загінула?— Не ведаю.На другі дзень Тоня прыйшла да яго ў шпіталь.Фізічна ён адчуваў сябе здаровым. Але была нейкая душэўная дэпрэсія: не хацелася ні падымацца з ложка, ні есці, ні гаварыць з суседзямі, ні нават думаць. Таму і да яе паставіўся спачатку абыякава:— А-а, ты?Яна адчула гэтую абыякавасць і збянтэжылася:— Я табе мёду прынесла. Сапраўдны, натуральны. Не эрзац. Хлопцы з вулляў выдралі.— Колькі загінула?— Дзевяць.— Яна ўздыхнула.— Дзяўчаты?— Адзін... Камандзір узвода.— Як адчувае сябе тая, што... — ён хацеў сказаць, «што я ратаваў», але асекся: Лека Анечкіна выцягнула сваю адразу, а ён, мужчына,— не здолеў, ледзь сам не ўтапіўся разам з ёй.— Нічога. Ляжыць у нас у санчасці. Маўчыць толькі, як анямелая. Спалохалася. Перажывае...— Маўчыць?Пятро падумаў, што ў яе, мабыць, такі ж душэўны стан, як і ў яго, і яму стала блізкая тая дзяўчына, як сястра. Успомніў, як прасіў яе: «Сястрычка, родная, слаўная мая... »Але дзіўна! — ніяк не мог уявіць яе твар — якая яна? — і пакутаваў ад гэтага.— У іх была любоў з камандзірам узвода. Яго перад гэтым на парткамісіі разбіралі.Пятро задыхнуўся, дзіўна неяк хаўкнуў, рэзка падняўся. Абыякавасць, дэпрэсію змыла хваляй абурэння. Захацелася ўдарыць Тоню за тое, што яна вось так, холадна, спакойна, раўнадушна паведамляе пра гэта: «У іх была любоў... » Але ён стрымаўся і зноў упаў на падушку, закрыў рукамі твар... I раптам з надзвычайнай выразнасцю ўбачыў мокры твар дзяўчыны са смяртэльным смуткам у вачах. «У іх была любоў! У іх магло быць жыццё і шчасце! Жыццё і шчасце! Што яны пакахалі адно аднаго — у тым убачылі крамолу! А што паставілі іх на верную смерць — ніхто не ўбачыў?»— Гэта батарэя майго мужа — твайго земляка і таварыша па вучобе Сцяпана Кідалы...«Што? Што яна кажа?» Пятро адняў ад вачэй рукі. Тоня ўсміхалася, мабыць, задаволеная эфектам ад сваіх слоў.— Сцяпан — твой муж? Яна ўздыхнула:— Цяпер у яго зноў могуць быць непрыемнасці.— Непрыемнасці?! — прашаптаў Пятро і тут жа сарваўся — закрычаў на ўвесь шпіталь: — Ды яго, гада, судзіць трэба! Расстраляць падлюгу! Сам ён нябось не стаў на гэты мост! Вынес бы туды свойКП!..На яго крык павярнуліся ўсе параненыя. Прыбегла сястра.— Што ты шуміш?Абражаная за мужа, Тоня паднялася з табурэткі, сказала, крыва ўсміхаючыся:— А ты стаў страшны. Раней мог толькі ўдарыць. А цяпер хочаш страляць. Бойся сам сябе.Такія былі іх апошнія сустрэчы. Чаму ён не расказаў пра іх Сашы? Расказваў жа, як выратаваў дзяўчыну, нават трохі пахваляўся: во, маўляў, які я герой! А пра Тоню — ні слова.