Трывожнае шчасце, частка 5

Большасць кніг — а іх нямала — ляжала на стале. Стол Саша раздабыла недзе адмысловы — панскі, можа, стогадовы; дзве ножкі яго першы майстра ўпрыгожыў адмысловай мастацкай разьбой, якую моцна папсаваў шашаль, трэцяя — пазнейшай работы, добра абгаблявана таксама нядрэнным майстрам, а чацвёртая — звычайная бярозавая чурка, яе прыладзіла сама Саша — абы стаяў гэты інвалід многіх войнаў. Стол быў гордасцю іх — багацейшы атрыбут мэбліроўкі і прадмет няспынных кпінаў і жартаў.Пятро адсунуў кніжкі, газетай заслаў квяцісты «трафейны» настольнік, каб не запэцкаць. Газеты ён шкадаваў не менш, чым настольнік, яны патрэбны былі яму ў працы. У Сашы не было такой павагі да газет, яна іх бязлітасна драла на свае парашкі. I ў іх часам за газеты былі сваркі. Каб знайсці самы нецікавы нумар, Пятро прагледзеў цэлы стос. У «Звяздзе» на дзве пал осы быў змешчаны праект і апісанне забудовы вёскі на 60 двароў. Нават на паперы веска выглядала прыгожа і прывабліва! Яшчэ дні тры назад ён адклаў гэты нумар, каб выкарыстаць у сваёй чарговай гутарцы ці дакладзе. Ён разважаў: надрукавалі такі праект — значыцца, не ва ўсіх раёнах такая разруха, што людзі ніяк не могуць выбрацца з зямлянак хаця б у якія-небудзь хацінкі, а ёсць мясціны, дзе могуць збудаваць вось такія вёскі, як у газеце,— цагляныя, з чарапічнымі дахамі, з тыповымі гаспадарчымі пабудовамі.Даўшы дачцэ бульбы і наліўшы ў чарапок рыбінага тлушчу, Пятро падсунуўтабурэтку бліжэй да акна, каб яшчэ раз, больш уважліва, прачытаць апісанне праекта казачнай вёскі.Вокан у пакоі было ажно тры, а святла нямнога. Адно акно ўвогуле было забіта, у двух менш за палавіну шыб — састаўленыя з кавалкаў шкла, рэшта ж — пачарнелая фанера і ржавая бляха. Падчас завірухі праз гэтыя шыбы, як іх ні заканапачвалі, ні затыкалі анучамі, на стол намятала гурбачкі снегу. Усю зіму яны спалі на печы. Добра, што печ — руская, вялікая, траім на ёй было зусім прасторна.Ужо даўно зайшло сонца. У дні, блізкія да вясновага ці асенняга сонцастаяння, змяркаецца хутка і непрыкметна. Вокны выходзілі на поўнач і ўсход, і Пятро чытаў павольна, ледзьве разбіраючы словы артыкула. Кажуць, на змярканні часцей за ўсё чалавека агортваюць сумота, цяжкі роздум, трывога. Не, у яго гэта нельга было назваць ні трывогай, ні смуткам. Гэта было нешта зусім іншае, і яму цяжка знайсці вызначэнне. Узнікла такая гама пачуццяў, што ён сам ніколі не здолеў бы разабрацца ў ёй, а тым больш расказаць камунебудзь, нават такому блізкаму чалавеку, як Саша. Адно адчуў выразна: не скажа ён калгаснікам пра тэты сапраўдытакі казачны праект. Няхай чытаюць самі. А яму няма чаго гаварыць. Гэта — той самы попел, тое самае абяцанне малочных рэк, пра якое гаварыў Грамыка.«Ох, Панас, Панас, добры ты чалавек, але гутарыць з табой вось так, з вока на вока і душа ў душу, небяспечна. Можаш ты загнаць вожыка ў мазгаўню».Саша ўвайшла больш імкліва, чым звычайна. Пятро адразу, яшчэ па яе кроках за дзвярыма, у калідоры, адчуў, што яна нечым усхвалявана...Паставіла на падаконнік загорнутую ў газету бутэльку. Скінула сваю адзіную шарсцяную сукенку, што была і за рабочую і за святочную, надзела старэнькую, паркалёвую, кароткую. Зрабілася падобная на дзяўчынку-падлетка: худзенькая, грудзі — два маленькія бугаркі, ключыцы тырчаць. Пятру стала шкада яе. Сэрца сціснулася, зашчымелаад жалю і яшчэ ад здагадкі, што Сашына ўсхваляванасць і такое маўчанне маюць дачыненне да яго. Зноў нейкае непаразуменне. Якое? Хто-небудзь з настаўніц плётку пусціў. Ёсць такія ўдовы-зайздросніцы. Iт чужое шчасце — што бяльмо ў воку.