Трывожнае шчасце, частка 5

Страх, безумоўна, знік, калі ён вярнуўся. Саша — яго жонка, назаўсёды, на ўсё жыццё, і нішто не здолее іх разлучыць! Але боязь, што яна зноў аддаліцца, як тады, перашкодзіла яму прызнацца, што ён меў сустрэчу з гэтай Тоняй яшчэ раз, у Германіі. Баяўся: не паверыць Саша, што ў велізарнейшым чалавечым муравейніку, разварушаным вайной, расстаўшыся недзе ў Мурманску, можна было зусім выпадкова сустрэцца пад Берлінам. Праўда, на вайне былі і яшчэ больш неверагодныя сустрэчы! Чаго не было там! Аднак ці зразумела б гэта Саша? Ці не падумала б, што яны перапісваліся, шукал і гэтай сустрэчы і адбылася яна зусім інакш, у інакшых абставінах? Магла б не выказаць свайго нявер"я, а ўпотай пакутаваць.Бывае «ложь во спасение». А бывае праўда, пра якую лепш змаўчаць. Аж не, няма, відаць, такой праўды. Недарэмна кажа старая мудрасць: няма такой тайны, якая не стала б яўнай. I гэта стасуецца да ўсяго: да палітыкі, дыпламатыі, вайны і да жыцця двух людзей. Лепшая сямейная дыпламатыя — гэта дыпламатыя поўнага ўзаемнага давер"я і бязмежнай шчырасці. Шкада, што многія з нас прыходзяць да гэтай высновы пазнавата.Пятро, разгублены ад нечаканасці, нясмела ступіу да жонкі:— Сашок! Я ўсё растлумачу. Выслухай толькі спакойна... Навошта ўскладняць і без таго нялёгкае жыццё наша?..— Не трэба мне ніякіх тлумачэнняў. Даволі з мяне тваіх казак. Выдумляць ты ўмееш.— Гэта яна сказала ціха, стомленым голасам. Але кал і Пятро, абнадзеены, хацеў узяць яе за руку, рэзка адступіла і гнеўна крыкнула:— Не чапай! Я ненавіджу цябе! Ленка абняла яе калені, захныкала:— Мама! Не свалыся. Я баюся...Саша схапіла дачку на рукі, прыціснула да грудзей, быццам ёй нешта пагражала.— Не бойся, мая маленькая. Я не буду сварыцца. Навошта мне сварыцца? Мы пражылі з табой пяць год і не сварыліся... Ні з кім. Толькі з немцамі. I мы будзем жыць з табой. I ніхто...— I тата з намі. Так, мамачка?Саша быццам прыкусіла язык — больш ні слова. Ужо ўпрыцемку памыла малой ручкі і ножкі і, не вячэраючы, уклалася з ёй на вузкім ложку, на якім, калі злезлі з печы, спалі яны ўдваіх. Дачка спала на ляжанцы.Пятро зразумеў, што цяпер тлумачыць няма карысці, і нічым не парушаў маўклівай вайны. Было да болю, да роспачы крыўдна. З якімі пачуццямі ён нёс гэтую бульбу, з якой пяшчотай гатаваў вячэру — і вось табе, калі ласка. Нейкае недарэчнае і зусім непатрэбнае пісьмо атруціла настрой, сапсавала вечар, які мог бы стаць шчаслівым. Для шчасця не так ужо многа трэба: праца, любоў, дружба, узаемаразуменне і вера, негалоднае дзіця... ну, і самім чыгунок вось гэтай бульбы. Няма нечага аднаго — ланцуг разарваны.Пятро шкадаваў сябе, а яшчэ больш яе — Сашу. З васьмі раніцы да дванаццаці яна прымала ў амбулаторыі, а потым дацямна — візіты. Колькі іх было? Хворых нямала. Інваліды, дзеці.Ён не адважыўся нават запаліць лямпу. Сядзеў на табурэтцы каля стала. Сцямнела. Сціхлі галасы дзяцей на вуліцы і каля рэчкі. Сціх вецер. Усё сціхла. Акрамя яго думак. Калі людзі навучацца рабіць сво-еасаблівую фанаграму — ці як яе назавуць? — мыслення, думак, іх вельмі здзівіць форма крывой. Яна будзе не толькі ламаная, з падзеннямі, узлётамі, яна будзе пакручастая, як казачны лабірынт, як зблытаны маток нітак ці яшчэ нешта больш адмысловае. Яе будзе нялёгка расшыфраваць, гэтую мысляграму. Думкі Пятра скакалі ад Сашы да Грамыкі, з мінулага ў сённяшні дзень ці нават заляталі ў заўтрашні, ад Тоні да бог ведае каго, часам да зусім выпадковых людзей.