Трывожнае шчасце, частка 5

Нешта падобнае ён адчуваў ужо аднойчы, калі зайшоў у хату, дзе жыла сям"я паліцэйскага. Але ж ляснік — не вораг. Бабкоў расказваў, што Лісцік і дзяўчаты яго памагалі партызанскаму атраду. Пятро ўспомніў пра гэта і стараўся перамагчы нядобрыя пачуцці і пранікнуцца той жа сімпатыяй да лесніковай сям"і, як і да ўсіх другіх. Аднак аставацца ў хаце лішнюю хвіліну не хацелася. Ён падняўся:— Дзякую. З першай жа палучкі прынясу грошы. Не думайце...— А мы нічога не думаем, дзілектар.Лісцік пераступіў з нагі на нагу ў сваіх растоптаных валёнках з глыбокімі галёшамі-бахіламі, што склеены з аўтамабільнай камеры,— найвялікшым вынаходствам людзей, разутых вайной. Ён як бы загароджваў Пятру дарогу да дзвярэй. Пачухаў патыліцу, ускудлачыўшы чорныя, без адзінай павуцінкі вал асы пад аблезлай заечай шапкай. Пятро насцярожыўся. Нечага хоча папрасіць? Ну, вось... пачынаецца!.. За кош бульбы захочуць купіць тваё сумленне.— Учора дровы бралі з Сухой Буды. Пляшку «чамяргесу» далі. Агонь, зараза. Паспытаем? Разам жыць, разам рабіць,— прапаноўваў ляснік як бы нясмела, але ў гэтым «разам жыць» былі непрыемная фамільярнасць і грубаватая настойлівасць: маўляў, не ламайся, даюць — пі.Дзіўным словам гэтым — ад чамярыцы, ці што? — называл! ў наваколлі самагонку, якую гналі немаведама з чаго — не са збажыны, не з бульбы — дорага! — аз ягад крушыны, шыпшыны, рабіны, нават, казалі, з хрэну і нейкіх іншых дзікіх карэнняў.Піць Пятру не хацелася. Але хацелася есці. Адразу ўявілася: добрая скібка дамашняга хлеба, што спечаны на дубовым лісце, і скрылёк, няхай хоць танюсенькі, белага сала, якога ён не каштаваў ужо, можа, месяц. Аж галава закружылася ад хлебнага водару — найлепшага ў свеце. Не стрымаўся і спазматычна каўтнуў салодкую сліну.Але ні хлеба, ні сала на стол не паклалі.— Дуня,— сказаў ляснік адной з дачок,— прынясі закусіць.— Чаго? — нараспеў спытала дзяўчына.— Ну... капусты,— буркнуў Лісцік і дастаў з шафкі, прымацаванай у куце над лавай, дзе стаяць вёдры і цэбры, нейкую чорную, відаць, нямецкую пляшку, закаркаваную шматком газеты.«Няўжо і ў гэтай хаце няма хлеба?— падумаў Пятро і не паверыў.— Хітруе, куркуль стары. Хоча і пачаставаць, і беднасць паказаць».Самагонка была мутна-жоўтая, што вясновая вада на дарозе, па якой усю зіму ездзілі на конях, і кіслая, а капуста мяккая, як вата, і прагорклая. Аднак «чамяргес» разліўся па целе прыемнай гарачынёй і прынёс лёгкасць, дужасць, весялосць. Адразу зніклі думкі сур"ёзныя, сумныя. Лісцік напоўніў шклянкі другі раз. Гаварыў ён мала, а еў капусту апетытна, беручы яе з міскі чорнымі пальцамі.Дочкі лесніковы ўсё з той жа цікавасцю разглядалі «доктарчынага мужа». Калі адна з іх падавала капусту, другія зрушылі з месца і перамясціліся ў гэтай вялікай і пустой хаце. I Шапятовіч з хмяльной весялосцю думаў, што ён не можа пазнаць, дзе якая з іх сядзела раней.Ён сказаў:— Чаму дзяўчаты рэдка бываюць у сяле? Сама жаніхі з арміі вяртаюцца.— Адны чобаты на траіх.Напамінак пра жаніхоў ажывіў нявест; здалося Пятру: на міг яны нават папрыгажэлі. Але бацькава тлумачэнне збянтэжыла іх іабурыла. Яны пераглянуліся, твары іх перасмыкнуліся і сталі зноў аскетычна непрыгожыя, як у манашак. Шапятовіч зразумеў: асуджаюць бацьку за скупасць. I захацеў памагчы ім.— Маючы столькі бульбы.. . Ляснік нядобра бліснуў вачамі.— На бульбу гэтую хапае прарэхаў. Сёння ў будачніка каня дагаварыў гарод прысеяць. Дзесяць пудоў, гад, злупіў. А яшчэ — кум.