Трывожнае шчасце, частка 5

Ды раптам чыясьці чужая рука схапіла яе за каўнер пінжака і груба падняла з падлогі.Саша схамянулася, адганяючы чары. Перад ёй стаяла Марыя Сяргееўна. Саша ўбачыла яе твар і жахнулася. КольКі злосці ў вачах, на твары гэтай добрай, ласкавай, з мяккімі рукамі жанчыны! На пабялелым ілбе выступілі кроплі поту, а ніжняя губа пасінела і дрыжыць. Што з ёй? Чаму яна такая? Яшчэ хвіліну назад яна сустрэла Сашу ўзрадавана і прыветліва. Завяла ў прыёмны пакойчык, а сама пайшла да хворых. Саша, нічога ёй не сказаўшы, прыбегла ў хаціну, каб пераканацца ў тым, што расказала Аня.— Гэта... — хаце ла яна растлумачыць.Але ўрач злосна і груба закрыла ёй рот далоняй. А потым узяла пад руку і сказала прытворна-ласкава:— У цябе закружылася галава? Хадзем пагуляем.I пад руку вывела на двор. Павяла міма галоўнага корпуса. Па дарозе прывіталася з нямецкім вартавым:— Гутэн морген, Герман!— Гутэн морген, фрау!— Добрыя хлопцы — салдаты. Яны памагаюць мне. Саша зірнула на яе са знявагай і хацела вырваць руку.Але Марыя Сяргееўна трымала яе даволі моцна. Яна завяла Сашу ў прыбіральню. Хвіліну моўчкі пастаялі там і рушылі далей — у поле. Як бы выйшлі пагуляць над Дняпром.Калі аддаліліся на добрую сотню метраў, Марыя Сяргееўна дастала з кіш эні халата хусцінку, выцерла лоб, вусны і не сказала, а прастагнала:— О Божа мой! Якія вы дурныя, маладыя!— Марыя Сяргееўна! — схапіла яе за рукі Саша.— Гэта Пеця! Мой Пеця...— А ты спакайней,— адхіліла яе ўрач.— Я ведаю.— Ведаеце? — чамусьці не здзівілася, а спалохалася Саша.— I раней ведалі?— Не. Пачала здагадвацца. Учора, калі ён пачаў трызніць... Ён клікаў цябе і... Сеню... Майго Сеню... Тады я знайшла фота, дзе яны разам...— Марыя Сяргееўна! Ён будзе жыць?— Я зрабіла ўсё, што магла. У такіх умовах! Штохвілінна рызыкуючы... Трэці дзень я хаджу над безданню. Я сама не разумею, як трымаюся... А ты... ты сваёй неразумнай любоўю, сваім парывам магла ўсё загубіць... Ты чаму так кінулася туды?Саша расказала пра тое, што пачула ад Ані, і пра тое, як яна ўначы хацела бегчы сюды, але Аня не пусціла да раніцы. Твар у Марыі Сяргееўны зрабіўся шэры. Яна быццам звяла ўся.— Божа мой, як гэта разносіцца! А я была ўпэўнена...— Марыя Сяргееўна! Як ён трапіў да вас?Саша ўся дрыжала. А ўрач не адразу пачула яе пытанне — думала пра нешта сваё. Потым устрапянулася.— А? Як трапіў? — I зноў узяла Сашу пад руку і павяла над самай кручай далей ад бальніцы, на ганку якой стаяў немец.— Я не заснула яшчэ, думала пра Сеню. I раптам выбух. З майго акна было відаць іх расчыненае акно, як яны балявалі... Гэта часта паўтаралася, і мне абрыдла глядзець. Яны нібы знарок расчынялі акно, быццам дражнілі партызан... Я ўвесь час думала, што партызаны калі-небудзь дабяруцца да іх. Святло патухла адразу ж пасля выбуху. Але тут жа ўспыхнуў пажар. Я не выйшла, хоць баялася за хворых. Я добраведала, што ў такіх выпадках лепш сядзець дома. Пачнецца страляніна, пошукі... Дзіўна, што яны нават не пачалі страляць. Так іх ашаламіла... I раптам я ўбачыла яго... На фоне водбліскаў ад пажару... Ён бег па бальнічным двары да кручы. I вунь там... вунь, дзе слуп ад Сенінага турніка... ён зваліўся... Я не сумнявалася, што гэта ён, той, што кінуў гранату... Што мне рабіць? Як памагчы яму? Божа мой! Пакінуць у бядзе такога чалавека? Я ведала, што іду на смерць, што вось-вось яны абшныраць кожны дом, кожны закутак... I ў бальніцы, безумоўна, у першую чаргу. Але я не магла інакш... Я савецкі ўрач... Я выскачыла і зацягнула яго ў сваю хату. Ён быў непрытомны... На шчасце, яны не кінуліся адразу шукаць. Салдаты засталіся без афіцэраў і былі заняты пажарам... Школа згарэла, як куча сухога галля. А потым у іх атрымаўся казус... Немцы абстралялі паліцаяў, якія беглі на пажар цераз гароды, вунь адтуль... Гэта дало мне час, каб схаваць яго. У мяне на кухні пад падлогай яма, куды ссыпаю на зіму бульбу. Я кінула ў яму коўдру, падушку і апусціла яго туды. Адкуль браліся ў мяне сілы! Я несла дарослага чалавека, як дзіця! Шукаць пачалі паліцэйскія... А гэты фон Штуме, ацверазелы, хадзіў следам, ашаломлены, і толькі паўтараў: «Майн Гот». Я не вытрымала — выйшла з хаты, бо яны шнырылі па бальніцы і маглі зачапіць хворых... Яны схапілі мяне і павялі, каб я аказала дапамогу двум салдатам, якія таксама, п"яныя, апякліся... Шукалі яны ў маёй хаце ці не, не ведаю... Але што я перажыла, перавязваючы немцаў! Пры святле пажару я ўбачыла, што левы рукаў майго плацця ў крыві. Я нават не паспела агледзець, куды ён ранены. Але кроў магла застацца на падлозе, думала я. I — уяві! — на мае, на тваё, не ведаю, на чыё шчасце, усё абышлося добра ў тую ноч. Кал і назаўтра прыехала начальства, то разабрацца ім, хто адкуль і куды бег, было ўжо немагчыма... Калі ўсё сціхла ў тую ноч і спалоханыя хворыя патроху супакоіліся, я вярнулася і агледзела раненага. Куля трапіла ў спіну, прабіла правае лёгкае. Я вырашыла аперыраваць... Божа мой! Каб мне раней, да вайны, расказалі, што нейкі ўрач, няхай геній, няхай сам Пірагоў, зрабіў такую аперацыю ў такіх умовах, я, відаць, засмяялася б яму ў твар, назвала хлусам. I мне, напэўна, ніхто не паверыць... У бульбянай яме, пад падлогай, стоячы на каленях, пры святле звычайнай лямпы, прымітыўнымі інструментамі, без патрэбных медыкаментаў... А галоўнае — адна. Прыйшлося рабіць «акно» і рэзекцыю раструшчанай куляй часткі ніжняй долі правага лёгкага. А потым выявілася, што куля прайшла ў грудную поласць і засела ў рабрыне. Прыйшлося рэзаць другі раз. Добра, што ніхто не перашкодзіў... Нічога падобнага я ніколі не рабіла. I цяпер дзіўлюся...